Беларучы

У 2008 годзе спаўнілася 457 гадоў вёсцы Бяларучы Лагойскага раёна. Упершыню ў пісьмовых крыніцах вёска згадваецца ў 1551 годзе. Адкуль назва пайшла? За ракой Вячай, прыблізна за паўкілометра ад вёскі, узвышаецца высокая круглая гара — Салаўіная. Гэта недаступныя птушыныя ўгоддзі, у тым ліку і салаўіныя. Але акрамя гэтага чутны, таксама звонкі пералівісты голас ручая, што збягае па каменнях, па размытай гальцы ручая, якому даюць ваду крыніцы, што б’юць з адхону гары. Ручай цурчыць па каменнях і ўзбівае белую пену, што сплывае ўніз. Вось за гэтыя белыя пеністыя «ручнікі», што ўвесь час трымаюцца на вадзе ў паднажжа Салаўінай гары, ручай і назвалі Белым. Упадае ручай у недалёкую Вячу. Пазней «Белый Ручей» пераўтварыўся ў Беларучча, а затым ў Бяларучы. На картах 16 стагоддзя мясэчка так і пазначана — «Бяларуч».

У цэнтры вёскі Бяларучы захавалася гарадзішча. Прамавугольная пляцоўка памерам 63×30 м пашкоджана была траншэямі Вялікай Айчыннай вайны. З паўднёвага і паўднёва-заходняга бакоў да гарадзішча прымыкала селішча плошчай каля 1 га, якое адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі і больш позняга часу. Курганны могільнік. На паўднёва-усходняй ускраіне вёскі — 23 насыпы. На тэрыторыі Бяларуцкай воласці ў ваколіцах маёнтка Відагошч (цяпер Камсамолец Мінскага раёна) у курганах былі знойдзены: бронзавыя грыўні, пярсцёнкі, бранзалет, спіралькі, бразготкі, шкляныя пацеркі. На агародах у межах вёсак Малыя і Вялікія Гаяны трапляецца кераміка XIV стагоддзя і больш позняга часу. У вёсцы Мярковічы былі знойдзены манеты і бронзавы колакал сярэдзіны 19 стагоддзя з надпісам на яго ніжняй бакавой частцы:

Колокол БРАТЪЕВЪ*МОЛКВУХЪ*№ 1 1876 ГОДА.

На верхняй частцы колакала — чатыры гербы пагоні.

Ля вёсцы Мачаны, на левым беразе ракі Вяча стаіць гарадзішча. Мясцовая назва яго — Замчышча: прамавугольная пляцоўка, памерам 57×26 м, умацавана двума валамі і равамі. У 1567 годзе маёнтак Бяларучы згадваецца ў попісе войска ВКЛ, у Мінскім павеце і ваяводстве. У 1582 годзе двор Бяларучы належыў Каленіцкай-Тышкевіч, княжны Барбары Васільеўны Саламарэцкай.

23 лістапада 1812 года вялікі рускі палкаводзец фельдмаршал Міхаіл Іларыёнавіч Кутузаў, пакідаючы Косіна, накіраваўся на Радашковічы. У той дзень ён зрабіў прыпынак у мястэчку Бяларучы. З Бяларуч ён паведамляў у Маскву: «Поспехі Расійскай арміі ў праследаванні праціўніка час ад часу становяцца ўсё больш ашаламляльнымі. Кожны крок наперад ёсць перамога, гібельная да ворагаў Еўропы».

Адмена прыгоннага права і надзяленне сялян зямлёй была праведзена ў інтарэсах памешчыкаў. Усе землі за правым берагам Вячы былі памешчыцкімі, якія ўразаліся ў сялянскія надзелы. На левым беразе ракі Вяча памешчык Сегін Браніслаў валодаў Камяніцай і Віткоўшчынай. Памешчыцкай была ўся вуліца, якая ішла ад дарогі на ўсход.

