Вёскі Малыя і Вялікія Гаяны

Наваколле вёскі Гаяны згадваецца ў дакументах, пачынаючы з XVI ст. у 1551 годзе, як уласнасць Давыда Багданавіча Тоўкача i ў 1567 г. у пoпice войска ВКЛ, як землі, якія ляжаць на тэрыторыі Менскага павета Вялікага княства Літоўскага. Таксама Гаяны згадваюцца крыху пазней ў 1582 годзе ў Актах Віленскай Камісіі т. 36стар. 116. Заявленіе о покраже лошади съ Гоянского поля, при чемъ следы привели въ им. Павловичи.. У то час гэтая вёска (і некаторыя найбліжэйшыя) адносіліся да Беларуцкага маёнтку. Паводле актавых кніг Менскага градскага суду ў канцы XVI ст. мястэчка Бяларуч з найбліжэйшымі вёскамі прыналежылі княгіні Алёне Друцкай-Горскай.

Як сведчуць дакументы, у 1520 г. панамі Янам і Макарыем Іванцушэвічамі ў мястэчку была заснавана прыхадская праваслаўная царква. З 1596 г. гэтая царква стала ўніяцкай. Атрымоўваецца, што самае ранняе згадванне пра Бяларучы прыпадае на 1520 г., хоця ў некаторыя краязнаўцы сцвярджаюць, што найболей ранняе з вядомых ім згадванняў мястэчка — гэта 1551 год.

Дзесьці ў сярэдзіне XVIII ст. была пабудаваная драўляная капліца пад тытулам Святога Юрыя ў Гаянах. Такія каплічкі, як правіла, будаваліся на мясцовых могілках, дзе праводзіліся адпяванні памерлых вернікаў. Капліца была прыпісна да Бяларуцкай царквыПераклад з польскай мовы Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. – Т. II. – Warszawa, 1881. – S. 439..

Вёска і маёнтак Гаяны знаходзіліся ў паўночнай частцы Менскага павета, недалёка ад мяжы з Барысаўскім паветам, пры дарозе, вядучай з Менска да Гайны, у Беларучскай воласці, у 3-й паліцэйскай акрузе. Мясцовасць была досыць гарыстая. Маёнтак гэты з’яўляўся ўласнасцю Клімавічаў і ўключаў каля 700 моргаў пляца  даволі ўраджайнай глебыПераклад з польскай мовы Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. – Т. II. – Warszawa, 1881. – S. 439..

Глеба на сялянскіх землях у вёсцы Малыя Гаяны была на палову суглінкавая, у вёсцы Вялікія Гаяны роўнаякасная, супяшчаная; у абодвух вёсках ураджаем (закрэслена ў арыгінальным дакуменце) пераважны хлеб — гэта рож, з сярэднім ураджаем у пяць зерняў. Сенажаці ў абедзвюх вёсках былі сіўцова-куп’істыя, часткай пасродкавыя і часткай благой якасці і на адну дзесяціну раллі прыходзілася ў абедзвюх вёсках да 10 пудаў сена. Па якасці глебы сялянскія ўчасткі вёскі Малыя Гаяны прылічаны: адна палова надзелу — да 8-га, а другая да 9-га асноўных разрадаў. У вёсцы Вялікія Гаяны ўвесь сялянскі надзел быў прылічаны да 9-га асноўнога разраду.

Пратакол Першай Паверачнай Камісіі Менскага павета і губерніі сведчыў аб паверцы памеру грашовых павіннасцяў сялян вёсак Малыя і Вялікія Гаяны, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці і прыналежнасць іх да Гаянскага Сельскага грамадства Беларуцкай воласці, маёнтка Гаянам, абшарніку Казіміру Антонаву КлімавічуНГАРБ Ф. 1595 оп. 2. д. 1650 ліст 16, 16 аб. Справа Менскай Губернскай Прысутнасці аб выкупе земляў сялян Менскага павета маёнтка Гаяны абшарніка Клімавіча. Статутная грамата маёнтка Гаяны прыналежнага абшарніку Клімавічу Менскага павета Менскай губерні 2-га Сусветнага ўчастку. Складзена ў 1862 годзе..

