Старонкі творчай біяграфіі Вячаслава Селяха

След, які пакінуў на радзіме выдатны оперны спявак і тэатральны дзеяч Вячаслаў Антонавіч Селях (1885–1976), на жаль, практычна выкраслены. Тыя невялікія звесткі, якія засталіся ў Беларусі, не могуць у поўнай ступені даць уяўленне пра гэтага чалавека, яго ўклад у скарбонку беларускай нацыянальнай культуры. Цудоўны, Богам дадзены голас, талент мастака, магутная працаздольнасць і вялікая любоў да Бацькаўшчыны — якасці, якія паставілі яго ў шэраг першых асоб нацыянальнага мастацтва Беларусі XX стагоддзя.

Вячаслаў Селях нарадзіўся 25 (па некаторых звестках 21) снежня 1885 года ў г. Лагойску Барысаўскага павета Мінскай губерні. У мясцовай пачатковай школе настаўнік, заўважыўшы ў вучня прыгожы і моцны дыскант, музычны слых і навыкі ігры на скрыпцы, уключыў яго ў школьны царкоўны хор. Жывучы пры царкве, В. Селях як псаломшчык на працягу некалькіх гадоў быў вядучым спеваком і прымаў удзел у службах. У 1901 годзе паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Маладзечне. Там іграў на флейце ў семінарысцкім аркестры, стаў першай скрыпкай створанага струннага квартэта. Спяваў у хоры і нават быў рэгентам у царкве. Рэлігійнае выхаванне і веданне законаў царкоўнай музыкі далей прывядуць яго да ўласнай кампазітарскай творчасці. Але ў тыя гады малады В. Селях зрабіў іншы выбар, які і вызначыў увесь ягоны лёс.

Пасля заканчэння семінарыі ён працуе настаўнікам пачатковай школы ў Мегялянах на Віленшчыне, потым у чыгуначнай школе ў Лібаве. У 1907–1910 гг. там жа — у прыватнай гімназіі і рэгентам хору Нова-Аляксееўскай царквы пры вакзале. Ён захапляўся тады выступленнямі Лабінскага, Касторскага ды іншых оперных спевакоў, якія прыязджалі ў тон час у Лібаву. Апантаны нястрымным жаданнем пазнаць таямніцы гуку і авалодаць імі, ведаючы пра свой выдатны голас, ён вырашае вучыцца далей.

Напрыканцы жніўня 1910 года В. Селях прыязджае ў Петраград, дзе паступае ў оперны клас кансерваторыі. Оперным класам кіраваў тады вядомы артыст, педагог, потым галоўны рэжысёр Марыінскага тэатра І. Тартакоў. Пад яго кіраўніцтвам В. Селях і пачаў апрацоўку свайго голасу — драматычнага барытона-баса.

Вячаслаў Селях, выкладчык гімназіі (другі справа), разам з калегамі. Лібава. 1910 г.

Яшчэ ў час вучобы ў кансерваторыі В. Селях спрабаваў свае сілы на прафесійнай сцэне. Тады ў Петраградзе існаваў малады, нядаўна арганізаваны тэатр «Музыкальная драма», якім кіраваў рэжысёр Лапіцкі. У ім і адбыліся першыя крокі В. Селяха на прафесійнай сцэне. Спачатку на другіх ролях, а потым ужо і на больш адказных. Пра гэта ўспамінае вядомы оперны спявак таго часу С.Левік: «Шмат харыстаў і выканаўцаў роляў другога плана пасля года-другога працы з поспехам пачалі выступаць у якасці выканаўцаў вядучых партый. У першую чаргу гэта датычыць сапрана Немчанкі, барытона Селяха, баса Луканіна і інш». Выступаючы сярод артыстаў «Музыкальной драмы», В. Селях выконваў ролі ў операх «Кармэн», «Майстарзінгеры», «Багема» і іншых [1].

У складзе трупы «Музыкальной драмы» ён у 1914 годзе ўдзельнічаў у опернай вандроўцы па гарадах Волгі і Камы, якая зрабілася для яго добрай школай авалодання майстэрствам.

Скончыўшы на «выдатна» кансерваторыю, В. Селях спрабуе сябе ў конкурсе-іспыце, які праводзіўся ў лютым — сакавіку 1915 года ў Марыінскім тэатры. Конкурс быў вельмі вялікі: больш за 300 спевакоў марылі атрымаць запрашэнне ў склад «Марыінкі», аднаго з лепшых оперных тэатраў свету. I камісія тэатра на чале з вядомым дырыжорам Напраўнікам выбрала толькі двух — Селяха і Лебедзеву (лірычнае сапрана). Гэта адзначыў і аўтарытэтны часопіс «Театр и искусство»: «…на апошнім праслухоўванні галасоў у Марыінскім тэатры прыкметна вылучаўся малады барытон В. А. Селях, уладальнік выключнага па дыяпазону і сіле голасу. Па чутках, артыст будзе запрошаны ў склад трупы нашай казённай оперы. В. А. Селях — вучань І.В.Тартакова» [2].

Оперны клас І.Тартакова ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. 1910-1914 гг.

Оперны клас І. Тартакова ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. 1910-1914 гг.

Адразу пасля конкурсу В. Селяху быў прызначаны дэбют на сцэне Імператарскага Марыінскага тэатра — роля Ігара ў оперы Барадзіна «Князь Ігар». Ён вытрымаў яго, як адзначыла прэса, з поспехам [3]. I 29 красавіка 1915 года на асабістым бланку дырэктара Імператарскіх тэатраў Целякоўскага з’явіўся надпіс: «Вячаслаў Антонавіч Селях. Кантракт на год, тысяча пяцьсот (1500 р.), з 1 верасня 1915 па 1 верасня 1916. Целякоўскі» [4]. У гэты ж дзень спявак заключыў кантракт з Імператарскім Марыінскім тэатрам. 3 другога боку яго падпісаў кіраўнік кантораю Імператарскіх тэатраў барон В.Кусаў. Так здзейсніліся мары невядомага сялянскага хлопчыка з беларускага мястэчка Лагойск зрабіцца акцёрам і ўзысці на мастацкі Алімп.