У канцы ХІХ ст. Бяларучы заставаліся невялікім, глухім і бедным паселішчам. Шынок, млын, і некалькі крам, тры дзясяткі хат, невялікі драўляны будынак вучылішча, які стаяў каля рэчкі, блізка ля дарогі, — вось і ўсё мястэчка. Але затое са сваёй мясцовай уладай: валасным стараствам, пісарам, ураднікам і папом.

Рэлігія

У вёсцы было дзве царквы: Свята-Багародзіцкая царва і драўляная праваслаўная Свята-Успенская царква. Адна, што была сярод вёскі, называлася «старой». Другая, «новая», па вонкаваму выгляду куды прыгажэйшая за першую, знаходзілася ў канцы вёскі ў напрамку вёскі Вяча. Царква стаяла высока на пагорку, што размясціўся ля дарогі, і зайсці ў храм, асабліва зімой, або занесці на адпяванне нябожчыка, было няпроста.

Успенская церковь Божьей Матери 5-го класса, деревянная, штатского годичного жалования причту 234 р. К ней принадлежали церкви: Приписная Гаянская (Рождество-Богородичская) церковь; прикладбищенские: Моцковская каплица (Свято-Троицкая) церковь, Мочанская (Предтеченская) и Жуковская (Свято — Петропавловская) церкви.

Час будаўніцтва храма не высветлены. Вядома, што ў царкоўным архіве захоўваліся метрычныя кнігі. У 1800 годзе адзначана як уніяцкая пры маёнтку мінскага крайчага Фамы Аборскага. Невялікі вясковы храм быў зроблены ў форме падоўжанага крыжа. Гонтавыя дахі над зрубамі завяршаліся двума глухімі купаламі, у франтоннай частцы ўзвышалася шатровая званіца. Унутры апсіду вылучаў двухярусны іканастас на сем абразоў, меў блакітную афарбоўку, на якой палымяна вылучалася дэкаратыўная пазалочаная накладная разьба. Ад вясковай забудовы храм адасабляўся простай агароджай з бярвення.

У 1816 годзе маёнтак Бяларучы належыў мінскаму крайчаму памешчыку Фаме Францову Аборскаму. Ён меў пры сабе 29 сялян і 5 дваравых (людзі якія прыслугоўвалі памешчыку пры двары).

Святаром з 1830 года ў царкве ў імя Ўспення Прасвятой Багародзіцы быў Есен (Іван) Паўлавіч Бараноўскі, які закончыў Мінскую духоўную семінарыю. Пры маёнтку ў 1880 годзе існавала драўляная Свята-Багародзіцкая царква. На 1880 год гэты будынак быў даволі крэпкі, толькі патрабаваў рамонту даха. Храм у гэтым годзе наведвалі 862 жанчыны і 895 мужчын. На вялікі жаль да нашых часоў царква не дастаяла, але на яе месцы цяпер стаіць Успенская царква Божай Маці з чырвонай цэглы, адбудаваная ў 2004 годзе.

Паводле перапісу 1861 года ў мястэчку было 15 двароў, 139 жыхароў.1870 год вёска — цэнтр Бяларуцкай воласці, 50 рэвізскіх душ мужчынскага полу належылі памешчыцы Лапушынскай.

Школа імя Янкі Купалы

У 1870 годзе было адкрыта народнае вучылішча. Школа знаходзілася ў падножжа гары, на якой раслі сосны. Ад вуліцы школа была агароджана частаколам. У школе было ўсяго чатыры пакоі і тры пакоі-кватэры, у якіх за перыяд з 1923 па 1926 гг. жылі настаўнікі А. І. Лічко і С. В. Мігай, а таксама Сцепаніда Галадушка — маці-адзіночка з сынам, якакя працавала тэхнічкай. Характэрна, што з пачатку дзяўчынкі не вучыліся, а вучыліся хлопчыкі. Галоўным прадметам у школе быў Закон Божы, а затым ішлі арыфметыка, чытанне, чыстапісанне, спевы. Вучыліся толькі на рускай мове. Падручнікаў і іншых вучэбных дапаможнікаў не хапала, ды і купіць было не за што. Пісалі на грыфільных дошках. За дапушчаныя памылкі пры пісьме настаўнік караў вінаватых «лапай»: колькі памылак, столькі і ўдараў па далоні.