Аборскія — уладары Гаян

Так сама гаспадарамі Бяларуцкай воласці былі прадстаўнікі з Аборскіх. Францыск Аборскі з Абор, былы мечны ваяводства Менскага, атрымаў урад лоўчага Менскага ўжо на сконе свайго жыцця па каралеўскім пpывiлei ад 21 мая 1782 года пасля пераходу былога лоўчага Тадэўша Ваньковіча на чэснікоўства Менскае.

Францыск Аборскі паходзіў з роду патомных ваяроў, якія перасяляліся з Польшчы на Лiтву яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя. Бацькамі Францыска Аборскага былі Рафаіл з Абор Аборскі, стараста Горбаўскі, i Ганна з Maцкевічаў. Да 1755 года ўcтyпiў у шлюб з Ганнай з Прашынскіх, дачкой Юзэфа Прашынскага, падстарасты судовага Менскага, і Брыгіды з Янішэўскіх. Да атрымання ўрада мечнага па чарзе займаў урады крайчага i абознага ваяводства Менскага. На 1772 год у дадатак займаў урад poтмicтpa адной з харугваў ваяводскага шляхецкага апалчэння. Улічваючы, што да гэтага часу памёр брат Францыска — Юзэф Аборскі, на 1765 год poтмістр харугвы парафіі Кораньскай, Гаенскай i Лагойскай, ды i асноўныя маётнасці Аборскіх знаходзіліся ў гэтых жа парафіях, то i ротмістроўства Францыска Аборскага ўключала шляхту гэтых жа парафій і было атрымана пасля смерці брата Юзэфа.

Аснову багацця Аборскіх былі закладзены яшчэ дзедам Францыска Рыгорам Аборскім, які разам са Станіславам Незабытоўскім, аўтарам слынных «Памятнікаў…», належаў да ліку адміністратараў Радзівілаў у канцы XVII стагоддзя. Менавіта пры Рыгоры Аборскім, прыкладна ў 1680-я годы былі набыты такія вялікія маётнасці, як Кухмісцерскія, альбо Вялікія Бесяды з прылеглымі пасёлкамі і фальваркамі аж да межаў Гаянскіх і да самой Карпілаўкі ад Заліўскіх, Далькевічы ад нашчадкаў Тэадора Валадковіча, пicapa земскага Менскага, Прусевічы, Семянкевічы i Сліжына ад нашчадкаў Вінклера, гараднічага Інфлянцкага.

Аднак, ужо пры Францыску Аборскім i, асабліва пры яго сыну Тамашы, справы сям’i пайшлі кепска, i з многімі набыткамі дзеда прыйшлося развітацца. Адчуваючы вострую патрэбу ў грошах, у 1769 годзе аддаў за пэўную суму Бесяды, Баяры i Авенішкі на тры гады свайму цесцю Юзэфу Прашынскаму. Не трэба, аднак, думаць, што адносіны паміж зяцем i цесцем заўсёды заставаліся добразычлівымі. Ужо 27 чэрвеня гэтага ж года, праз два месяцы пасля перадачы Бесядаў у заставу, у Менскім гродскім судзе разглядалася скарга Францыска Аборскага на пана Юзэфа Прашынскага. Наогул, у тыя часы судзіліся часта i падоўгу.

У 1772 годзе Францыск Аборскі прадае пане Кацярыне з Радзевічаў пажыццёвыя правы на Прусевічы. У 1782 годзе, 28 сакавіка, у акты Менскага земскага суда ўносіцца дакумент аб продажы Антоні Дышлевічу, скарбніку Менскаму, часткі Гаян за 2140 польскіх злотых. Відаць, што Гаяны былі даўно разабраны на невялікія кавалкі, самы большы з якіх не ўключаў больш дзесяці служб падданых.

Будучы вельмі хворым i нямоглым, вымушаны быў 24 кастрычніка 1783 года ўнесці ў земскія актавыя кнігі Менскага ваяводства дакумент аб перадачы сыну Тамашу частак cвaix маётнасцяў Беларучы, Гаяны, Далькевічы, Ганцавічы, якія самому Францыску Аборскаму засталіся пасля смерці беспатомных братоў: Юзэфа Аборскага, ротмicтpa ваяводства Менскага, i Бернарда, харужага пятыгорскага войскаў ВКЛ. Ужо 20 сакавіка 1786 года Тамаш Аборскі, лоўчы Менскі, прадаў маетнасці Далькевічы, Семянкевічы i Прусевічы пану Няверскаму, скарбніку Віцебскаму.
Акрамя сына Тамаша, меў яшчэ дзвюх дачок: Барбару, якая да 1769 года ўступіла ў шлюб з Казімірам Паморскім, мечным ваяводства Менскага, i Брыгіду, да 1773 года ўступаўшую ў шлюб са Станіславам Карафа Есманам, падчашым Смаленскім.

