Віленская археалагічная камісія

Віленская археалагічная камісія — навуковая і асветніцкая грамада, якая дзейнічала ў Вільні ў 1855–1865. Узнікла дзякуючы лібералізацыі ў пачатку валадарання Аляксандра II Мікалаевіча па ініцыятыве групы віленскіх інтэлектуалаў на чале з графам Яўстахам Тышкевічам. Ён выступаў у 1830–1840 гг. з ідэяй стварэння навуковага таварыства і музея ў Літве, дзе пасля ліквідацыі віленскай Медычна-хірургічнай акадэміі і пераводам Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбург (1842) не засталося ніводнай навуковай установы. З іншага боку, улады былі зацікаўлены ў тым, каб узяць пад свой кантроль дзейнасць патрыятычна накіраваных энтузіястаў вывучэння велічнага і гераічнага мінулага краю.

Заснаванне

Ідэя ўвасобілася ў 1855 годзе стварэннем Музея старажытнасцяў і Часовай археалагічнай каміссіі. «Положение о Музеуме древностей и Временной археологической комиссии» зацверджаны імператарам 29 красавіка (11 травеня) 1855. Першае паседжанне камісіі адбылось 11 (23) студзеня 1856 (у далейшым праходзілі, як правіла, 11-га кожнага месяца). Музей старажытнасцяў адчыніўся ў будынку Віленскага універсытэту 17 (29) красавіка 1856, у дзень народзінаў імператара Аляксандра II. Ва ўрачыстасці прыняло ўдзел каля трохсот чалавек — праваслаўны мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Іосіф (Сямашка), каталіцкі епіскап Вацлаў Жылінскі, вайсковыя і грамадскія чыноўнікі з генерал-губернатарам У. І. Назімавым на чале, настаўнікі, артысты, купцы.

Мэтамі музея і камісіі абвяшчалася:

Збіранне ў адзінае старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манет, медалёў, зброі, надпісаў і здымкаў з іх, статуяў і іншых прадметаў, якія датычацца гісторыі Заходняга краю Расіі», садзейнічанне «захаванню помнікаў старажытнасці», забеспячэнне магчымасці «карыстацца імі для вывучэння краю, не толькі ў гістарычным, але і ў гандлёвым, прамысловым, сельскагаспадарчым і статыстычным дачыненні.

Шырокім задачам адпавядалі разнастайнасць збораў музея, шырокі дыяпазон дзейнасці камісіі і яе склад.

Склад

У першапачатковы склад камісіі ўваходзілі яе старшыня і апякун Музея старажытнасцяў граф Яўстах Тышкевіч і 15 сапраўдных чальцоў «з мясцовых пісьменнікаў, якія набылі вядомасць навуковымі працамі сваімі па частцы гісторыі, археалогіі і статыстыкі туташняга краю» — віцэ–старшыня камісіі, гісторык і публіцыст, былы сябра таварыства шубраўцаў Міхал Балінскі; вучоны сакратар камісіі археограф Маурыцы Круповіч; далей гісторык Теадор Нарбут, пісьменнік, аўтар кніг па гісторыі і этнаграфіі Юзэф Ігнацы Крашэўскі, прэлат, перакладчык актаў віленскага капітулу на польскую мову Мамерт Гербурт, гісторык, археограф, выдавец дакументаў па гісторыі Літвы і Польшчы, у маладосці філарэт Мікалай Маліноўскі, пісьменнік Ігнацы Ходзька, былы прафесар гісторым Віленскага універсітету П. Кукальнік, літаратар, даследчык літоўскіх старажытнасцяў, выдавец Адам Кіркор, астраном М. М. Гусеў, і іншыя. Акрамя таго, 9 сябраў–супрацоўнікаў, «якія маглі садзейнічаць супольнасці сваімі ведамі па частцы археалогіі і археаграфіі» — лекар, выдавец «Віленскага альбома» Ян Казімір Вільчынскі, выдавец і кніжны гандляр Адам Завадскі і інш., таксама 18 сябраў–дабрачынцаў, чые ахвяраванні дазволілі набыць «усе необходнае для першапачатковага абсталявання і упарадкавання памяшкання Музеума» — багатыя і радавітыя абшарнікі граф Райнольд Тізенгауз, граф Марыян Чапскі, граф Канстанцін Тышкевіч і інш. І, нарэшце, 8 ганаровых чальцоў, «якія згадзіліся штогод выплочваць на патрэбы Музеума і Камісіі па 30 руб. ср.» — князь Мікалай Радзівіл, Канстанцін Снітко і інш.

Сябрамі АК сталі скульптар Генрых Дмахоўскі, вядомы магнат і апякун літоўскай славеснасці І. Агінскі, грамадзкі дзяяч, пісьменнік епіскап Матэюс Валанчус. Сябрам – супрацоўнікам быў абраны рэтаўскі настаўнік і аграном, выдавец літоўскіх календароў (змяшчалі акрамя разнастайных звестак і практычныя прыклады народной паэзіі і творы Д. Пошкі, А. Страздаса, А. Баранаускаса) Лаурынас Івінскіс. У дзейнасці камісіі прымаў удзел паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), яго вучань, сябар, сакратар Вінцэнт Каратынскі, пасля варшаўскі журналіст; як знаўца літоўскай міфалогіі ў АК быў прыняты асветнік Мікалоюс Акелайціс.