На прыканцы 19 ст. тут вучылася 39 хлопчыкаў. На пачатку ХХ ст. Бяларучы — цэнтр сельскай грамады. У 1907 годзе народнае вучылішча пераўтварылася ў аднакласнае, у 1909 годзе — ў двухкласнае, а ў 1917 годзе — ў сямігадовую школу, якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак. У 1924 годзе ў ёй вывучалася 568 вучняў. У другой палове 1930-х гадоў Бяларуцкая няпоўная сярэдняя школа была даведзена да ўзроўню базавай дзесяцігадовай школы.

Сярод гэтых хлапчукоў быў і пятнаццацігадовы Янка Купала, які вучыўся ў Бяларуцкім народным вучылішчы з восені 1897 года да вясны 1898 года. Жыў ён у інтэрнаце (звычайная хатка, што знаходзілася побач са школай). Правучыўшыся адну зіму ў Бяларучах у настаўніка Турчыновіча ён здаў экзамен, атрымаў атэстат, які дарэчы недзе згубіў, але копія гэтага дакумента і па сёнешні дзень захоўваецца ў музеі школы. Пасля гэтага ён доўгі час не мог вучыцца: беднасць прымусіла яго шукаць іншага хлеба. У 1898 годзе пакідае Бяларуцкае вучылішча. Ён сам здабывае сабе веды, шмат чытае.

У в. Прудзішча Бяларуцкай воласці Луцэвічы ўзялі ў арэнду фальварак у памешчыка Жаброўскага і жылі там на працягу 10 гадоў. Янка бачыў, як моцна залежыў бацька ад памешчыка, як нялёгка яму даводзілася спраўляцца з гаспадаркай і дапамагаў яму чым мог. Янка Купала вучыўся таксама і ў в. Мачаны Бяларуцкай волосці і ў Гаянах, у Бясядах, Прудзішчах. У Гаянах і Прудзішчах на той час школ не было і Янку даводзілася хадзіць пешшу з Прудзішча ў маёнтак Гаяны да нанятага настаўніка-дырэктара. Нельга таксама не адзначыць і вёску Лысая Гара Бяларуцкай воласці, дзе некаторы час непадалёк ад яе ў вёсцы Акопы жыла маці Янкі.

Сёння, адна са старэйшых школ у Лагойскім раёне, школа ў Бяларучах носіць імя Янкі Купалы. У 1954 годзе тут быў адкрыты першы клас-музей Янкі Купалы, а ў 1998 годзе С. С. Майхровіч (старшая супрацоўніца літ. музея) адкрыла новую экспазіцыю музея «Янка Купала ў Бяларучах», прыўрочанную да 100-годдзя са дня заканчэння Купалам Бяларуцкай школы.

ХХ стагоддзе

Насельніцтва займалася земляробствам. Нязначная яго частка, выключна яўрэі, займаліся гандлем і кустарнымі промысламі. З культурных устаноў таго часу выдзяляліся два будынкі, якія знаходзіліся пры ўваходзе ў вёску Бяларучы з напрамку вёскі Гаяны. Першы будынак з левага боку ад дарогі — Бяларуцкая воласць, другі — крыху далей, ужо з правага боку вуліцы, супраць яўрэйскіх домікаў, што ў сосніку, — Бяларуцкая школа. К канцу 20-х гадоў вуліцу ў Бяларучах выклалі брукам (каменнем). Брук клалі спецыялісты, якія наймалі самі жыхары вёскі. Дарога на Мінск ішла праз Вячу, Маркаўшчыну, Відагошч.

На пачатку ХХ стагоддзя на месцы, дзе сёння размяшчаецца Бяларуцкі магазін, стаяў помнік імператару расейскому Александру ІІ. Помнік быў адкрыты ў 1911 годзе. На адкрыцці прысутнічаў губернатар, іграў губернскі аркестр, а сялянам выдалі па чарцы гарэлкі. Але пасля Лютаўскай рэвалюцыі мясцовы каваль падняўся па лесвіцы и малатком разбіў галаву «вызваліцелю». Пастамент ад помніка стаяў аж да пачатку 80-х гадоў, потым пачалі будаваць магазін, помнік знеслі і застаўся ён толькі ва ўспамінах мясцовых жыхароў.

У 1919 годзе палякі набліжаліся да Бяларуч. Быў бой, на адным беразе ракі Вяча былі чырвонаармейцы, а на другім — палякі. Як успамін аб тых падзеях у вёсцы Вяча стаіць помнік загінуўшым чырвонаармейцам.

З 20.8.1924 года вёска Бяларучы — цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі. У 1930 годзе быў створаны калгас «Іскра», працавала кузня, вадзяны млын. У 1890 годзе млын належыў Мацкевічу Мікалаю Прохаравічу з мястэчка Бяларуч. Яна была аднапавярховая, маленькая, драўляная з драўлянага фундамента. Дах гонтавы, 9 аршын даўжыні і 9 аршын шырыні, 6 аршынь высаты. Стаяла на беразе ракі Вяча. На будаўніцтва ў 1890 годзе затраціла сто рублёў, а на 1925 год яе кошт складаў 50 рублёў.

Вялікая Айчынная вайна

У 1941 годзе ў вёсцы было 69 двароў, 353 жыхары. У Бяларучах к таму часу ўжо быў створаны паліцэйскі ўчастак. Таксама дзейнічала ў вёсцы і падпольная арганізацыя, якую ўзначальваў І. І. Сляшынскі. З дапамогай партызанскай сувязной Надзеі Харчанка партызанам удалося знішчыць варожае гняздо. У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1942 годзе гітлераўцы спалілі вёску (69 двароў), загубілі 13 жыхароў, 24 жыхароў вывезлі ў Нямеччыну, 19 войскоўцаў загінулі на фронце, 4 — у партызанскай барацьбе. Дзейнічалі падпольныя партызанскія арганізацыі «Дзіма», «Дзядзя Коля», «За Бацькаўшчыну», брыгады «Штурмовая», Астрашыцка-Гарадоцкае патрыятычнае падполле і інш. У баях за вызваленне вёскі загінулі 2 савецкія воіны.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 26 чэрвеня 1941 года непадалёку ад вёсцы Мярковічы быў збіты савецкі самалёт ДБ-3Ф, ён упаў у лясны балотны масіў непадалёку ад Мярковіч. Другі паветраны бой адбыўся над вёскай Баравые. Фашыстам удалося падбіць савецкі самалёт. Лётчыкаў пахавалі жыхары Баравых, якіх потым немцы спалілі разам з вёскай. Па форме ўстаноўлена, што экіпаж складаўся з трох чалавек: два лейтынанты і сержант. Іх астанкі перахаваны на могілках вёскі Карбачоўка.

У 1969 годзе ў вёсцы Бяларучы налічвалася 54 двары, 196 жыхароў. На 1 снежня 2003 года  — 39 двароў, 78 жыхароў. На сёнешні дзень вёска Бяларучы — цэнтр сельсавета, у які ўваходзяць 18 навакольных вёсак, у саміх Бяларучах размешчаны бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, царква, аддзяленне сувязі, магазін, піянер-лагер «Зорка». Найвышэйшы пункт над узроўнем мора — 333 м, знаходзіцца каля вёскі Вялікія Бясяды. Ад Бяларучская школы да Бясядаў была праложана бетонная дарога. І па ёй жа праз Бяларучы па маршруце: в. Янушкавічы — в. Прысёлкі — в. Бяларучы — рака Вяча — в. Вішнёўка — в. Паперня — Старажоўскі мост (у Мінску) у час вайны была дастаўлена міна ў Мінск, на якой падарваўся нямецкі гаўляйтер Вільгельм Кубе.

Вось такая невялічкая вёска Бяларучы, а колькі гістарычных падзей адбывалася ў яе жыцці, колькі сакрэтаў яна яшчэ захоўвае, колькі яшчэ не высветлена і прадстаіць высветліць.

Дзмітрый Дуброўскі