Памёр Францыск Аборскі з Абор да 1 чэрвеня 1786 года. Гэтай датай пазначаны каралеўскі прывілей на ўрад лавецтва Менскага Тадэўшу Багдановічу. Жонка лоўчага Менскага пані Ганна з Прашынскіх жыла яшчэ ў 1793 годзе. У XIX ст. Вялікія Гаяны — гэта фальварак у Mінскім павеце i губерніі. Паводле рэвізіі 1858 года фальварак Гаяны Вялікія, 11 рэвізскix душ мужчынскага полу, уласнасць памешчыка Фамы Аборскага.

Насельніцтва Гаян і яго побыт

На 1862 год маёнтак Гаяны ўваходзіць у Беларуцкае сельскае грамадства і складаецца народанасельніцтвам:

У вёсцы Малыя Гаяны сялянскіх гаспадарак — 19, сялян — 75, агароднікаў, парабкаў, дваровых — 0;
У вёсцы Вялікія Гаяны сялянскіх гаспадарак — 4, сялян — 22, агароднікаў, парабкаў, дваровых — 0. Усяго сялян — 94.

Адпушчаных на волю пасля рэвізіі сялян не было, раўнамерна не пражывалі ў маёнтку Гаяны людзі запісаныя за абшарнікам ў іншых месцах.

Усёй зямлі складалася ў сапраўдным карыстанні сялян да апублікавання становішча па 15 дзесяцін 1564 сажні, на кожны двор, а па ліку 23 двароў 359 дзесяцін 2372 сажань. З іх уласна пад сялянскую сядзібнай аселасцю і гародамі 1600 сажань на двор.

Для прылады гаспадаркі і знішчэнне разам з тым церазпалосіцы паміж сялянскімі і дваровымі ўгоддзямі было запланавана цэлае паселішча Вялікія Гаяны, якое складаецца з чатырох двароў, перанесці і далучыць да вёскі Малыя Гаяны, надзяленне ў гэтай апошняй вёсцы ўгоддзяў. Здагадка гэта была прадстаўлена па асоба ўсталяванаму парадку.

Ва ўсю даўжыню паселішча, цякла рэчка Гаянка і правы яе бок прылягаў да сялянскай зямлі, так што пры кожнай сядзібе і ва ўсіх іншых месцах сялянскага надзелу быў падыход да вады. Па гэтаму сялянам па ўсёй прасторы іх зямельнага надзелу забаронялася пускаць скот на іншы бок ракі Гаянкі ў пазбяганні патраў і псаванні палёў, складаючых дваравую засеўку. Асобнага выгана для пасьбы ската ва ўсім маёнтку не існавала. Да выдання становішча, сялянская пасьба ската выконвалася часткова на іх палях і ў лесе, іх жа землянога надзелу, а часткова на іх лугах, у пачатку вясны і па ўборцы сена.

У паселішчы гандлёвага пляца не было. Асобных рыбных ловель таксама не знаходзілася; а ў рэках лоўля рыбы была не свабодная для сялян і надалей ім забаронена, аднак сяляне мелі права палявання ў межах гэтага надзелу. У сялянскіх земляных участках знаходзілася столькі леса прыдатнага на паліва, што яны заўсёды не толькі задавальнялі сваім патрэбам, але і ў значнай колькасці займаліся гандлем дровамі ў г. Менску. Пагэтаму надалей водпуск лесу з уладальніцкіх лецішчаў на атапленне не выдзялялася.

