Легенда пра вёску Укропавічы

Жыў у Укропавічах адзін памешчык. Даўно гэта было. Можа, і памешчыкам яго нават нельга было назваць, бо меў усяго пару двароў ды з дзесятак сялян. Але ў памяці людзей ён застаўся зусім з іншай нагоды. Справа ў тым, што той пан валодаў здольнасцямі чорнага чараўніка. Нікому ў свеце не дараваў ні крыўды, ні абразы, ні нядобразычлівага позірку. Няхай толькі хто яго закране, то чары дабяруцца не толькі да самога крыўдзіцеля, але і да ягоных нашчадкаў. Пра тыя здольнасці многія распавядалі. Вось што мне чуць давялося ад маёй бабці.

Калі памёр мой дзядуля, а яе муж, то было гэта зімою. А маразы тады стаялі такія, што ажно трашчала ўсё на двары, птушкі ў палёце замярзалі. Дзяцей на вуліцу не выпускалі, каб яны не запруцянелі. Сядзелі па хатах ды Богу маліліся, каб усё жывое стыхія не панішчыла. Яму пад магілу два дні высякалі. Спачатку вогнішча раскладвалі, на нейкую пядзю ў глыбіню прабіраліся, потым усё зноў паўтаралі. Натаміліся і суседзі, якія дапамагалі, і родныя. Бабця ужо і перажываць не надта перажывала, бо неяк крыху супакоілася, пакуль гэткія пакуты вытрывала.

Нарэшце дзядулю пахавалі. Яна лягла спаць зараней, каб адпачыць крыху. Заснула, здавалася, беспрабудным сном. Ды дзе там! Недзе пасля апоўначы (спявалі другія пеўні) пачулася ў хаце груканне і шорганне. Гаспадыня расплюшчыла вочы і пачала ўслухоўвацца. Усё паўтаралася з пэўнымі перапынкамі. Спалохалася жанчына, загаманіла сама з сабою:

Хто гэта ў маёй хаціне тут лазіць? Каму спакою сярод ночы няма? Адгукніся, калі хто ўвайшоў?

У адказ — цішыня. Перажагнулася тады гаспадыня і падумала, што ёй ці то прымроілася, ці то прыснілася пасля такога вялікага гора. Павярнулася на бок, да сцяны, і паспрабавала заснуць. Толькі пачаў яе сон адольваць, як зноў выразна пачулася шорганне. Вось такое, як чалавек знямоглы ідзе і па падлозе ногі не перастаўляе, а валочыць. Потым грукнула за печчу моцна нешта: ці то палена, ці што іншае. Ускінулася жанчына:

— Хто ходзіць? Адзавіся. Ой, Божачкі, ды што ж гэта робіцца? Каб быў муж, дык зараз бы ён такое ўчыніў, што гэтае невядомае стварэнне кулём вылецела б з хаты. А што я адна… Што трэба, калі ўжо хто баіцца азвацца? Бяры ў хаце любую рэч ды ўцякай.

Гаспадыня гамоніць, а тое, невядомае, і не палохаецца ўжо, а працягвае грукаць ды шоргаць, толькі водгулле па кутах разносіцца. Як да стала дабралася, то загрукацела пабітым посудам. Бачыць бабця, што нічога не атрымліваецца, а рабіць жа нешта трэба. Устала, спадніцу нацягнула і стаіць на месцы, далей рухацца баіцца. Хто яго знае, чым можа гэткая спроба скончыцца. Тут у коміне як гопнула, то ажно пыл ды сажа па ўсім памяшканні паляцелі. Вырашыла гаспадыня не рухацца з месца, а маліцца, стаўшы на коленцы. Так і зрабіла. Моліцца, а сама паміж малітвамі азірнецца ды зноў пачынае:

— Хто ж гэта тут у мяне лазіць? Каму ўжо я на гэтым свеце надакучыла? Здаецца, і людзям благога не раблю, а бачыш ты.  Хто ж тут можа быць?

Але ніхто не азваўся і зараз. Зноў зашаптала малітвы жанчына. Праз некаторы час ёй у галаву прыйшла думка: «А што, калі паспрабаваць вырвацца і збегаць ды паклікаць на дапамогу суседзяў?» Стала на каленях да дзвярэй прабірацца. А ў хаце па-ранейшаму стаяў грукат. Ухапілася гаспадыня за клямку і бягом да суседскай хаціны. Залапатала ў акяніцу:

Зміцерка, родны, дапамажы! Выручай! Хутчэй, бо болей ужо не магу!

Што такое? Што здарылася? — пачулася неўзабаве.

Сама добра не ведаю, але нешта не тое. Хутчэй пайшлі да маёй хаціны, бо не ведаю, чым усё можа скончыцца. Каб хоць дамоўку тое ліха не падпаліла. Ой, Зміцерка, хутчэй!

