Старонкі творчай біяграфіі Вячаслава Селяха
Арганізатарскія здольнасці Вячаслава Селяха кіраўніцтва вырашыла выкарыстаць для рэарганізацыі БДТ-1, дырэктарам якога ў жніўні 1927 года ён і быў прызначаны. З аднаго боку, гэтае прызначэнне было арганічным: увесь час пасля працы ў Расіі В. Селях падтрымліваў сувязі з гэтым тэатрам. На пасадзе дырэктара БДТ-1 ён змяніў вядомага грамадскага дзеяча, пісьменніка Язэпа Дылу, з якім супрацоўнічаў яшчэ ў Інбелкульце. Нечаканая змена кіраўніцтва і вынікі арганізацыйна-творчай дзейнасці, якія адбыліся за час дырэктарства В. Селяха, сёння могуць выклікаць розныя ацэнкі.
Па-першае, ён працуе адначасова як кіраўнік і артыст. З 1921 года БДТ-1 меў у сваім складзе драматычную, балетную і оперную трупы. І падчас першых гастроляў новага сезона, якія адбыліся ў Віцебску, В. Селях выконваў партыі Фаўста ў «Вальпургіевай ночы» з оперы «Фаўст» Ш. Гуно, князя Ігара ў «Палавецкіх скоках» з оперы «Князь Ігар» і г. д. Але з цягам часу кіраўніцтву тэатрам неабходна было аддаваць усе больш і больш сіл і энергіі. Перад В. Селяхам паўставалі пытанні пра рэарганізацыю драматычнага тэатра, пошук сродкаў, удзел у аднаўленні складу артыстаў, змену рэпертуару і г. д. Ён запрашае на працу балетмайстраў Кірхгейма і Багданава, а таксама вядомую балетную пару — Сямёнаву і Брэві. Для падрыхтоўкі спектакляў быў запрошаны вядомы рэжысёр Вінер і мастак Волкаў з маскоўскага тэатра МГСПС. Яны ажыццявілі пастаноўку п’есы «Бронецягнік
У час ягонага дырэктарства БДТ-1 увайшоў у лік лепшых тэатральных калектываў СССР. У 1930 г. БДТ-1 павёз на Першую ўсесаюзную Алімпіяду тэатраў у Маскве два спектаклі — «Міжбур’е» Курдзіна (рэжысёр Смяянаў) і «Гуту» Кобеца (рэжысёр Міровіч). «...Поспех „Гуты“ ў Маскве пераўзышоў усе самыя смелыя надзеі, — дзяліўся ўражаннямі акцёр А. Глебаў. — Ацэнка спектакляў беларускага тэатра маскоўскім друкам пераўзышла ўсе чаканні калектыву і рэжысуры». Спектакль «Гута» быў адзначаны ў ліку лепшых на Алімпіядзе. Як дырэктар БДТ-1 В. Селях атрымаў ад старшыні камітэта Алімпіяды Ф. Кона грамату «За вялікія мастацкія дасягненні» нацыянальнага тэатра. Такім чынам, у творчым поспеху калектыву была і частка яго асабістага ўдзелу.
У якасці прыкладу ўздзеяння дырэктара на мастацкі працэс можна прывесці два загады. У іх гучыць голас дырэктара-артыста, які не толькі па службовых абавязках, а па поклічу сэрца змагаецца з вандалізмам і легкадумнымі адносінамі да культуры і мастацтва.
Першы загад датуецца 6 студзеня 1929 г. Загад № 1:
З прычыны надзвычайна нядбалых, часта варварскіх адносін некаторых працаўнікоў БДТ-1 да музычных інструментаў, асабліва гэта заўважана з боку тых, хто не мае ніякага дачынення да музыкі, у выніку чаго гэтыя інструменты ў разрабураным стане (піяніна без пярэдніх дошчак, без ног, з брудам на струнах, фісгармонія без пакрыўкі, раяль з ломанымі нагамі і адарванай педаляй) усім працаўнікам, якія не ўмеюць іграць на гэтых інструментах, і ўсім, хто не мае ніякага дачынення да музыкі, катэгарычна забараняецца іграць на іх з папярэджаннем, што ў выпадку парушэння гэтага загаду і псавання яны будуць адказваць па арт. 83 КЗ аб працы.
Дырэктар В. Селях. Дзелавод А. Лубнеўскі.
Загад № 83. Па Беларускаму Першаму Дзяржаўнаму тэатру ад 9 кастрычніка 1927 г.
У апошні час некаторыя працаўнікі мастацкага складу пачынаюць карыстацца ў прыватных размовах паміж сабой як у часе працы, робячы ўзаемныя заўвагі, так і ў часе перапынку — расейскай мовай. Напамінаю, што працаўнікі Беларускага Дзяржаўнага тэатра павінны карыстацца ў сценах тэатра толькі беларускай мовай, а ў прыватным жыцці гэта таксама абавязкова на сваю ж карысць, як практыка для сцэны
Дырэктар В. Селях. Дзелавод А. Лубнеўскі.