Па інвентары было вызначана: ідэальнай павіннасці са двара пры аднолькавых для ўсіх колькасцях надзелу, мужчынскіх 104, і жаночых 104 дня ў год, згонных з кожнай працоўнай душы па 12 дзён, а за скарачэннем згонных дзён да 8-мі з душы, і мяркуючы па ўжыванню да распараджэння інвентарнага камітэта на кожны зямельны ўчастак па двух мужчынскіх і два жаночых дня належыць згонных па 32 дня. Сумуючы гэты лік з павіннасцю атрымоўваецца агульная на двор лічба працоўных дзён 240; у тым ліку мужчынскіх запражных 104, пешых 16 і жаночых 120 дзён. Паменшыўшы прыгонныя і згонныя дні на 10% належыць на кожны ўчастак мужчынскіх запражных 94, пешых 14 і жаночых 108 дзён. Колькасць гэтай працы ў складанасці складае на адну дзесяціну сялянскага надзелу 13 дзён з дробам. На падставе ст. 157 мясцовага становішча падзяляючы працоўныя дні на летнія і зімовыя, прызначаецца на летняе паўгоддзе мужчынскіх запражных 57 і пешых 9, жаночых 65, і на зімовае паўгоддзе мужчынскіх запражных 36, пешых 4, і жаночых 42 з кожнага двара. Па пераходзе сялян на чынш прымаецца паводле інвентара і на падставе 128 параграфа мясцовага становішча, агульная каштоўнасць павіннасцяў, з якіх галоўная складае 30 р. 80 к. і дадатковыя 22? к. і таго 31 р. 2? к. На дзесяціну сялянскага надзелу належыць чыншу 1 р. 93 к.

Сяляне абавязаны былі ўносіць чынш і надалей за кожнае паўгоддзе па роўнай частцы і ў тэрміны вызначаныя па правіле ст. 141 мясцовага становішча Сусветным з’ездам, а менавіта 11 красавіка і 29 верасня кожнага года. Тэрмін для пераходу з іздзельнай на чыншавую павіннасць прызначаецца на 11 красавіка.

З ліку пазямельнага чыншу ставілася на сядзібу 4 р. 80 к., бо яна прылічвалася да першага разраду, гэта значыць па 120 р. за дзесяціну. У следстве чаго павіннасць за карыстанне ўсёю сядзібнаю аселасцю сялян маёнтка складала ў год 110 р. 40 к., а выкупная сума за сядзібу на двор па 80 р., а за ўсю аселасць 1840 р.

Грашовых грамадскіх капіталаў за сялянамі маёнтка Гаяны не лічылася, акрамя хіба харчовага, змешчанага ў распараджэнні Ўрадаў (З Устаўной Граматы маёнтка Гаяны Калежскага асэсара Казіміра Антонавіча Клімовіча).

Вялікія Гаяны

У 1870 годзе ў вёсцы Вялікія Гаяны жылі 22 рэвізскія душы, пры ручаі Гаянка, у складзе маёнтка Гаяны, уласнасць памешчыка Клімовіча ў Бяларуцкай воласці Мінскага павета i губерніі, меўся хлебазапасны магазін. У 1909 г. вёска Вялікія Гаяны знаходзілася на тэрыторыі Беларуцкай воласці Менскага павета. Налічвала 12 двароў (81 чалавек). Знаходзілася ў 29 вёрстах ад Менска і 4 вёрстах ад Бяларуч. У маёнтку Гаяны жылі 8 чалавек і ўсе яны былі палякамі. З 20.8.1924 г. вёска ў Бяларуцкім сельсавеце Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі, з 18.1.1931 г. Лагойскага раёна, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 9 двароў, 49 жыхароў. Быў створаны калгас «Юнацтва». У 1941 г. у Гаянах 65 двароў, 325 жыхароў. На тэрыторыі вёскі трапляецца кераміка XIV стагоддзя і больш позняга часу.

У Вялікую Айчынную вайну акупанты знішчылі 9 двароў, загубілі аднаго жыхара, 11 вяскоўцаў вывезлі ў Германію ў тым ліку і Мацюшко Веру Фёдараўну 1923 года нараджэння. 24 чалавекі загінулі на фронце, адзін жыхар у партызанскай барацьбе. На тэрыторыі вёскі быў падбіты савецкі самалёт.

У 1969 г. тут было 42 двары,144 жыхары. На 1.1.2003 г. 9 двароў, 21 жыхар. Вёска ў складзе калгаса «Сямкова» (цэнтр в. Сямкова).

