Клопаты аб здароўі працоўных Лагойскага раёна

Дзясятая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

У г. п. Лагойск, па вуліцы Перамога, жыве адзін са старэйшых медыцынскіх работнікаў, цяпер пенсіянер Аляксандр Фёдаравіч Паляшук. Звыш 50 гадоў ён са сваёй жонкай Аннай Леапольдаўнай працаваў у бальніцы, прымаў і лячыў хворых.

Вось што гаворыць Аляксандр Фёдаравіч аб стане медыцынскага абслугоўвання ў мінулым:

Сваю работу ў якасці фельчара ў Лагойскай бальніцы я пачаў у 1909 годзе. Тады гэта была адзіная медыцынская ўстанова, якая абслугоўвала тры воласці. Класці хворых на лячэнне не было дзе. Бальніца, правільней кажучы прыёмная, размяшчалася ў цесным, невялікім пакойчыку. За медыцынскай дапамогай насельніцтва звярталася ў выключным выпадку. Часцей за ўсё яно шукала яе ў знахароў і бабак-шаптух. Смертнасць была вялікай. Штогод паміралі сотні людзей ад туберкулёзу, тыфу, дызентэрыі і іншых хвароб.

Раённая паліклініка

Лагойская раённая паліклініка

Зусім іншае становішча цяпер. За гады Совецкай улады вырасла цэлая сетка медыцынскіх устаноў. Яны ёсць амаль у кожным буйным населеным пункце. Усяго ў раёне налічваецца 3 сельскія бальніцы на 35 ложкаў, 3 урачэбныя ўчасткі, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, адзін здраўпункт. Заканчваецца будаўніцтва здраўпункта ў вёсцы Падонкі.

Ні з чым ранейшым не параўнаеш прыгожага бальнічнага гарадка ў Лагойску. Ён абсталяван навейшай апаратурай. Есць тут рэнтген-устаноўка, хімічная, бактэрыялагічная, клінічная і зубапратэзная лабараторыі.

Ва ўстановах аховы здароўя працуе 110 кваліфікаваных медыцынскіх работнікаў, у тым ліку 21 урач, 22 фельчары і 16 акушэрак.

Совецкая дзяржава нястомна клапоціцца аб умацаванні здароўя працоўных. 2349 тысяч рублёў раённага бюджэту запланавана выдаткаваць у гэтым годзе на патрэбы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

Главная страница - Logoysk district - Documents - Клопаты аб здароўі працоўных Лагойскага раёна