Лагойскі раён пасля Айчыннай вайны

Сёмая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

Яшчэ дыміліся папялішчы, а працоўныя раёна, натхнёныя гераізмам совецкіх воінаў, дружна ўзяліся за аднаўленне народнай гаспадаркі, разбуранай нямецка-фашысцкімі акупантамі. За кароткі час былі адноўлены ўсе калгасы, МТС, пачалі працаваць прадпрыемствы мясцовай прамысловасці, культурна-асветныя ўстановы, школы.

Нягледзячы на недахоп рабочай сілы і цягла, хлебаробы паспяхова правялі ўборку ўраджаю і здалі ў фонд Совецкай Арміі сотні тон хлеба.

Нацярпеўшым ад вайны дапамагаў увесь совецкі народ. У парадку брацкай дапамогі для насельніцтва раёна былі завезены прадукты харчавання, вопратка, абутак. Калгасы атрымалі жывёлу, насенны матэрыял, доўгатэрміновыя крэдыты. Дзяржава рабіла ўсё магчымае, каб хутчэй вярнуць людзей да нармальнага жыцця, хутчэй ліквідаваць вынікі варожай акупацыі. Ужо на 1 студзеня 1946 года ў калгасах налічвалася 1763 галавы буйнай рагатай жывёлы, 1580 авечак і 2770 коней. На калгасных палях паявіліся дзесяткі новых айчынных трактараў.

Асаблівай увагай і клопатамі акружыла дзяржава сем’і загінуўшых воінаў і тых, хто ў перыяд вайны страціў сваё жыллё, знаходзіўся ў зямлянках або на падсяленні. Ім быў адпушчан бясплатна лес і іншыя неабходныя матэрыялы. 70 калгаснікам дамы былі пабудаваны бясплатна, за дзяржаўны кошт. Толькі за тры пасляваенныя гады з дапамогай дзяржавы было пераселена з зямлянак у новыя дамы 2750 калгасных сем’яў. На месцы руін выраслі новыя прыгожыя вёскі.

Мацнелі, набіралі сілы калгасы. Асабліва вялікія змены адбыліся ў іх пасля вераснёўскага Пленума ЦК КПСС. На кіруючую работу ў вёску партыя паслала сваіх лепшых прадстаўнікоў, многія з якіх энергічна ўзяліся за работу і дабіліся прыкметных поспехаў у развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Добра зарэкамендавалі сябе пасланцы партыі, старшыні калгасаў С. Е. Данільчык, І. В. Багінскі, Л. К. Афаневіч, I. Р. Марозаў, Н. А. Колік.

Раней адстаючы калгас «Перамога» пры ўмелым кіраўніцтве і настойлівасці комуніста тав. Данільчыка выйшаў у лік перадавых у раёне. У мінулым годзе сярэдні ўраджай збожжавых у гэтым калгасе склаў па 12 цэнтнераў з кожнага гектара, а бульбы — па 120 цэнтнераў. Яшчэ вышэйшы ўраджай вырашчан сёлета. Калгас паспяхова разлічыўся з дзяржавай па нарыхтоўках і закупу збожжа і ўжо выдаў калгаснікам у разліку на кожны выпрацаваны імі працадзень, не лічачы памесячнага авансавання, на паўтара кілограма зерня.

Да непазнавальнасці змяніўся выгляд цэнтральнай сядзібы калгаса. Тут за апошнія гады пабудавана звыш дзесяці капітальных будынкаў, у тым ліку прыгожы жывёлагадоўчы гарадок. Амаль усе працаёмкія работы ў жывёлагадоўлі механізаваны. У кармакухні ўстаноўлены і працуюць кормапрыгатавальны камбайн, гідролізная ўстаноўка, універсальны млын. На фермах абсталяваны падвесныя дарогі, укараняецца электрадаенне. Гаспадарка поўнасцю электрыфікавана. Калгас мае 7 грузавых аўтамашын.

На працягу доўгага часу не ладзіліся справы ў сельскагаспадарчай арцелі «1 мая». Не маглі калгаснікі пахваліцца ні паляводствам, ні жывёлагадоўляй. Прыбыткі гаспадаркі не перавышалі 50–70 тысяч рублёў у год. Але вось тры гады таму на чале калгаса стаў комуніст Іван Раманавіч Марозаў. Становішча пачало рэзка мяняцца. Ужо летась, дзякуючы павышэнню ўраджайнасці і прадуктыўнасці грамадскай жывёлагадоўлі, прыбыткі калгаса перавысілі за 350 тысяч рублёў. Тут побач з іншымі работамі шырока разгарнулася будаўніцтва гаспадарчых аб’ектаў. Пабудаваны і хутка будуць здадзены ў эксплуатацыю тыпавы свінарнік, універсальная сушылка, клуб-кантора і яшчэ некалькі пабудоў.

Ва ўмацаванні эканомікі калгасаў значную ролю адыграла ільнаводства. Пасевы ільну ў параўнанні з 1953 годам у раёне павялічыліся на 768 гектараў. Усяго ад рэалізацыі прадукцыі ільну калгасы атрымалі летась звыш 4 мільёнаў рублёў прыбытку.

Расце колькасць жывёлы на фермах, павышаецца яе прадуктыўнасць. За апошніх 6 гадоў прырост кароў на ферме склаў 1048 галоў і свіней 999 галоў. Калі ў 1951 годзе на адну фуражную карову было надоена 769 кілограмаў малака, то ўжо за 8 месяцаў гэтага года надоена 1143 кілограмы. За адпаведны перыяд адкорм свіней павялічыўся больш як у 4 разы.

На палях калгасаў працуе рознастайная тэхніка. МТС раёна маюць сотні трактараў, 59 самаходных камбайнаў, 21 бульба-камбайн, 89 трактарных сеялак і многа іншых простых і складаных машын. Поўнасцю механізаваны зяблевае і веснавое ворыва, сяўба, сіласаванне кармоў, механізавана значная частка работ па ўборцы, церабленню і апрацоўцы ільну.

Трывала ўваходзіць у калгасную вытворчасць электрычнасць. Усяго ў раёне пабудавана 70 кілометраў высокавольтных ліній, устаноўлена 18 трасфарматарных падстанцый агульнай магутнасцю 775 кіловат.

Электрычную энергію атрымалі ўсе калгасы Беларуцкага, частка калгасаў Лагойскага, Кузевіцкага і Гайненскага сельсоветаў.

Главная страница - Logoysk district - Documents - Лагойскі раён пасля Айчыннай вайны