Пасля трыўмфу ў Маскве Вячаслаў Селях быў неўзабаве зняты з пасады дырэктара БДТ-1. Чаму так адбылося? Ці таму, што не быў камуністам? А дзяржаўная пасада гэтага патрабавала. Ці таму, што быў запрошаны ў Беларусь «нацдэмамі» і доўгі час супрацоўнічаў з імі? Грамадска-палітычныя абставіны на пачатку
Наступныя тры гады, са жніўня 1930 г. па верасень 1933 г., В. Селях працуе загадчыкам Беларускіх драматычных курсаў
Ён па-ранейшаму працягвае музычную дзейнасць. У сценах тэхнікума сцэнічнага мастацтва В. Селях арганізуе Беларускі дзяржаўны рабочы хор і становіцца яго кіраўніком. Добра ведае падзеі пачатку
У 1933 г. ён пакідае радзіму. В. Селях не таму ад’язджае з Беларусі, што не бачыць перспектыў для свайго далейшага развіцця, або таму, што яго абышлі іншыя, больш учэпістыя прадстаўнікі дзяржаўнай наменклатуры. Па даносу Селях павінен быў быць арыштаваны. На шчасце, яго папярэдзілі.
Яго шлях быў скіраваны ў знаёмы Ленінград. Пачалося яго дзесяцігадовае блуканне. У Ленінградзе В. Селях спачатку працаваў намеснікам дырэктара опернай студыі імя Рымскага-Корсакава
Тут В. Селяха і заспела Другая сусветная вайна. Фронт хутка наблізіўся да Ленінграда, і Луга была акупавана немцам!. Але спявак застаўся ў горадзе. У гэты час ён арганізаваў «... канцэртна-эстрадную трупу, у якую ўваходзіў хор з 27 асобаў, камедыйна-драматычны калектыў з 9 асоб, балет з 8 асоб і домравы аркестр з 12 асоб...» (цытуецца па кнізе: В. Селях-Качанскі. Уласны жыцьцяспіс). Хор пад яго кіраўніцтвам часта выступаў, пра яго дзейнасць пісала рыжская газета «За Радзіму». У хуткім часе В. Селях атрымаў прапанову ад Беларускай народнай самапомачы пераехаць на радзіму, у Мінск, каб зноў працаваць на карысць беларускай культуры. Ён прымае запрашэнне ў чэрвені 1943 года. Гэта было другое пасля дзесяцігадовага перапынку вяртанне дадому, якое назначала новы перыяд яго творчага жыцця.
Цікавымі ўспамінамі падзялілася ў асабістым лісце да мяне Галіна Руднік з Мюнхена: «...Дзесьці ў 1943 годзе дзед аднойчы кажа: „Галачка, у нас бу-дуць госці. Прыехаў мой вучань (па Маладзечанскай семінарыі. — С. С.) Вячаслаў Селях з сям’ёй, яны не маюць дзе жыць, пакуль ня знойдуць — будуць жыць у нас“. У Мінску Вячаслаў Антонавіч працаваў рэжысёрам у тэатры. Новы оперны тэатр (будынак тэатра — С. С.) быў разбіты. У драматычным тэатры, што на скверыку (былы БДТ-1. — С. С.) ставілі і оперы, і п’есы. Вячаслаў Антонавіч не любіў немцаў і быў зацятым антыкамуністам. Характар у яго быў досыць круты. Ён быў чалавек моцнай волі, бескампрамісны, заўсёды казаў „праўду-матку“ проста ў вочы і нікога й нічога не баяўся...»
I зноў В. Селях адразу бярэцца за справы мастацкай культуры. Спачатку ён працуе кіраўніком аддзела культуры і мастацтва, а затым кіраўніком гарадскога тэатра ў Мінску, з лютага 1944 года ўзначальвае гарадскі аддзел мастацтва. У гэты час Мінскі гарадскі тэатр працаваў у памяшканні БДТ-1 і аб’ядноўваў оперную і драматычную трупы. Спектаклі ішлі на беларускай мове.
Як рэжысёр В. Селях рыхтуе да пастаноўкі п’есу беларускага драматурга Т. Лебяды «Загубленае жыцце» — драму з жыцця калгаснага сялянства. Прэм’ера гэтага спектакля адбылася ў чэрвені 1944 года. Але ў Мінск прыйшла Чырвоная Армія. Заставацца далей тут значыла падпісаць сабе смяротны прысуд. На захад з Мінска адышоў усяго адзін эшалон — таварны цягнік. Так В. Селях апынуўся ў Нямеччыне, у Берліне.
