Гайна (верш)

Стаю над табою і ў думках чытаю
Былога ўспаміны, што блудзяць з вадой.
Здаецца, мне хвалі старонкі гартаюць
Вялікае мудрае кнігі тваёй.

Калісьці тут шлях пралягаў, што быў званы
«З варагаў у грэкі», праз горы, палі.
Па гладзі рачной караблёў караваны
У краіны далёкія з грузам ішлі.

А колькі ты зведала бітваў суровых
I колькі праліта крыві было тут,
Што аўтар славутага нашага «Слова»,
Не мог не ўславіць цябе, мілы кут,

Прышчуру я вочы. Стаюся і бачу:
Кіпіць, не змаўкаючы, суткамі бой.
I князь Усяслаў на кані сваім скача
З дружынай харобрай і мужнай сваёй.

Тут нашыя продкі, як львы, баранілі
Цябе, мой народзе, ад прышлых к нам зграй,
Мячамі бязлітасна ворага білі
I адстаялі пакутны наш край.

Для нас, лагайчан, не з’яўляецца тайнай,
Што Янка Купала тут часта блукаў.
Сябе верабейкам, узросшым над Гайнай,
Не тоячы гонару, колісь назваў.

О, Гайна! Хай вечна жыве і лунае
Нямеркнучы дух пары даўняе той…
Стаю над табою і ў думках чытаю
Былога ўспаміны, што блудзяць з вадой.

Барыс Сасноўскі

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить