Старыя вуліцы Лагойска

Нямногія жыхары Лагойска, напэўна, ведаюць, якія назвы насілі вуліцы нашага горада, напрыклад, у першай палове XX стагоддзя. Дакладна вядома з архіўных крыніц, што ў 1927 годзе іх было толькі шэсць: Савецкая, Камунальная, Камсамольская, Смалявіцкая, Барысаўская, Прафінтэрна і тры завулкі: Завозерскі, Банны і Чырвоны Роў.

Гістарычны цэнтр Лагойска, цяперашняя вуліца Камсамольская, што цягнецца ўздоўж парка, раней называлася Замкавай, бо яна размешчана побач з Замкавай гарой, на якой у даўнія часы стаяла высокае збудаванне, акружанае глыбокім ровам. Цяперашняя вуліца Савецкая ў тыя часы была не такая працяглая: яна пачыналася ля аўтастанцыі, якой тады яшчэ тут не было, і заканчвалася ля цэнтральнай плошчы. У дакастрычніцкія часы яна мела іншую назву — Віленская, бо праз Лагойск тады праходзіў Стара-Віленскі тракт. Ад Цэнтральнай плошчы да ракі Гайна вяла вуліца Камунальная, а далей — Касцёльная, назва якой указвала на яе месцазнаходжанне — каля касцёлу. Назвы вуліц Барысаўскай і Смалявіцкай пайшлі ад назваў тых населеных пунктаў Міншчыны, да якіх яны вялі. Былую Мікольскую вуліцу, якая была так названа таму, што пачыналася якраз насупраць Свята-Мікольскай царквы, у першыя гады Савецкай улады пераназвалі ў вуліцу Прафінтэрна, у гонар прафсаюзнага інтэрнацыяналу.

Вуліца Савецкая

Вуліца Савецкая

Паходжанне назваў колішніх Баннага і Завозерскага завулкаў не загадка: яны з’яўляюцца назвамі-арыенцірамі. Дарэчы, зараз гэта аднайменныя вуліцы. Завулак Чырвоны Роў быў на месцы цяперашняй вуліцы Гайненскай, назву сваю атрымаў ад таго, што праходзіў у нізіне. Аб гэтым сведчаць старыя будынкі, якія стаяць ніжэй падсыпанай пазней і прыўзнятай над узроўнем невялічкага возера вуліцы.

Сучасны Лагойск мае каля сотні вуліц і завулкаў. Большая частка з іх з’яўляецца назвамі-арыенцірамі: Школьная, Рачная, Мінская, Гайненская шаша, Усходняя, Паўднёвая, Садовая і г. д. Назвы толькі адзінаццаці вуліц нашага горада звязаны з імёнамі вядомых людзей: пісьменнікаў А. Пушкіна, М. Горкага, Я. Купалы; лётчыка В. Чкалава; герояў Вялікай Айчыннай вайны Крылова, Наскова, братоў Захаравых і Н. ХарчанкаЦімчука.

I. Лабэцкая, дырэктар Лагойскай ЦБС

Главная страница - History of city - Streets - Старыя вуліцы Лагойска