Ды ўжо ж, пабеглі, —  прамовіў вясковец, хутаючыся ў вялізны кажух, неахвота яму было адразу на мароз вылазіць пасля цеплай ляжанкі.

Прышкандыбалі да бабулінай хаціны і стаіліся. Але нічога падазронага не пачулі: ні таго грукату, ні таго шоргання.

Дык можа табе гэта прымроілася ці прыснілася? — паглядваючы на гаспадыню, прамовіў Зміцер.- Сама ж бачыш, усё ціха, нікога няма. Пайду я лепей спаць. Кладзіся і ты, няма чаго па марозу лазіць.

Ой, Зміцерка, я ж адна і ў хату зайсці баюся, не тое што спаць легчы.

Ды чаго ты, дурніца, сама ж чуеш, няма там нікога.

Толькі ён гэтак сказаў, як нешта даволі моцна грукнула ў хаце, і бабця ўхапіла суседа за рукаў:

Вось, чуеш? Чуеш, як малоціць? Сам бачыш, што робіцца, а ты — не палохайся, падалося

— Ага, зараз і я добра чуў, — пагадзіўся Зміцер.

То пайшлі, паглядзім.

— А раптам там…

— Ты што, ужо спалохаўся сам?

— Ды не. Але ж яно неяк… Ноччу, у чужую хаціну… Каб яшчэ днём, то іншая справа.

Дык ты ж не сам у чужую хату ідзеш, а з гас-падыняй. I не на грэх нейкі крадзешся, а выручаць бедную жанчыну прыбег. Так што з гэтага боку няма чаго баяцца. Пайшлі…

— Зараз пойдзем. Дай толькі я з духам збяруся, каб потым, у патрэбны момант, не разгубіцца.

— Толькі цішэй.

Нібы змоўшчыкі якія краліся ў хату гаспадыня з суседам. Ціхенька адчынілі дзверы і… скалыхнуліся ад жудаснага крыку:

Ого-го! Я вам яшчэ пакажу! Я вам яшчэ прыгадаю! Будзеце памятаць мяне! Будзеце баяцца! Разбэсціліся, няма на вас управы! Будзеце ведаць!

Як стаялі сусед з жанчынай ля дзвярэй, так і прыкіпелі хвілін на колькі. Калі прыйшлі ў сябе, то гаспадыня развяла агеньчык на прыпеку, і тады яны ўбачылі на жэрдцы, якая вісела ад печы да сцяны, вялікую савуначніцу.

Вось хто цябе палохаў, — сказаў сусед.

Ага, — не пагадзілася бабця, — яна і чалавечым голасам гарлала…

Сапраўды, — выдыхнуў сусед.

Пад гэтыя словы сава гухнула і паляцела да Дзвярэй. Людзі выйшлі за ёю следам, і тут гаспадыня здзівілася яшчэ болей:

— Глядзі, Зміцерка. Глядзі, бачыш?

— Што?

— Сляды бачыш?

— Ага…

— Дык гэта ж не нашыя, бо мы з другога боку прыйшлі.

— Так…

— А чые ж?

Пытанне так і засталося без адказу. Калі пра здарэнне расказалі вяскоўцам, то яны амаль аднагалосна зазначылі:

Ніхто іншы, акрамя пана, на гэта не здатны.

Потым, з цягам гадоў, той памешчык ці то з глузду з’ехаў, ці то нешта з галавою ў яго адбылося, але пачаў ён з вясны прымушаць сваіх сялян сеяць не жыта-пшаніцу, а ўкроп. Усе палі засяваў. Дзе толькі якую лапінку вольную знойдзе, то адразу ж і верашчыць:

Насення сюды! Укропчыку! Засеяць, каб не пуставала!

Глядзелі на яго людзі і зразумець ніяк не маглі, навошта яму аднаму столькі ўкропу. Калі прадаваць, то не надта гэта бойкі тавар, бо ў кожнага ў агародзе расце, але там садзяць столькі, колькі неабходна для ўласных патрэб. Сказаць што пану сяляне не рашаліся, бо гэта магло ім бокам вылезці. Надта разбірацца гаспадар не любіў, пры першым жа выпадку загадваў улупіць бізуноў — і ўсё на гэтым. Але аднаго разу ўсё ж выплыла прычына сапраўдная наверх. Жыў непадалёку стары дзядулька, які таксама чарамі валодаў, але ён людзям дапамагаў. Калі да яго звярнуліся за парадай, то стары, не задумваючыся асабліва, адказаў:

Гэта ж злыдзень канец свой пачуў і ўкроп разводзіць, каб у ім усялякую нячыстую сілу завесці. Не дапаможа яму гэта, не дапаможа…

I сапраўды, у хуткім часе сканаў памешчык. Закапалі яго за агароджай могілак, а ўвесь укроп павырвалі і спалілі. Толькі вось назва з таго часу ўсё роўна засталася — Укропавічы.

Главная страница - Logoysk district - Legends - Легенда пра вёску Укропавічы