За дзевяць гадоў працы на сцэне Марыінкі спявак развіў свае здольнасці і набыў вялікі вопыт. На сцэну разам з ім выходзілі першыя зоркі оперы таго часу — Шаляпін, Смірноў, Яршоў, Алчэўскі, Ліпкоўская. Рэжысёрамі, з якімі працаваў В. Селях, былі славутыя асобы — Меерхольд, Аленін, а таксама Лапіцкі, Багамолаў, іншыя. Селях выконваў першыя ролі ў операх «Барыс Гадуноў», «Князь Ігар», «Хаваншчына», «Д’ябал», «Рыгалета» і іншых. Крытыкі адзначалі: «… агромністы, змястоўны, добра падрыхтаваны голас, умелая фразіроўка, выразная дыкцыя — станоўчыя якасці п. Селяха…» [5].

У Марыінскім тэатры адкрыліся і яго здольнасці арганізатара і грамадскага дзеяча, якія потым яскрава праявіліся на радзіме. На другім годзе працы В. Селях увайшоў у лік кандыдатаў у мастацка-рэпертуарны камітэт тэатра [6]. А наступным годам В. Селях увайшоў у склад СДО (Савета дзяржаўнай оперы), які з’яўляўся вышэйшым органам самакіравання. Членамі СДО ад артыстаў-салістаў былі Шаляпін, Андрэеў-2 і Яршоў (кандыдатамі — Тартакоў, Андрэеў-1, Бронская) [7].

В. Селях — артыст «Музыкальной драмы». 1914 г.

В. Селях — артыст «Музыкальной драмы». 1914 г.

Падзеі, якія адбыліся ў краіне ў 1917 г., падзялілі грамадства на два лагеры — тых, хто прыняў новую ўладу, паверыўшы ў гучныя лозунгі, і тых, хто адмоўна паставіўся да яе. Такое ж дзяленне прайшло і ў творчых колах. Шмат асоб адразу абралі эміграцыю, не пажадаўшы супрацоўнічаць з бальшавіцкім рэжымам. Сярод тых, хто з розных прычын застаўся і прыняў новую ўладу, быў і В. Селях. Яму нават здавалася, што рэвалюцыя нясе ажыццяўленне сялянскай мары пра сацыяльную роўнасць і справядлівасць. Ён уключаецца ў палітычнае жыццё Расіі.

У 1918 г., у час паездкі да сваёй жонкі ў Сімбірск, ён стаў міжвольным сведкам жахаў грамадзянскай вайны (ваенныя дзеянні вяліся тады ў Паволжы). Прыехаўшы ў Петраград у кастрычніку 1918 г., ён па прапанове наркома Луначарскага амаль адразу рыхтуе трупу артыстаў для паездкі з выступленнямі на фронт, на Урал. Вось урывак з тэлеграмы са штаба 3-яй арміі на імя наркома: «…З прычыны вялікай зацікаўленасці і выключнага поспеху канцэртаў, якія ладзіць ансамбль артыстаў Марыінскага і Александрынскага тэатраў пад кіраўніцтвам артыста Селяха, хадайнічаю аб працягу адпачынку гэтым артыстам…» [8]. Пасля прыезду з фронту камандаванне 3-яй арміі зноў даручае Селяху «…скласці трупу для новай вандроўкі на фронт і ў рабочыя цэнтры Урала…» [9]. Практычна ўвесь сезон 1918–1919 гг. В. Селях правёў у складзе «лятучых атрадаў» артыстаў на Урале, у Пермскай губерні, на Гатчынскім фронце. Найчасцей спяваць даводзілася на адкрытым паветры.

Але нельга думаць, што В. Селях цалкам захапіўся грамадскімі і палітычнымі падзеямі. Перш-наперш ён быў артыст, і гэта была яго асноўная дзейнасць. В. Селях шмат выступае, прымае ўдзел у пастаноўках новых спектакляў. Адной з апошніх, падрыхтаваных да выканання ў Марыінскім тэатры, была роля Пятра ў «Варожай сіле» Сярова (1920). Рэжысёрам быў сам Ф.Шаляпін, які выконваў адну з галоўных партый — Яромкі.

У партыі Барыса Гадунова. 1917 г.

У партыі Барыса Гадунова. 1917 г.

Даволі цікава ўспамінае пра той час Вера Качан з Аўстраліі, жонка Антона Качана, разам з якім В. Селях заканчваў Маладзечанскую семінарыю. Яе жывая замалёўка дае ўяўленне пра характар, прэм’ерскія звычкі артыста, пра стаўленне да сваёй працы. «… хутка пасля рэвалюцыі, у канцы 1918 ці ў 1919 годзе мой муж сустрэў Селяха ў Пецярбурзе: ён ішоў са сваім акампаніятарам дамоў. Селях расказваў шмат і цікава пра сваю оперную кар’еру, пра дружбу з Тодарам Шаляпіным, які яму аднойчы сказаў: «Помни, Селяшка, когда я уйду, только ты сможешь меня заменить».

Праз некалькі тыдняў пазьней Селях даваў канцэрт у Гатчыне ў летнім тэатры. Нам пашчасьціла дастаць білеты ў першым радзе. Селях убачыў нас са сцэны й пакланіўся. У аднэй з лёжаў, блізка сцэны, чулася гучная гутарка. Селях перастаў сьпяваць, затрымаў рукой аркестру, падышоў бліжэй да месца, скуль чуўся гоман, і спытаўся: «Я, здаецца, вам перашкаджаю?» і пайшоў са сцэны. Дырэктар тэатра навёў парадак, і толькі тады Селях вярнуўся, каб працягваць канцэрт [10].

