Леганда пра вёску Швабы

Швабы стаялі крыху не тут, дзе зараз, бо людзі паступова нібы пасоўвалі яе туды, дзе зручней сяліцца было. Нават могілкі сёння ў вёсцы не першыя, а трэція ад часу заснавання паселішча. Усялякае пра Швабы расказваюць.

Тады яшчэ прыгон быў, калі ўсё гэта адбылося, у швабскіх мясцінах быў надзвычайны багаты памешчык. Колькі ў яго тых лясоў ды лугоў, вёсак ды мястэчак было, ён, можа, і сам сказаць не мог. Надта багаты вяльможа быў. Бацькі ягоныя тут недзе і жылі непадалёку, трымаліся радзімы, не выязджалі, хіба што ў госці да каго з суседзяў ды на які сейм ці на вайну. Але паціху старыя парадкі пачалі мяняцца. Ужо памешчыкі не самі сачылі за зямлёю, не самі прымушалі людзей працаваць, а сталі даручаць рабіць гэта наймітам усялякім. Калі адзін пан быў — шкура трашчала, а калі іх двое ці трое над табою вісіць, то і жыць намнога цяжэй.

Дык вось той пан, які пасля смерці бацькоў у Швабах стаў валадарыць, вырашыў завесці новыя законы: даручыў эканомам справу весці, а сам сабраўся і паехаў жыць ажно ў Пецярбург. Цяпер кожны падпанак імкнуўся як мага хутчэй узбагаціцца, бо невядома, на колькі гадоў яго пан да сябе ўзяў. Прыедзе ненарокам ды скіне з пасады, і ўсё тады, прапала выгоднае месца, не будзе дзе болей ухапіць дармовых грошай.

3 самага рання да змяркання трымалі сялян на полі. Мала гэтага. Калі памешчык чатыры дні на паншчыне прымушаў адпрацаваць, то новыя гаспадары загадвалі гнуцца не меней чым шэсць; калі гаспадар адзін раз у год загадваў збіраць з прыгонных аброк, то цяпер сталі прымушаць рабіць гэта два разы; раней дзецям нейкая ўступка была, а пасля ад’езду памешчыка яны сталі працаваць нароўні з дарослымі. Збяруць грошы з вяскоўцаў эканомы, палічаць і задаволеныя ходзяць. Яшчэ б! I пану хопіць, і сабе застанецца. За пару гадоў добры сундук можна назбіраць. А ў каго грошай дастаткова ёсць, той і панам заўсёды стане. Гэта ўсе ведалі.

Падпанкам добра, а што бедным сялянам казаць? Іх жа ніхто не пашкадуе, ім жа ніхто дармовага і на капейку не падкіне. Усё трэба сваім крывавым мазалём здабываць. Мала гэтага, сям’я спакою не ведае, дзеці мруць ад стомы, жонка пастаянна хварэе, вось і пажыві тут. Якое свята надарыцца, то збяруцца ціхенька вяскоўцы ды хаваюцца, каб які падпанак не падгледзеў, што яны без працы сядзяць, бо тады хутка прычыну для зачэпкі знойдзе:

Што гэта быдла сёння не працуе? Ці ўся праца пароблена на панскіх палетках? Толькі і робіць гэтае мужыччо, што сядзіць ды хлеб дармовы жарэ, а як пачнеш прымушаць лішні раз спіну сагнуць, дык крычаць пра здзекі нечуваныя… На працу, злыдні!

Так даводзілася бедным сялянам адпачываць. Песню ніхто, можа, дзесятак гадоў не чуў, толькі галашэнні па заўчасна пакінуўшых гэты свет родных ды блізкіх. Бацькі гэтага памешчыка былі зусім іншымі, яны і самі добра жылі, і сялянам жыць давалі.

Рознае гаварылі, але сышліся на адзінай думцы — трэба дачакацца, калі прыедзе памешчык з Пецярбурга, і паслаць да яго найбольш хітрых і кемлівых, каб яны давялі гаспадару пра ўсё праўдзіва. Ужо і такіх вяскоўцаў знайшлі, пачалі іх прыспешваць, каб думалі, пра што казаць пачнуць, калі перад грознымі панскімі вачыма паўстануць, бо нешта забудуць, а потым калі выправіш… Ці ж будзе памешчык сюды-туды ездзіць толькі дзеля вырашэння нейкіх дробязных для яго сялянскіх праблем.

Каб жа так, як падумалі, дык адразу і адбылося. Чакаць прыезду сапраўднага гаспадара давялося некалькі гадоў. Ужо і верыць тубыльцы перасталі, што ён можа заявіцца ў родныя мясціны. Палова з тых найбольш хітрых і кемлівых памерла, а астатнія ледзьве хадзілі. I тут, нібы снег на галаву:

Пан прыехаў! Пан прыехаў! Сам пан прымчаў з Пецярбурга! Коні цугам у палац папёрлі!

Здавалася, што гэтай сустрэчы чакалі не толькі змарнелыя людзі, але і сама маці-прырода, якой таксама даставалася ад злыдняў-падпанкаў.

Неяк сабралі пасланцоў. Яшчэ з вечара заняліся гэтай справай, каб раніцай да палаца падацца, у панскія ногі кінуцца І пра ўсё чыста паведаміць.