У яго жыцці настаў новы этап блукання ўдалечыні ад радзімы. Зноў патрэбна было ўсё пачынаць нанова. Беларускія перасяленцы жылі тады ў палацы Дэльфі. Тут, у Берліне, пры тэатральна-канцэртным бюро «Вэнэта» В. Селях супольна з вядомым беларускім кампазітарам М. Равенскім і А. Мяленцьевым стварыў канцэртна-эстрадную трупу «Жыве Беларусь» (1944 г.). У яе ўвайшлі 12 асоб, якія ладзілі канцэрты ў лагерах для эмігрантаў. Потым ён апынуўся ў лагеры Міхельсдорф каля горада Чам, што на чэшскай мяжы. У Нямеччыне В. Селях заставаўся чалавекам, захопленым справамі беларускай культуры і нацыянальнага тэатра. У адным з лістоў сябрам ён дзеліцца думкамі наконт сваёй працы, марыць пра заснаванне народнага хору і драматычнага тэатра-студыі. Распачаць гэтую працу ён планаваў з практычных заняткаў над п’есай, пры падрыхтоўцы якой трэба рабіць тое ж, што рабілі Галубок у сваім вандроўным тэатры, рэжысёры Міровіч і Ждановіч у БДТ-1. В. Селях лічыў пастаноўку п’есы практычнай вучобай.
На гэты раз свае планы В. Селях ажыццявіў. Ён арганізаваў Беларускі драматычны тэатр імя У. Галубка, з трупай якога 28 сакавіка 1948 года ў лагеры Міхельсдорф паказаў п’есу Т. Лебяды «Загубленае жыццё». «...Вялікая і карпатлівая праца кіраўніка тэатра і шчырая зацікаўленасць удзельнікаў пастаноўкі прынеслі нашым гледачам вялікае задавальненне. Яшчэ раз, на эміграцыі, далека ад сваёй роднай Бацькаўшчыны, перад вачыма гледачоў прайшлі тыя жах, тэрор, прыгнет і гвалт, якія пануюць ва „ўсёй неаб’ятнай“. Яшчэ раз гледачы ўбачылі той кашмар, той несправядлівы таталітарны рэжым, які яны самі перажылі...». Адначасова В. Селях ладзіць канцэрты, з якімі выступаў у лагерах Шлягсгайм, Фрайман, Мітэнвальд, Лютэнзее, Рэгенсбург. Вясной 1949 года ён пераехаў з Міхельсдорфа ў другі лагер — Бакнанг, дзе хор пад яго кіраўніцтвам быў запісаны на стужкі. Запісы беларускіх спеваў у яго выкананні потым былі перададзены ў ААН. Хор В. Селяха лічыўся адным з лепшых у амерыканскай зоне (выступаў на вечары «Дажынак», у Прыне ў школе УМСА, на II Беларускім кангрэсе і г. д.).
У 1950 годзе В. Селях атрымлівае дазвол і пераязджае ў ЗША, назаўсёды пакінуўшы Еўропу. У эміграцыі ён стаў кіраўніком аддзела культуры і мастацтва выканаўчага органа Беларускай Цэнтральнай Рады. Ва ўзросце 65 гадоў ён у каторы раз пачынае ўсё зноў. Каб атрымаць сацыяльнае забеспячэнне, першыя тры гады ў ЗША В. Селях працуе на фабрыцы ў горадзе Саўнт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) звычайным рабочым.
Можна толькі ўяўляць сабе, якую любоў да тэатра і мастацтва меў Вячаслаў Селях, каб знаходзіць магчымасць займацца любімай справай. Праз паўгода ён заснаваў Беларускую тэатральную студыю, намаганнямі якой ставіць на амерыканскай зямлі п’есу Ф. Аляхновіча «Шчаслівы муж», потым «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча (1955 г.), у якой сам выконвае ролю Куторгі, «Нясмелага жаніха» (аўтар невядомы, 1957 г.), «Дажынкі» І.Кіпрук (1957 г.). Працуе рэгентам у царкоўным хоры ў г. Элізабэт.
У гэты ж час В. Селях кіруе Беларускім нацыянальным хорам, дзейнасць якога мела вялікае значэнне ў нацыянальным жыцці беларусаў у эміграцыі. З’яўляецца адным з аўтараў газеты «Новае рускае слова» і выкарыстоўвае яе як трыбуну для абароны поглядаў беларусаў на аднаўленне незалежнасці радзімы. Ён піша шмат артыкулаў, успамінаў пра мастацкае жыццё ў Беларусі, дзеліцца вопытам, выказвае свае погляды на развіццё нацыянальнай культуры. Напрыканцы свайго багатага на падзеі і яскравага жыцця В. Селях рыхтуе да выдання «Спеўнік беларускага жаўнера» (выйшаў у свет у 1975 г.), у якім сабраны прыгожыя народныя, побытавыя, нацыянальныя, патрыятычныя і іншыя песні. Зборнік успрымаўся як скарбонка нацыянальнай песні і стаў добрай памяццю самому Вячаславу Селяху, які ўсё жыццё жадаў, каб беларуская нацыянальная культура дасягнула свайго росквіту і атрымала сусветнае прызнанне.
Памёр Вячаслаў Антонавіч Селях 8 жніўня 1976 года ў г. Саўнт-Рывер, ЗША, дзе і пахаваны.
Селях Сяргей Уладзіміравіч