У кастрычніку 1924 года В. Селях вяртаецца на радзіму. Ён прымае прапанову Ігнатоўскага, які ўзначальваў тады Інбелкульт, выкарыстаць свой вопыт і талент для развіцця беларускай культуры, дапамагчы ў падрыхтоўцы прафесійна адукаваных кадраў у музычна-тэатральнай галіне. У тыя часы прыцягненне беларусаў, якія рэалізавалі свае здольнасці на ніве рускай культуры, для ўздыму нацыянальнай творчасці было адным з прыярытэтных накірункаў культурнай палітыкі беларускага ўрада. Здольнасці В. Селяха як арганізатара, не кажучы ўжо пра сцэнічнае майстэрства, былі вельмі патрэбныя маладой рэспубліцы. Паводле прызнання вядомага ў той час тэатральнага дзеяча і крытыка Ю. Дрэйзіна, у Мінску тады было ўсяго «120 прафэсіяналаў музыкі» [11] (спевакоў, музыкантаў, артыстаў, кампазітараў і г. д.). Вопыт такога майстра, як В. Селях, быў вельмі патрэбны.

Прыехаўшы ў Мінск, ён адразу кінуўся з галавою ў працу, узначаліў музычную падсекцыю ў Інстытуце беларускай культуры (19241929 гг.) і заняў пасаду выкладчыка опернага і харавога класа ў Мінскім музычным тэхнікуме (19241928 гг.).

Вядома, немагчыма казаць пра адраджэнне нацыянальнай культуры, не ведаючы яе каранёў, яе вытокаў. Нельга спадзявацца на тое, што без асэнсавання гісторыі народа, без пэўнай прапаганды культуры яго мінулага з’явяцца добрыя сучасныя нацыянальныя творы. Знаходзячыся на пасадзе кіраўніка музычнай падсекцыі ў Інбелкульце, В. Селях добра гэта разумеў, таму і вырашыў прывабіць найбольш знаных творчых дзеячаў, накіраваць іх здольнасці ў гэтае рэчышча.

«… Прыступіўшы да працы, я зрабіў колькі нарадаў з асобамі, якія мелі тое ці іншае дачыненне да беларускага мастацтва. Удзел у гэных нарадах даволі актыўна ўзялі спсп. Антон Грыневіч, ведамы ўжо тады зьбіральнік беларускіх мэлёдыяў і народных фальклёрных песняў, Тэраўскі — кіраўнік зарганізаванага ім хору, піяніст Ягораў, кампазітары Аладаў і Шнітман. Абодва апошнія былі ўжо запрошаныя выкладаць тэорыю музыкі й тэорыю кампазыцыі ў новым, толькі што адчыненым Музычным тэхнікуме. На гэтых нарадах было пастаноўлена, што музычная сэкцыя павінна складацца з дзьвух камісіяў: камісіі зьбіраньня й вывучэньня народнае песні й музыкі й камісіі вывучэньня беларускага народнага танцу. У сувязі з гэтым на кіраўніцтва камісіі песьні я запрасіў кампазітара-этнографа Прохарава, а на кіраўніцтва камісіі танцу — балетмайстра сп. Шчарбініна. Ён быў ужо ведамы як знавец танцавальнага фальклёру розных народаў — украінскага, польскага й расейскага» [12].

Намаганні В. Селяха далі свой плён. Так, было гарманізавана шмат беларускіх народных песняў, сярод якіх «Ой, рана на Івана», «Маладая дзяўчынанька», «А ў бары, бары», «Ой, ляцелі гусі», «Як у полі» і іншыя, а таксама агульнавядомы народны танец «Крыжачок».

«… Беларускае музыкі няма яшчэ, але яна будзе, яна павінна быць, бо ўжо ёсьць неабходныя ўмовы для яе ўтварэньня: ёсьць працаўнікі, ёсьць жаданьне працы, ёсьць свабода і магчымасьць гэтае працы, а што важней за ўсё: ёсьць добрая, вельмі добрая аснова для музыкі — агульная музычнасьць беларускага народу і яго прыгожая песьня…» [13] — пісаў у тыя гады музыказнаўца Ю. Дрэйзін. Так ці амаль так разважаў і В. Селях. Вядома, што не ўсе дзеячы беларускай музыкі станоўча паставіліся да гэтага. Былі і тыя, хто вырашыў ісці сваім шляхам, але гэта ўжо не магло як небудзь сур’ёзна паўплываць на кірунак, які вырашылі ўзяць творчыя дзеячы ў развіцці музычнай культуры Беларусі.

У той час у Мінску былі два «цэнтры» падрыхтоўкі оперных кадраў — музтэхнікум і БДТ-1. У БДТ-1 сумесна з опернай трупай існавалі яшчэ балетны і драматычны калектывы. На сцэне тэатра ўжо ішлі пастаноўкі з удзелам хору, аркестра і балета. Да іх ліку можна аднесці спектаклі «Машэка» і «На Купалле». «На Купалле», як музычна-драматычны твор, лічыўся спробай стварэння музычнай драмы, ад якой было недалёка да ўзнікнення сапраўднай оперы.

В. Селях, працуючы выкладчыкам опернага і харавога класаў у Мінскім музычным тэхнікуме, звяртаў вялікую ўвагу на падрыхтоўку прафесійных оперных спевакоў, якім перадаваў класічную культуру сталічнага тэатра і высокія патрабаванні да прафесіі. Сярод яго вучняў былі Пiгулеўскі, Няборская, Ашкіназі, Т.Баначыч, Архіпаў і іншыя. Некаторы час у В. Селяха вучылася вакалу Л.Александроўская (у будучым народная артыстка БССР і СССР), якая ўспамінае настаўніка ў сваіх пакуль не апублікаваных мемуарах. Займаючыся з вучнямі, В. Селях не забываў і пра ўласнае майстэрства спевака. Ён быў яшчэ ў вельмі добрай прафесійнай форме і, маючы выдатны голас, даволі часта спяваў на сцэне. В. Селях выступаў па два, тры, а то і болей разоў на месяц. У рэпертуары яго канцэртных праграм былі творы Грачанінава, Рахманінава, Шуберта, Глазунова, Леанкавала, Грыга, Сібеліуса і іншых кампазітараў, якія гучалі на беларускай, рускай, яўрэйскай мовах.