Глядзіце ж, толькі не забудзьцеся пра ўсё згадаць. Не палохайцеся надта, бацькі ж іхнія (маецца на ўвазе памешчыкавы) былі людзі спагадлівыя, то і сын павінен па іх характары пайсці. Прасіцеся-маліцеся, на ласку панскую спасылайцеся, можа, нешта і памяняецца.

Прыкладна такімі словамі выпраўлялі пасланцоў да пана. Тыя, падбадзёраныя, смела пайшлі да палаца. Але чым бліжэй падыходзілі, тым цяжэй даваліся ім крокі. Не, не ад стомы, да яе сялянскія ногі звычныя, а ад хвалявання і страху. Хто ж ведае, што іх там чакае. Зайдуць зараз, а памешчык, замест таго, каб выслухаць, загадае бізунамі пачаставаць. Тады не толькі спіна балець-смылець будзе, але і аднавяскоўцы пазней смяяцца пачнуць, што вось, маўляў, да чаго дагаманіліся! Хіба ж мы вас на гэта пасылалі?!

Да агароджы яшчэ неяк дадыбалі, а далей ужо хоць ты іх страляй, ісці не могуць. Тут вяскоўцаў заўважыў вартаўнік, наблізіўся да сялян і, адчуўшы іхні спалох, запытаўся:

А вам што тут трэба, мяшкі з торбамі?! Чаго прыперліся да панскага палаца?! Нешта згубілі тут ці што?!

Згубілі, чалавеча, згубілі, — пачаў было самы бойкі і кемлівы з пасланцоў, — праўду згубілі… Да пана прыйшлі яе шукаць… Ці не прапусціш нас далей?..

Ага, злітуйся над намі,— звярнуліся і іншыя да злога служкі.

Зараз я вам як прапушчу, то скура ў вас на спінах патрэскаецца! — не доўга думаючы, зароў вартаўнік.— Прысунуліся сюды, ды яшчэ да пана Шваба іх прапускай! Вон, каб і вочы мае вас не бачылі!

А чаго ты тут разверашчаўся? — неяк зусім спакойна звярнуўся да вартаўніка адзін з пасланцоў.

Служка не чакаў такога павароту справы і адно толькі — рот разявіў у адказ.

— Мы ж на тэрыторыю палаца не ўвайшлі і за агароджу таксама! Так што стой на сваім месцы, а мы цябе і ведаць не ведаем! Патрэбны ты нам. Знайшоўся гаспадар, — дадаў ён ужо з’едліва,— сам, можа, толькі ўчора лапці на боты памяняў, а ўжо лаяцца будзе…

Адышлі пасланцы ад брамы і прыселі на траву пад Дрэўцам. Сядзяць і мяркуюць, як далей быць. Колькі часу прайшло, і сказаць ніхто не мог. Неяк усталі і пасунуліся зноў да брамы.

Ды тут зараз ніякай варты ўвогуле няма. Можна да самага ганка смела кіраваць, — паціху прашаптаў нехта з вяскоўцаў.

То давай і пойдзем, а там ужо што будзе, бо назад вяртацца без нейкага адказу нам нельга.

Падаліся да ганка і сталі побач з ім, а што далей рабіць — не ведаюць. Нарэшце выйшаў нейкі багата апрануты чалавек, то яны да яго і кінуліся ў ногі:

Дапамажы, пане Шваб! Выручай нас, бо прападзём усе праз якіх пару гадоў! Не будзе каму табе грошы і хлеб зарабляць! Выручай!

Галовамі ў пыл уторкнуліся, толькі азадкі, нібы капуры, да сонца выставілі. У адказ той пан як зарагоча, ды як стане на іх пальцамі паказваць:

Авохці мне! Ой, Божачка! Ды які я пан Шваб. Я толькі яго пакаёвы! Пан яшчэ спіць. Як прачнецца, тады яго паклічу. А зараз тут чакайце.

Прамовіў так і назад пайшоў. Недзе ажно пасля полудня вылез памешчык на ганак. Свірэпа глянуў на схіленыя долу галовы і запытаўся:

А гэтыя чаго тут топчуцца? Што ім тут трэба?!

Падскочыў да яго пакаёвы і гаворыць:

Ды яны, ваша вялікасць, прыйшлі скардзіцца на благое жыццё. На эканомаў тваіх, якія тут за парадкам сочаць.

Што?! Скардзіцца прыйшлі?! На эканомаў?! На маіх верных служак?! Ды як вы толькі да гэтага дадумаліся, дурныя галовы?! Гані іх адсюль, пакуль не загадаў бубну на спінах павыбіваць! Авечкі гэтыя!

Як плетанулі мужчыны з панскага падворка — толькі пыл слупом ззаду ўзняўся і курэў за імі. Прымчалі да вёскі і сядзяць, адзін на аднаго з сораму глянуць не могуць. А тут і аднавяскоўцы пачалі падыходзіць, каб распытаць, што ды да чаго там выйшла. Выслухалі людзі даволі звычайную для іх гісторыю і нізка апусцілі гаротныя галовы, толькі нехта з пасланцоў гігікнуў коратка і дадаў:

I пра авечак нешта крычаў. Мабыць, забараняў у лесе пасвіць.

Ціха-ціха стала. Потым дзядулька стары, якога сюды пад рукі прывялі, мовіў:

Эх, швабы, швабы...

I невядома да каго ён гэтак звяртаўся. Толькі назва за паселішчам такая дзіўная з таго моманту і засталася — Швабы.

Главная страница - Logoysk district - Legends - Леганда пра вёску Швабы