Перанос Лагойскага музея ў Вільна

У вялікім Лагойскім палацы Тышкевічаў, збудаваным у 1814 годзе, было цесна ад розных калекцый. I з кожным годам экспанатаў станавілася ўсё болей. I якіх! Вялізная бібліятэка, карцінная галерэя з твораў заходнееўрапейскіх і сваіх, беларускіх, мастакоў, нумізматыка, зброя, даспехі, скульптура. І каштоўнейшыя прадметы з тых, што атрыманы ў шматлікіх археалагічных раскопках.

Браты даўно марылі пра адкрыццё музея. Зрэшты, Лагойскі палац і быў музеем. Сюды мог трапіць любы жадаючы. Але Тышкевічы марылі, каб гэтыя зборы былі даступнымі для тысяч людзей. Яны марылі пра адкрыццё музея ў вялікім горадзе. Напрыклад, у Мінску або Вільні. Будучы за граніцай, яны скрупулёзна вывучалі прынцыпы стварэння музеяў. Спачатку Яўстах Тышкевіч з дапамогай брата арганізаваў у Вільні выстаўку часткі лагойскіх калекцый. У той жа час ва ўрад накіравалі хадайніцтва аб адкрыцці музея старажытнасцяў. Пасля працяглага абмеркавання музей вырашылі адкрыць у Вільні. Адначасова стваралася і археалагічная камісія. Старшынёй і музея і камісіі выбралі Яўстаха Тышкевіча.

Вільня

Вільня

Аснову экспазіцыі музея склалі Лагойскія калекцыі. Але дзесяткі аматараў, уладальнікаў другіх прыватных збораў у Беларусі лічылі справай гонару прымаць удзел у стварэнні першага агульнадаступнага музея. Музей быў адкрыты ў 1856 годзе ва ўніверсітэцкіх памяшканнях і меў чатыры аддзелы: археалогіі, мінералогіі, арніталогіі, мастацтва. Як адзначалі сучаснікі, з Віленскім музеем наўрад ці маглі сапернічаць вядомыя сховішчы старажытнасцей навуковага таварыства ў Кракаве і Асалінскіх — у Львове.

Нягледзячы на каласальную напружанасць, у братоў Тышкевічаў быў, напэўна, самы шчаслівы перыяд у жыцці. На працягу сямі гадоў музей з’яўляўся цэнтрам навуковага і культурнага жыцця. Але настаў 1863 год. За разгромам паўстання Каліноўскага паследаваў перыяд тэрору. У музеі ўлады ўбачылі расаднік небяспечнага вольнадумства. Па распараджэнню вядомага генерал-губернатара М. Мураўёва ён быў закрыты. А каштоўнейшыя экспанаты? Большая частка іх была адпраўлена ў Маскву, разышлася па іншых зборах. Пазней штосьці вярнулі, але далёка не ўсё. Колькі мужнасці спатрэбілася Тышкевічам, каб перажыць гэтую трагедыю.

Віленская плошча

Віленская плошча

У Паланзе, у вядомым музеі бурштыну, што размясціўся ў палацы Тышкевічаў, каля вітрыны з археалагічнымі знаходкамі экскурсавод доўга расказваў пра выдатных літоўскіх вучоных XIX стагоддзя братоў Тышкевічусаў. Што ж, дзякуй літоўцам, што яны разумеюць значэнне работы Тышкевічаў і ўшаноўваюць іх памяць.

Людміла Трэпет

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Тышкевічы - Археалогія - Перанос Лагойскага музея ў Вільна