У партыі Гразнова («Царская нявеста»). 1917 г.

У партыі Гразнова («Царская нявеста»). 1917 г.

«…А Селях быў, бясспрэчна, „в ударе“, і цяжка сказаць, што ў яго лепей было, бо ўсё было добра. Трагічна гучаў раманс Сібеліуса („Шчасьце зноў не прыйдзе“), поўны пяшчоты быў раманс Грыга „Кахаю цябе“, шмат бадзёрасьці было ў „Паляўнічым“ Грыга, і глыбокім сумам быў прасякнуты „Апошні рэйс“ Альнеса», — пісаў у водгуку на канцэрт крытык пад псеўданімам «Строгі» [14].

Атрымаўшы выдатную тэатральную школу, В. Селях на сцэне заўсёды заставаўся акцёрам, а не толькі выканаўцам. Яго тэатральнай натуры было цесна ў межах стрыманых канцэртных паводзін. Усім — жэстамі, мімікай, раптоўным рухам — марыінскі прэм’ер разбураў стэрэатып спевака звыкла-нерухомага, сканцэнтраванага толькі на мелодыі, «спевах ля раяля». Гэта проста не магло застацца не заўважаным крытыкай: «… сьпявачка Несьцярэнка і сьпявак Селях свае партыі ў оперных урыўках правялі з непараўнаным хараством. Яны захапілі слухачоў як поўным шчырага драматызму выкананьнем, так і прыгожымі галасамі. Гэта — праўдзівыя мастакі, якія добра разумеюць і выяўляюць намеры кампазітара, наколькі гэта магчыма зрабіць у канцэртным выкананьні. Асабліва Селях увесь час імкнуўся ня толькі пець, але і іграць, і празаічны сурдут надта яму перашкаджаў» [15], — пісаў Ю. Дрэйзін.

У той час у Беларусі сваёй оперы яшчэ не было і пытанне пра яе стварэнне лунала ў паветры: «… Беларуская нацыянальная ўласная опэра тагды зьявіцца і запануе хутка, непараўнальна хутчэй, чымся гэтае наглядалася ў гісторыі расейскае опэры, бо існаваньне нацыянальнае опэры ёсць адзін з самых неабходных элементаў разьвіцьця нацыянальнае беларускае культуры наогул, мы маем ужо такіх кампазітараў, якія і па таленавітасьці і па музычнай адукацыі стаяць непараўнальна вышэй, чымся расейскія кампазітары XVIII і пачатку XIX стагодзьдзяў…», — лічыў Ю.Дрэйзін [16].

Разумеючы гэта і сам хварэючы душою за оперу, В. Селях меў свой погляд на шлях яе стварэння: «…стварыць опэру як музыкальную драму ў шырокім сымфанічным выглядзе, узяўшы за аснову нацыянальную беларускую народную творчасьць, мэлёдыю, танец і быт. А пакуль свайго арыгінальнага няма — ёсьць сэнс пачаць з перакладнага, як аб гэтым кажа гісторыя опэры і ў Расеі, і ў Нямеччыне, і ў Латвіі, і ў Польшчы, і г. д. Само ўжо стварэньне опэры зьявіцца галоўным штурхачом да таго, каб як мясцовыя, так і іншыя музычныя сілы з большаю ахвотаю ўзяліся-б за пісаньне беларускай опэры» [17].

Ад разважанняў пра нацыянальную оперу да яе стварэння-вялікая адлегласць. Патрэбны ўмовы, сродкі, выканаўцы (спевакі, хор, аркестр) і г. д. У гэтай справе не павінна было быць дробязяў. В. Селяху трэба было падрыхтаваць і аб’яднаць мастацкія сілы для стварэння беларускай оперы. Адным з першых яго крокаў было стварэнне добрага харавога калектыву, без якога немагчыма ажыццявіць мэту. У жніўні 1926 года В. Селях арганізуе харавы студыйны калектыў з 36 чалавек, куды быў далучаны па прапанове Галоўпалітасветы, хор Галубка з 30 асоб. Ён становіцца галоуным кірауніком і лектарам калектыву, а хормайстрам — Ягораў [18]. У сучасных беларускіх даведніках стваральнікам і кіраўніком гэтага хору чамусьці лічыцца Ягораў. «…Наш хор у супрацоўніцтве з хормайстрам і піяністам А.Ягоравым пры музычнай падсэкцыі Інбелкульту амаль адразу прыступіў да вывучэньня харавых сьпеваў з опэры „Русалка“ [19]. У 1928 годзе хор быў ператвораны ў Беларускую дзяржаўную капэлу.

«Русалка» Даргамыжскага была абрана невыпадкова. У разуменні В. Селяха, — опера класічная, і дзеянне яе адбывалася на Дняпры, дзесьці паміж Смаленскам і Жлобінам, г. зн. у Беларусi. «Русалку» можна было наблізіць да беларускага стылю жыцця і побыту. Але яе трэба было яшчэ перакласці на беларускую мову так, каб рытм тэксту супадаў з музычнай партытурай. За гэтую справу ўзяўся артыст і рэжысёр БДТ-1 Ф.Ждановіч, які зрабіў усё належным чынам. Сам В. Селях рыхтаваў спектакль да прэм’еры як рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі.

У партыі князя Ігара. 1916 г.

У партыі князя Ігара. 1916 г.

14 і 15 мая 1927 года на сцэне БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) адбылася першая прэм’ера класічнай оперы на беларускай мове. Да гэтага часу на сцэне тэатра ішлі толькі фрагменты ці асобныя дзеі з вядомых опер. Сам В. Селях выконваў ролю Мельніка. Вось калі яму спатрэбіліся ранейшыя канцэртныя выступленні! Іншыя ролі былі размеркаваны наступным чынам: Наталля — Несцярэнка, Князь — Мацалевіч, Княгіня — Мартава, Вольга — Замешына, сват — Патапаў. Дырыжорам спектакля быў Макс Купер, сваяк вядомага дырыжора Марыінскага тэатра, запрошаны ў той час на працу ў БДТ-1, былы дырыжор Вялікага тэатра ў Маскве.

«…Гэты спэктакль ёсьць да пэўнай ступені гістарычная падзея, а не просты чарговы спектакль у шэрагу шмат іншых падобных. Бяручы пастаноўку «Русалкі» ўвогуле, трэба сказаць, што яна была бязумоўна удалая, бо дадатных бакоў у ей было больш, чым адмоўных, і спектакль зрабіў на шматлікую публіку вельмі прыемнае ўражаньне. Прыгожыя дэкарацыі, прыгожыя малюнкі паасобных сцэн (асабліва карагоды ў 1-й дзеі, скокі русалак на дне Дняпра і інш.), прыгожыя вопраткі — усё гэта вабіла да сябе вочы гледачоў і не магло не падабацца…» [20], — пісала пра спектакль прэса.

Для музычнай культуры Беларусі пастаноўка «Русалкі» набыла гістарычнае значэнне. Яна стала першай па-сапрауднаму поўнай выкананай операй без усялякіх купюр, якімі часта карысталіся рускія тэатры. Ад яе пачалася традыцыя выканання класічных опер на беларускай мове.

Арганізатарскія здольнасці Вячаслава Селяха кіраўніцтва вырашыла выкарыстаць для рэарганізацыі БДТ-1, дырэктарам якога ў жніўні 1927 года ён і быў прызначаны. З аднаго боку, гэтае прызначэнне было арганічным: увесь час пасля працы ў Расіі В. Селях падтрымліваў сувязі з гэтым тэатрам. На пасадзе дырэктара БДТ-1 ён змяніў вядомага грамадскага дзеяча, пісьменніка Язэпа Дылу, з якім супрацоўнічаў яшчэ ў Інбелкульце. Нечаканая змена кіраўніцтва і вынікі арганізацыйна-творчай дзейнасці, якія адбыліся за час дырэктарства В. Селяха, сёння могуць выклікаць розныя ацэнкі.

Па-першае, ён працуе адначасова як кіраўнік і артыст. З 1921 года БДТ-1 меў у сваім складзе драматычную, балетную і оперную трупы. І падчас першых гастроляў новага сезона, якія адбыліся ў Віцебску, В. Селях выконваў партыі Фаўста ў «Вальпургіевай ночы» з оперы «Фаўст» Ш. Гуно, князя Ігара ў «Палавецкіх скоках» з оперы «Князь Ігар» і г. д. Але з цягам часу кіраўніцтву тэатрам неабходна было аддаваць усе больш і больш сіл і энергіі. Перад В. Селяхам паўставалі пытанні пра рэарганізацыю драматычнага тэатра, пошук сродкаў, удзел у аднаўленні складу артыстаў, змену рэпертуару і г. д. Ён запрашае на працу балетмайстраў Кірхгейма і Багданава, а таксама вядомую балетную пару — Сямёнаву і Брэві. Для падрыхтоўкі спектакляў быў запрошаны вядомы рэжысёр Вінер і мастак Волкаў з маскоўскага тэатра МГСПС. Яны ажыццявілі пастаноўку п’есы «Бронецягнік 14-69», якая выклікала розную рэакцыю ў грамадскіх і мастацкіх колах, стала прычынай палемікі, тэатральных дыскусій 1927-1928 гг., у якіх абмяркоўваліся далейшыя творчыя шляхі беларускага тэатра.

Беларускі хор у Бакнангу, Германія. У цэнтры — кіраўнік хору В. Селях

Беларускі хор у Бакнангу, Германія. У цэнтры — кіраўнік хору В. Селях

У час ягонага дырэктарства БДТ-1 увайшоў у лік лепшых тэатральных калектываў СССР. У 1930 г. БДТ-1 павёз на Першую ўсесаюзную Алімпіяду тэатраў у Маскве два спектаклі — «Міжбур’е» Курдзіна (рэжысёр Смяянаў) і «Гуту» Кобеца (рэжысёр Міровіч). «...Поспех „Гуты“ ў Маскве пераўзышоў усе самыя смелыя надзеі, — дзяліўся ўражаннямі акцёр А. Глебаў. — Ацэнка спектакляў беларускага тэатра маскоўскім друкам пераўзышла ўсе чаканні калектыву і рэжысуры». Спектакль «Гута» быў адзначаны ў ліку лепшых на Алімпіядзе. Як дырэктар БДТ-1 В. Селях атрымаў ад старшыні камітэта Алімпіяды Ф. Кона грамату «За вялікія мастацкія дасягненні» нацыянальнага тэатра. Такім чынам, у творчым поспеху калектыву была і частка яго асабістага ўдзелу.

У якасці прыкладу ўздзеяння дырэктара на мастацкі працэс можна прывесці два загады. У іх гучыць голас дырэктара-артыста, які не толькі па службовых абавязках, а па поклічу сэрца змагаецца з вандалізмам і легкадумнымі адносінамі да культуры і мастацтва.