Дзейнасць

АК займалася не толькі збіраннем «старажытнасцяў» і даследваннямі ў вобласці гісторыі, але і натуразнаўствам, статыстыкай, эканомікай. З 1858 года Тышкевіч і яго адзінадумцы прадпрымалі высілкі ператварыць АК у навуковае таварыства з аддзяленнямі археалогіі, археаграфіі, натуральных навук, статыстыкі і эканомікі, з яшчэ больш шырокім полем дзейнасці; меркавалася чытанне публічных лекцый пры кожным аддзяленні. Далейшая мэта складалася ў аднаўленні вышэйшай навучальнай установы.

АК выдала два выпускі сваіх нататкаў, том археаграфічнага зборніка, «Skarbiec» Даніловіча ў 2 тамах, каталаг музея, зборнік артыкулаў з нагоды наведвання музея імператарам Александрам II (1858). Яна валодала фактычна асабістым выдавецтвам у выглядзе друкарні А. Кіркора (заснавана ў 1859; друкаваліся пераважна навуковая і асветніцкая літаратура на польскай, рускай, літоўскай мовах). Бібліятэка камісіі набліжалася да 20 000 тамоў і павінна была стаць публічнай, аднак яе адкрыццё запавольвалася з-за напружанай палітычнай сітуацыі ў краі ў 1861–1862. З–за пагалоўнага нашэння жалобы па забітых царскімі ўладамі ў Варшаве пяці маніфестантаў, якія пачалі беспарадкі, релігійнапатрыятычных маніфестацый у жніўні 1861 года ў Вільні, Гародні, Беластоку з уездамі і ў Ковенскай губерніі было ўведзена ваеннае становішча. У сувязі з паўстаннем, якое пачалося ў 1863 , дзейнасць АК прыпынялася і ізноў узнаўлялася.

Экспазіцыя

Падмурак Музея старажытнасцяў склалі багатыя калекцыі Тышкевіча — больш за 2000 прадметаў старажытнасці (каменныя молаты, паганскія ідалы, старажытная зброя), бібліятэка (каля 3 000 тамоў), калекцыя з 3000 манет і медалёў, больш за 1000 гравюраў, геаграфічных мапаў, медных гравіраваных дошак і г. д., а таксама рэшткі мінералагічнага, заалагічнага, нумізматычнага кабінетаў зачыненага ў 1832 годзе Віленскага універсітэту (захоўваліся ў гімназіі, якая дзейнічала ў сценах універсітэта). Музей займаў тры зала на трох паверхах цэнтральнага будынку Віленскага універсітэта. Музей старажытнасцяў быў адчынены для публікі па нядзелях з 12 да 16. Ён толькі часткова адпавядаў свайму названню: першы публічны музей у Літве ўключаў у сябе арніталагічны кабінет, канхіялагічную і мінералагічную калекцыі (больш за 15000 пудзілаў птушак і жывёлаў, прэпаратаў, адкапаных костак; каля 6000 манет і медалёў), а таксама вялікую калекцыю карцін, эстампаў, скульптураў (у 1859 годзе 137 маляўнічых твораў, 3127 гравюраў, 28 скульптур; у 1864 годзе 166 карцін, 3570 твораў графікі, 44 скульптуры) пры тым, што ў Вільні не было іншага дасяжнага публіцы сабрання мастацкіх твораў.

Экспазіцыя зараз

Экспазіцыя зараз

Экспазіцыя музея з партрэтамі Стэфана Баторыя, Тадеуша Касцюшка, Адама Міцкевіча выкарыстоўвалася для прапаганды патрыятычных ідэяў. Напрыклад, з 1858 выстаўлена скульптура Аскара Сасноўскага «Ягела і Ядзвіга», якая сымбалізавала аб'яднанне Літвы і Польшчы (цяпер у вестыбюлі Бібліятэкі Акадэміі навук) і нагадвала пра Реч Паспалітую.

Ліквідацыя

У часы генералагубернатара Мураўёва яго паплечнік, новы апякун Віленскай адукацыйнай акругі І. П. Карнілаў прапанаваў прыняць у камісію стаўленнікаў улады — генерала В. Ф. Ратч, А. П. Сталыпіна, палкоўніка П. А. Баброўскага, праваслаўнага святара Антонія Пшчолкі. У ліпені 1864 ён загадаў перадаць частку калекцыі мінералаў гімназіі. У сакавіку 1865 Мураўёв загадаў перадаць калекцыю фартыфікацыйных мадэляў юнкерскай вучэльні. У 1865 створана Камісія для разбора і прывядзення да вядомасці і патрэбнага парадку прадметаў, якія знаходзіліся ў віленскім музеуме старажытнасцяў. У высновах камісіі кіраўнікі Археалагічнай камісіі абвінавачваліся ў спачуванні «польскай справе», спробах стварэння ў музеі «пантэёну лацінска-польскай старажытнасці ў краі» і прапагандзе ідэі адраджэння літоўска-польскай дзяржавы. Тышкевіч быў вымушаны адмовіцца ад абавязкаў кіраўніка АК і апекуна Музея старажытнасцяў. Ўслед за гэтым яны спынілі сваё існаванне.

Паводле ініцыятывы Мураўёва (снежань 1863) у пачатку 1864 была створана Камісія для разбора і выдання старажытных актаў (Віленская археаграфичная камісія). Частка калекцый музея была вывезена ў Румянцаўскі музей, іншая захоўвалася ў памяшканні гімназіі і потым выкарыстоўвалася ў экспазіцыі музея пры Віленскай публічнай бібліятэцы, часткова вывезена пры эвакуацыі ў 1915, рэшткі патрапілі нарэшце ў Гісторыка-этнаграфчны музей Літоўскай ССР, зараз Нацыянальны музей у Вільнюсе.

Wikipedia

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Тышкевічы - Археалогія - Віленская археалагічная камісія