Легенда пра вёску Гайна

Кажуць з даўніх часоў, што вёску Гайна так назвалі з-за прыгожых бярозавых гаёў. 3 усіх бакоў паселішча акружалі раўнюткія, высачэзныя дрэвы, якія, здавалася, гаманілі з самім небам, хмарам бегчы перашкаджалі. А які прытулак быў для птаства! Магло падацца, што тут раскінуўся райскі куточак — гэтак голасна і непаўторна спявалі боскія стварэнні. Вось у гэтых мясцінах, гавораць, некалі і пабудаваў нейкі падарожны сабе хаціну. 3 цягам часу да яго іншыя людзі сталі далучацца і ўтварылася старажытнае паселішча.

А назва ўжо была зараней падрыхтавана. Раз у гаі пасяліліся, то і назвалі Гайнай, каб галаву не ламаць ды чаго-небудзь мудрагелістага не выдумляць. Але існуе і іншае паданне, мабыць, яшчэ больш старажытнае.

У гэтых мясцінах, у густых і непралазных лясах вадзілаея мноства звяроў. А ад іх, вядома ж, не адна карысць. Даволі часта тыя лясныя звяры і на людзей накідваліся, падпільноўвалі іх, нібы злосныя ворагі, цярпліва ў засадах. Паўзлі чуткі, што то маладзіцу парвалі ваўкі, калі яна з поля вярталася, запрацаваўшыся крыху пазней звычайнага, то селяніна мядзведзь да смерці задушыў, калі той у лес па дровы паехаў… Але найбольш пакутавалі дзеці. Звяры, мабыць, разумелі, што з малымі ім спраўляцца значна прасцей, чым з дарослымі, таму і выбіралі іх у ахвяры часцей за ўсё. Аднойчы вось што здарылася.

Тут, дзе зараз вёска, стаяла ў тыя сівыя гады толькі некалькі хацін. Сем’і былі вялікія, але гэта характэрная рыса ўсіх амаль што без выключэння сялянскіх сем’яў таго часу. Жывёлу пасвілі не кожны сваю паасобку, а дамаўляліся і рабілі гэта па чарзе. Такім чынам некалькі дзён можна было спакойна займацца іншымі гаспадарчымі справамі, ведаючы, што жывёла твая дагледжана і яе ў час прыгоняць дамоў. Ад кожнай сям’і адпраўлялі пастуха. I, ведама ж, пільнавалі, каб, даруй Бог, чаго не здарылася.

У адной сям’і самым старэйшым з дзяцей быў хлопчык Міхалка. Вельмі хацелася бапькам, каб ён дапамагаць хутчэй стаў, зрабіўся іхняй апорай, але хлопчык рос невялічкім і хваравітым. Слабенькі надта быў. Ягоныя аднагодкі бацькам сваім ужо да грудзей даставалі, а гэты, нібы яго чым прывязалі, так і не падымаўся вышэй. Гаспадар, здаралася, трывае, трывае, а потым і запытае:

Ну што ж гэта з табой, сынку? Іншыя вунь ужо араць хутка самі будуць, а ты ў мяне толькі гусей пасвіць і здатны. Калі ўжо мне ад цябе падтрымка нейкая будзе? Эх, жыццё, жыццё, і чаму мне гэтак не шанцуе? Пнуся, пнуся, а ўсё на адным месцы таўчомся. I маці твая працавітая, і дзяцей у нас многа, але яшчэ маленькія ўсе, нібы той гарох у гарошыне, адзін аднаго не падніме, каб панесці. На цябе ўся мая надзея была, а тут… — і схіліць журботна галаву, вось-вось, здаецца, з адчаю слязу пусціць.

Убачыўшы такія справы, маці звычайна ўмешвалася:

Чаго ўжо ты, чалавеча, гэтак убіваешся? Не ўсё так у нас дрэнна, як ты думаеш. Пачакай год-другі,  нічога, што Міхалка маленькі расточкам, але ж ён ніколі не адмовіўся нешта зрабіць. Сам паглядзі: дзе мы — там і ён. Можа, у яго яшчэ сілкі нестае, можа, ён і рады зрабіць, ды не ўмее, а ты адразу так хлапчанё дакараеш. Навошта так рабіць? Паглядзі, ужо і астатнія дзеці падрастаюць. Пройдзе гадоў колькі, і мы з табою толькі паседжваць будзем ды камандаваць, куды катораму ісці, што рабіць. Навошта ж сына так крыўдзіш? Не трэба, мужу, гэтак казаць на яго болей. Ен ужо ўсё разумее і можа некалі пакрыўдзіцца. Каб потым чаго благога сабе не зрабіў.

Пачуе такія словы сам Міхалка, і лягчэй яму стане ад таго, што матуля заступаецца, а з другога боку, і цяжэй, бо ён жа ні ў чым не вінаваты. Пабяжыць тады хлопчык з хаты, зашыецца куды-небудзь і сядзіць там, слёзы глытаючы. Доўга шукаюць яго потым родныя, бо на голас ён не адклікаецца. А калі знойдуць ды прывядуць у хату, бацька тады пачынае нібы перапрошваць сына:

Чаго ж ты, дурненькі, гэтак пакрыўдзіўся? Гэта ж я не на цябе крычаў ці гаварыў нешта благое, а сам сабе жаліўся, набалела на душы. Хіба ж ты не разумееш мяне, сыночак?

Разумею, татка, — адказваў малы і заліваўся ўжо ўголас слязьмі.

Аднаго разу, калі гнаць каровак і авечак у поле выпала якраз Міхалкавым бацькам, ім трэба было яшчэ ехаць на далёкі луг па сена. Запраглі адразу трох конікаў у вазы, каб забраць увесь стог і позна ўвечары вярнуцца дамоў, і бацька кажа, звяртаючыся да Міхалкі:

Ну, сыночак, заўтра з самае раніцы пагоніш кароў у поле. Глядзі ж, родненькі, сам ты яшчэ не пасвіў, а толькі з сястрычкай, так і весялей і смялей было. Яна хоць і меншая за цябе, але ж усё роўна дапамагала. Тут жа глядзі, братка, каб нічога благога не здарылася, бо як мы тады з людзьмі разлічвацца будзем, як ім у вочы глянем? Калі што здарыцца, то крычы, можа, хто пачуе і на дапамогу прыйдзе. Але гэта я сказаў на крайні выпадак. А так не перажывай, не хвалюйся, усё будзе добра. Вечарам каровак дамоў прыгоніш, а ў хуткім часе і мы з сенам на падворак прыедзем. Сястрычку тваю з сабою бяром, каб трэцім конікам кіравала. Глядзі ж, сынку, на цябе ўся мая надзея, ты ж у мяне за галоўнага памочніка заўсёды быў і цяпер застаешся.

Добра, татка, не хвалюйся. Я ўсё зраблю, як належыць. Жывёлу буду пільнаваць, нават не прысяду нідзе, не прыпынюся. Не перажывайце і вы з матуляй. Дома буду вас чакаць.

Так увечары пагаманілі бацька з сынам, а з самае раніцы паехалі гаспадары па сена, а Міхалка жывёлу пагнаў пасвіць.

Нічога бяды не прадвяшчала. Спакойна, ціха ўсё было, толькі птушкі ў небе заліваліся-шчабяталі, ды ветрык лагодна гойдаў верхавіны дрэваў, якія стаялі непадалёку суцэльнай сцяною. Хлопчык увесь час глядзеў за тым, як каровы ды авечкі спакойна скублі траву, і думаў, што хутка скончыцца гэты дзень і яму будуць дзякаваць дома родныя за тое, што ён гэтак іх выручыў у цяжкі момант. Ужо сонейка за полудзень пераваліла, потым і на вечар паказваць стала. Міхалка радаваўся і павараціў жывёлу ў накірунку да дома. Статку трэба было прайсці праз невялічкую дуброву. Вось тут і здарылася бяда. Калі прагнаў пастушок жывёлу праз яе і пачаў глядзець, ці ўсе каровы ды авечкі на месцы, то спалохана ўбачыў, што самай буйной авечкі нестае. Кінуўся і туды, і сюды, а яшчэ ж баяўся, каб астатняя жывёла не разбрылася ў розныя бакі. Крычыць бедалага, плача, але што ты зробіш, калі ніхто не чуе і прыйсці на дапамогу не можа. Уплакаўся так хлапчынка, што ўжо і крычаць моцы не было, толькі хліпаў носам ды слёзы брудным рукавом выціраў. Вырашыў, што жывёлу дамоў падгоніць, а сам вернецца авечку згубленую шукаць. Так і зрабіў. Аббег усё кустоўе, усю дуброву, дзе яна згінула, гай — нідзе не было. Ажно чуе — зусім у іншым месцы нібы нешта падобнае на авечку азвалася. Ен туды, а крык ужо даносіцца з іншага месца. Каб жа ён ведаў, што гэта старая ваўчыха яго кружыла. Яны ж, ваўкі, умеюць і чалавечым, і голасам усялякай жывёлы крычаць, калі спатрэбіцца. Так і тут ліхая звярына зрабіла. А Міхалка з радасцю бег на крык і… нічога там не знаходзіў. Круціўся, круціўся і заблудзіўся канчаткова. А ўжо і цёмна на дварэ зрабілася. У лесе ж зусім, хоць вока выкалі, стала.

Сеў Міхалка на пянёк і заплакаў. Што яму болей рабіць заставалася? Дамоў ісці баяўся, бо паабяцаў жа бацькам, што за ўсім даглядзіць, ды і як выйсці — не ведаў. Незнаёмая мясціна трапілася. Заснуў небарака і нават не чуў, як да яго ваўчыца з падросшымі ваўчанятамі выбралася.

Толькі праз некалькі тыдняў, зусім выпадкова, нехта з хутаранцаў напароўся на тое месца. Там і вопраткі кавалкі валяліся, і торбачку парваную знайшлі. Непадалёку ад дома ўсё здарылася. Звяры так яго падвялі і разарвалі.

Бацькі надта па сыну ўбіваліся. Плакалі-галасілі, маці дык тая валасы на сабе рвала і ўсё паўтарала:

Каб жа хто ведаў, што гэтая гайня за табою пільнавала. Каб жа хто да такога дадумацца мог, то ці паехалі б мы па тое сена, каб яно згарэла… Ой, гайня гэтая, што яна нам нарабіла…

Так і засталася назва Гайня, а потым ужо крыху перайначылася і стала — Гайна.

Главная страница - Logoysk district - Legends - Легенда пра вёску Гайна