Першы загад датуецца 6 студзеня 1929 г. Загад № 1:

З прычыны надзвычайна нядбалых, часта варварскіх адносін некаторых працаўнікоў БДТ-1 да музычных інструментаў, асабліва гэта заўважана з боку тых, хто не мае ніякага дачынення да музыкі, у выніку чаго гэтыя інструменты ў разрабураным стане (піяніна без пярэдніх дошчак, без ног, з брудам на струнах, фісгармонія без пакрыўкі, раяль з ломанымі нагамі і адарванай педаляй) усім працаўнікам, якія не ўмеюць іграць на гэтых інструментах, і ўсім, хто не мае ніякага дачынення да музыкі, катэгарычна забараняецца іграць на іх з папярэджаннем, што ў выпадку парушэння гэтага загаду і псавання яны будуць адказваць па арт. 83 КЗ аб працы.

Дырэктар В. Селях.

Дзелавод А. Лубнеўскі.

Загад № 83. Па Беларускаму Першаму Дзяржаўнаму тэатру ад 9 кастрычніка 1927 г.

У апошні час некаторыя працаўнікі мастацкага складу пачынаюць карыстацца ў прыватных размовах паміж сабой як у часе працы, робячы ўзаемныя заўвагі, так і ў часе перапынку — расейскай мовай. Напамінаю, што працаўнікі Беларускага Дзяржаўнага тэатра павінны карыстацца ў сценах тэатра толькі беларускай мовай, а ў прыватным жыцці гэта таксама абавязкова на сваю ж карысць, як практыка для сцэны

Дырэктар В. Селях.

Дзелавод А. Лубнеўскі.

Пасля трыўмфу ў Маскве Вячаслаў Селях быў неўзабаве зняты з пасады дырэктара БДТ-1. Чаму так адбылося? Ці таму, што не быў камуністам? А дзяржаўная пасада гэтага патрабавала. Ці таму, што быў запрошаны ў Беларусь «нацдэмамі» і доўгі час супрацоўнічаў з імі? Грамадска-палітычныя абставіны на пачатку 30-ых гадоў рэзка змяніліся. Ці таму, што не хацеў зняць з рэпертуару БДТ-1 пас-таўленых у першай палове 1920-ых гадоў спектакляў — «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Над Нёманам», якія ўсё часцей сталі крытыкавацца за «нацдэмаўскую» ідэалогію? Тут ён сапраўды або не змог улавіць новыя павевы часу і быць больш асцярожным, або праявіў прынцыповасць, якая таксама да дабра не вяла...

Бранскі вакзал Масквы. Сустрэча дэлегацыі БДТ-1 на усесаюзнай Алімпіядзе тэатраў 1930 г.

Бранскі вакзал Масквы. Сустрэча дэлегацыі БДТ-1 на ўсесаюзнай Алімпіядзе тэатраў 1930 г.

У цэнтры — В. Селях, справа ад яго — У. Крыловіч і У. Уладамірскі

Наступныя тры гады, са жніўня 1930 г. па верасень 1933 г., В. Селях працуе загадчыкам Беларускіх драматычных курсаў (1930-1931 гг.), з 1932 г. — дырэктарам Беларускага тэатральнага тэхнікума, а таксама загадчыкам Беларускага дзяржаўнага тэхнікума сцэнічнага мастацтва, займаецца справамі кааперацыі. Пры яго непасрэдным удзеле вясной 1932 года былі створаны два новыя тэатры — першы Беларускі вандроўны калгасны тэатр імя Дзяржынскага і Вайсковы тэатр.

Ён па-ранейшаму працягвае музычную дзейнасць. У сценах тэхнікума сцэнічнага мастацтва В. Селях арганізуе Беларускі дзяржаўны рабочы хор і становіцца яго кіраўніком. Добра ведае падзеі пачатку 30-ых гадоў музыказнаўца Р. Аладава, дачка кампазітара М. Аладава. Паводле яе ўспамінаў, В. Селях і яго сябры-аднадумцы, сярод якіх былі Я. Колас, М. Аладаў і інш., неаднойчы сустракаліся і вялі размовы пра развіццё і станаўленне беларускай музычнай культуры і пра сваё месца ў ёй. Усё ішло да таго, што В. Селях мог быць прызначаны дырэктарам тэатра оперы і балета, які быў ужо пабудаваны і адкрыццё якога чакалася ў хуткім часе. Але марам В. Селяха не дадзена было здзейсніцца.

У 1933 г. ён пакідае радзіму. В. Селях не таму ад’язджае з Беларусі, што не бачыць перспектыў для свайго далейшага развіцця, або таму, што яго абышлі іншыя, больш учэпістыя прадстаўнікі дзяржаўнай наменклатуры. Па даносу Селях павінен быў быць арыштаваны. На шчасце, яго папярэдзілі.

Яго шлях быў скіраваны ў знаёмы Ленінград. Пачалося яго дзесяцігадовае блуканне. У Ленінградзе В. Селях спачатку працаваў намеснікам дырэктара опернай студыі імя Рымскага-Корсакава (1933-1934). Быў рэжысёрам Вандроўнай оперы Усерасійскага тэатральнага таварыства (1935-1937). Потым працаваў на Украіне — рэжысёрам Дома культуры ў Чаркасах (1937-1939), сумяшчаючы гэту пасаду з пасадай кіраўніка студэнцкіх гурткоў педінстытута. У 1939 годзе пераехаў у Лугу (Ленінградская вобласць), дзе быў рэжысёрам мастацкага калектыву Дома культуры.

Тут В. Селяха і заспела Другая сусветная вайна. Фронт хутка наблізіўся да Ленінграда, і Луга была акупавана немцам!. Але спявак застаўся ў горадзе. У гэты час ён арганізаваў «... канцэртна-эстрадную трупу, у якую ўваходзіў хор з 27 асобаў, камедыйна-драматычны калектыў з 9 асоб, балет з 8 асоб і домравы аркестр з 12 асоб...» (цытуецца па кнізе: В. Селях-Качанскі. Уласны жыцьцяспіс). Хор пад яго кіраўніцтвам часта выступаў, пра яго дзейнасць пісала рыжская газета «За Радзіму». У хуткім часе В. Селях атрымаў прапанову ад Беларускай народнай самапомачы пераехаць на радзіму, у Мінск, каб зноў працаваць на карысць беларускай культуры. Ён прымае запрашэнне ў чэрвені 1943 года. Гэта было другое пасля дзесяцігадовага перапынку вяртанне дадому, якое назначала новы перыяд яго творчага жыцця.