Малыя Гаяны

Малыя Гаяны — вёска ў Бяларуцкім сельсавеце. У 1870 г. вёска, 75 рэвізскіх душ мужчынскага полу, у складзе маёнтка Гаяны, уласнасць памешчыка Клімовіча ў Бяларуцкай воласці Mінскага павета i губерніі, меўся хлебазапасны магазін. У 1909 г. 63 двары, 340 жыхароў, побач размяшчаўся маёнтак Гаяны, 1 двор, 6 жыхароў. На брацкай магіле чырвонаармейцаў пахаваны 5 чалавек, якія загінулі ў 1920 годзе ў баях супраць войск буржуазнай Польшчы. З 20.8.1924 г. вёска ў Бяларуцкім сельсавеце Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі, з 18.1.1931 г. Лагойскага раёна, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1926 г. 56 двароў, 266 жыхароў.

На тэрыторыі вёскі Малыя Гаяны пахаваны 4 партызаны, якія загінулі ў 1941 годзе ў баі супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. У 1964 годзе на магілах партызан і чырвонаармейцаў быў пастаўлены абеліск. На 1.1.2003 г. 11 двароў, 18 жыхароў. У ваколіцах вёскі размешчаны курганы. Вёска ў складзе калгаса «Сямкова» (цэнтр в. СямковаСписок населенных мест Минской губернии. Сост. В. С. Ярмолович. – Минск: Губернская типография, 1909. – С. 36.).

Радавод Аборскіх гербу «Калюмна»

1 калена
Стэфан (1), уладальнік маёнтка Гарбы Чарнігаўскага ваяводства, згодна з прывілеем караля Яна Kaзiмipa (1650) i вв. Baciлi, Вербалы, Miciнькі, Лаўчыны, Сляпкі, Вараны i Цімонічы Яленскага ключа Смаленскага ваяводства (1653) ад дзядзькі Януша i прывілеем таго ж караля Яна Kaзіміpa (1653) — падскарбі, земскі пicap ВКЛ (рэскрыпт караля Яна Kaзiмipa 1653). яго жонка Соф’я Мірская, што судзілася з Янам i Соф’яй Эсткамі (1695), пакінуў аднаго сына (2).

2 калена
Андрэй-Грыгоры (2), жонка Ганна Грушэўская, дачка падкаморага Жамойцкага княства, з якой пакінуў двух сыноў (3,4). што па тэстаменту маці 1716 атрымалі маёнтак Рубяжэвічы i Абольцы Мінскага павета i грашовую рухомасць.

3 калена
Рафаіл (3), староста гарбоўскі. Атрымаў дазвол на правядзенне таргоў у спадчынным мястэчку Бяларуч Мінскага павета згодна з прывілеем караля Аўгуста III (1726), удзельнік сейму (1735). Яго тэстамент датаваны 1740 годам, пакінуў трох сыноў (5,6,7).
Стэфан (4)

4 калена
Бернард
(5) спадчыннік маёнтка Горкі i фальварка Бесяды Мінскага павета, Кармуш i Бapaвікі Навагрудскага ваяводства.
Франц (6), спадчыннік маёнтка Бяларуч з фальваркам Гаяны i Бараўляны (Вярбіцкія?) Mінскага павета, крайчы мінскі (1765), таксама мечнік (1777) i лоўчы (1783), згодна з прывілеямі караля Станислава Аўгуста, удзельнік сеймаў варшаўскіх (1766, 1782), пакінуў аднаго сына (8).
Юзэф (7), спадчыннік маёнтка Далькевічы з фальваркам Ганцавічы Мінскага павета i Дзевялтоў Вількамірскага павета.

5 калена
Тамаш
(8) па дароўным запicy 1783 спадчыннік маёнтка Беларуч, Далькевічы i Ганцавічы, крайчы мінскі згодна з прывілеем караля Станіслава Аўгуста (1786), жонка Кацярына Гарабурда з якой пакінуў сына (9).

6 калена
Гіляры
(9). калежскі рэгістратар.
Прызнаны ў дваранстве пастановай Мінскага ДДС 7 07.1802
(I частка), зацверджаны ўказам Сената ад. 22.11.1837.

Дзмітрый Дуброўскі

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

Главная страница - Логойский район - Деревни - Вёскі Малыя і Вялікія Гаяны