В. Селях (чацверты злева) падчас вучобы ў Маладзечанскай семiнарыi

В. Селях (чацверты злева) падчас вучобы ў Маладзечанскай семiнарыi

Цікавымі ўспамінамі падзялілася ў асабістым лісце да мяне Галіна Руднік з Мюнхена: «...Дзесьці ў 1943 годзе дзед аднойчы кажа: „Галачка, у нас будуць госці. Прыехаў мой вучань (па Маладзечанскай семінарыі. — С. С.) Вячаслаў Селях з сям’ёй, яны не маюць дзе жыць, пакуль ня знойдуць — будуць жыць у нас“. У Мінску Вячаслаў Антонавіч працаваў рэжысёрам у тэатры. Новы оперны тэатр (будынак тэатра — С. С.) быў разбіты. У драматычным тэатры, што на скверыку (былы БДТ-1. — С. С.) ставілі і оперы, і п’есы. Вячаслаў Антонавіч не любіў немцаў і быў зацятым антыкамуністам. Характар у яго быў досыць круты. Ён быў чалавек моцнай волі, бескампрамісны, заўсёды казаў „праўду-матку“ проста ў вочы і нікога й нічога не баяўся...»

I зноў В. Селях адразу бярэцца за справы мастацкай культуры. Спачатку ён працуе кіраўніком аддзела культуры і мастацтва, а затым кіраўніком гарадскога тэатра ў Мінску, з лютага 1944 года ўзначальвае гарадскі аддзел мастацтва. У гэты час Мінскі гарадскі тэатр працаваў у памяшканні БДТ-1 і аб’ядноўваў оперную і драматычную трупы. Спектаклі ішлі на беларускай мове.

Як рэжысёр В. Селях рыхтуе да пастаноўкі п’есу беларускага драматурга Т. Лебяды «Загубленае жыцце» — драму з жыцця калгаснага сялянства. Прэм’ера гэтага спектакля адбылася ў чэрвені 1944 года. Але ў Мінск прыйшла Чырвоная Армія. Заставацца далей тут значыла падпісаць сабе смяротны прысуд. На захад з Мінска адышоў усяго адзін эшалон — таварны цягнік. Так В. Селях апынуўся ў Нямеччыне, у Берліне.

У яго жыцці настаў новы этап блукання ўдалечыні ад радзімы. Зноў патрэбна было ўсё пачынаць нанова. Беларускія перасяленцы жылі тады ў палацы Дэльфі. Тут, у Берліне, пры тэатральна-канцэртным бюро «Вэнэта» В. Селях супольна з вядомым беларускім кампазітарам М. Равенскім і А. Мяленцьевым стварыў канцэртна-эстрадную трупу «Жыве Беларусь» (1944 г.). У яе ўвайшлі 12 асоб, якія ладзілі канцэрты ў лагерах для эмігрантаў. Потым ён апынуўся ў лагеры Міхельсдорф каля горада Чам, што на чэшскай мяжы. У Нямеччыне В. Селях заставаўся чалавекам, захопленым справамі беларускай культуры і нацыянальнага тэатра. У адным з лістоў сябрам ён дзеліцца думкамі наконт сваёй працы, марыць пра заснаванне народнага хору і драматычнага тэатра-студыі. Распачаць гэтую працу ён планаваў з практычных заняткаў над п’есай, пры падрыхтоўцы якой трэба рабіць тое ж, што рабілі Галубок у сваім вандроўным тэатры, рэжысёры Міровіч і Ждановіч у БДТ-1. В. Селях лічыў пастаноўку п’есы практычнай вучобай.

На гэты раз свае планы В. Селях ажыццявіў. Ён арганізаваў Беларускі драматычны тэатр імя У. Галубка, з трупай якога 28 сакавіка 1948 года ў лагеры Міхельсдорф паказаў п’есу Т. Лебяды «Загубленае жыццё». «...Вялікая і карпатлівая праца кіраўніка тэатра і шчырая зацікаўленасць удзельнікаў пастаноўкі прынеслі нашым гледачам вялікае задавальненне. Яшчэ раз, на эміграцыі, далека ад сваёй роднай Бацькаўшчыны, перад вачыма гледачоў прайшлі тыя жах, тэрор, прыгнет і гвалт, якія пануюць ва „ўсёй неаб’ятнай“. Яшчэ раз гледачы ўбачылі той кашмар, той несправядлівы таталітарны рэжым, які яны самі перажылі...». Адначасова В. Селях ладзіць канцэрты, з якімі выступаў у лагерах Шлягсгайм, Фрайман, Мітэнвальд, Лютэнзее, Рэгенсбург. Вясной 1949 года ён пераехаў з Міхельсдорфа ў другі лагер — Бакнанг, дзе хор пад яго кіраўніцтвам быў запісаны на стужкі. Запісы беларускіх спеваў у яго выкананні потым былі перададзены ў ААН. Хор В. Селяха лічыўся адным з лепшых у амерыканскай зоне (выступаў на вечары «Дажынак», у Прыне ў школе УМСА, на II Беларускім кангрэсе і г. д.).

У 1950 годзе В. Селях атрымлівае дазвол і пераязджае ў ЗША, назаўсёды пакінуўшы Еўропу. У эміграцыі ён стаў кіраўніком аддзела культуры і мастацтва выканаўчага органа Беларускай Цэнтральнай Рады. Ва ўзросце 65 гадоў ён у каторы раз пачынае ўсё зноў. Каб атрымаць сацыяльнае забеспячэнне, першыя тры гады ў ЗША В. Селях працуе на фабрыцы ў горадзе Саўнт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) звычайным рабочым.

Могiлкi ў Саунт-Рыверы (ЗША), дзе пахаваны В. Селях

Могiлкi ў Саунт-Рыверы (ЗША), дзе пахаваны В. Селях

Можна толькі ўяўляць сабе, якую любоў да тэатра і мастацтва меў Вячаслаў Селях, каб знаходзіць магчымасць займацца любімай справай. Праз паўгода ён заснаваў Беларускую тэатральную студыю, намаганнямі якой ставіць на амерыканскай зямлі п’есу Ф. Аляхновіча «Шчаслівы муж», потым «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча (1955 г.), у якой сам выконвае ролю Куторгі, «Нясмелага жаніха» (аўтар невядомы, 1957 г.), «Дажынкі» І.Кіпрук (1957 г.). Працуе рэгентам у царкоўным хоры ў г. Элізабэт.

У гэты ж час В. Селях кіруе Беларускім нацыянальным хорам, дзейнасць якога мела вялікае значэнне ў нацыянальным жыцці беларусаў у эміграцыі. З’яўляецца адным з аўтараў газеты «Новае рускае слова» і выкарыстоўвае яе як трыбуну для абароны поглядаў беларусаў на аднаўленне незалежнасці радзімы. Ён піша шмат артыкулаў, успамінаў пра мастацкае жыццё ў Беларусі, дзеліцца вопытам, выказвае свае погляды на развіццё нацыянальнай культуры. Напрыканцы свайго багатага на падзеі і яскравага жыцця В. Селях рыхтуе да выдання «Спеўнік беларускага жаўнера» (выйшаў у свет у 1975 г.), у якім сабраны прыгожыя народныя, побытавыя, нацыянальныя, патрыятычныя і іншыя песні. Зборнік успрымаўся як скарбонка нацыянальнай песні і стаў добрай памяццю самому Вячаславу Селяху, які ўсё жыццё жадаў, каб беларуская нацыянальная культура дасягнула свайго росквіту і атрымала сусветнае прызнанне.

Памёр Вячаслаў Антонавіч Селях 8 жніўня 1976 года ў г. Саўнт-Рывер, ЗША, дзе і пахаваны.

Селях Сяргей Уладзіміравіч

Крыніцы:

  • 1. Левин С. Ю. Записки оперного певца. Москва: Искусство. 1955. С. 353.
  • 2. Театр и искусство. 1915. № 7. С. 110.
  • 3. Театр и искусство. 1915. № 18. С. 300.
  • 4. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 497, воп. 13, адз. з. 940. С. 2.
  • 5. Театр и искусство. 1917. № 38. С. 653.
  • 6. Театр и искусство. 1917. № 38. С. 652.
  • 7. «Бирюч» Петраградскіх дзяржаўных тэатраў. 1918. № 6. С. 55.
  • 8. Тэлеграма на імя наркома асветы А.Луначарскага. Штаб 3-яй арміі. 18.11.1918 г. Расійскі дзяржаўны гістарычна архіў, ф. 497, воп. 13, адз. з. 940. С. 12.
  • 9. Ленінградскі дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва, ф. 4463, воп. 1, адз. з. 84. С. 72.
  • 10. Беларус. 1976. № 236. С. 4.
  • 11. Савецкая Беларусь. 1926. № 153.
  • 12. Беларуская моладзь. 1965. № 23.
  • 13. Савецкая Беларусь. 1925. № 124.
  • 14. Звязда. 1926. № 86.
  • 15. Савецкая Беларусь. 1926. № 44.
  • 16. Савецкая Беларусь. 1925. № 280.
  • 17. Трыбуна мастацтва. 1925. № 9. С. 6.
  • 18. Центральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі РБ, ф. 307, воп. 1, адз. з. 36. С. 591.
  • 19. Новы шлях. 1943. № 8. С. 12.
  • 20. Савецкая Беларусь. 1927. № 110.

Более новые статьи:

Комментарии

 
# 04.06.2013 01:44
Спасибо Вам за то
чувство гордости , которое испытываешь
узнавая судьбы своих великих соотечественник ов!
Жаль, что не все интернет-источники дают
столь подробную информацию!
См ссылку на
http://slovari.yandex.ru/~%D0%BA%D0%BD%D0%B8%D0%B3%D0%B8/%D0%9E%D1%82%D0%B5%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D1%8B%D0%B5%20%D0%BF%D0%B5%D0%B2%D1%86%D1%8B/%D0%A1%D0%B5%D0%BB%D1%8F%D1%85%20%D0%92%D1%8F%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%20%D0%90%D0%BD%D1%82%D0%BE%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87/
Ответить
 
 
# 25.08.2013 15:30
Благодарю Вас, за теплый отзыв и неравнодушное отношение к нашей истории и личностям, которые её творили, к коим несомненно принадлежит и В.А.Селях. Жаль только, что администраторы сайта не разместили первую часть статьи, где рассказывается о становлении В.А.Селяха как певце и артисте в период с 1910-1928г.г.
С уважением,
Сергей Селях
Ответить
 
 
# 05.11.2014 15:49
Спасибо! Вы мне открыли биографию моего двоюродного деда. Моя бабушка Селях Анна Антоновна, родная сестра В.А. Селях. Бабушка с моим отцом (племянником В.А.Селях) проживали в Царском селе. Но к сожалению бабушку угнали немцы в псковскую область, где она и умерла. В детстве слышала рассказы о В.А.Селях и тесно общалась с его раодной дочерью - Ираидой Вячеславовной Селях.
Екатерина Цобкалло
Ответить
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

Главная страница - Люди - Творческие - Старонкі творчай біяграфіі Вячаслава Селяха