Віленскі музей старажытнасцяў

Гісторыя заўсёды выклікала цікавасць у людзей таксама, як і культура. Музей з’яўляецца менавіта тым месцам, дзе гэтыя паняцці могуць свабодна існаваць разам. Але, на жаль, далёка не ўсе ведаюць гісторыю з’яўлення і развіцця музея. А між тым, імёны беларускіх навукоўцаў, энтузіястаў і даследчыкаў, такіх як Адама Кіркора, Тэадора-Матэвуша Нарбута, Уладзіслава Сыракомлі павінен ведаць кожны сумленны беларус. Адно з першых месцаў у гэтым спісе займаюць імёны братоў з Лагойска Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў — вучоных з сусветна вядомымі імёнамі. Яны спалучалі ў сабе і археолагаў, і гісторыкаў, і этнографаў, унеслі важкі ўклад не толькі ў айчынную, але і ў сусветную навуку і культуру.

Як археолагі, сваю даследніцкую работу браты Тышкевічы праводзілі ў асноўным на тэрыторыі Мінскай і Віленскай губерняў. Вучоныя раскапалі каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў, далі грунтоўнае апісанне кожнага з іх. Разам з гэтым, імі праследжана гісторыя краю, даследаваны побыт і этнаграфія мясцовага насельніцтва.

Тышкевічы пакінулі ў спадчыну шмат грунтоўных прац, якія не страцілі сваёй вартасці і сёння. Сярод найбольш значных трэба назваць такія, як «Апісанне Барысаўскага павета», «Вілія і яе берагі», «Звесткі аб замках, гарадзішчах і старажытных курганах». Імі напісана і змешчана ў тагачасным перыядычным друку шэраг навуковых артыкулаў.

Аднак заслуга вучоных не толькі ў гэтым. У 1842 г. браты Тышкевічы адкрылі ў Лагойску ў сваім двухпавярховым палацы першы на Беларусі музей старажытнасцяў. Яны не толькі адвялі пад яго тры асобныя пакоі, але і стварылі арыгінальную экспазіцыю, якую высока ацэньвалі такія навукоўцы і краязнаўцы, як П. Шпілеўскі, А. Кіркор, Ю. Крашэўскі, М. Бялінскі. Галоўным экскурсаводам быў іх сівы, але вельмі жвавы бацька, Пій Тышкевіч, які пражыў 102 гады.

Адна з залаў Віленскага музея старажытнасцяў

Адна з залаў Віленскага музея старажытнасцяў

У аснову музея была пакладзена хатняя мастацкая галерэя і археалагічныя знаходкі, знойдзеныя імі ў час археалагічных экспедыцый. У музеі захоўвалася багатая нумізматычная калекцыя (1140 медалёў і манет), бібліятэка і архіў (3000 тамоў, з якіх 500 найстаражытнейшых помнікаў кнігадрукаванні, рукапісы, старажытныя геаграфічныя карты, граматы). Вялікае месца ў музеі займалі стварэнні майстроў старажытнага Рыма, Фларэнцыі, Неапаля. З унікальных мастацкіх вырабаў захоўваліся: два мячы з мініяцюрнымі партрэтамі Стафана Баторыя, царкоўны крыж часу польскага караля Жыгімонта I, шпага Пятра I і інш. Знаходзілася і галерэя партрэтаў прадстаўнікоў Лагойскага роду Тышкевічаў. Экспанаваліся 200 карцін італьянскіх жывапісцаў, карціны і эскізы беларускіх, рускіх, літоўскіх, польскіх майстроў і іншыя.

Акрамя гэтага музей таксама меў унікальную калекцыю ручнікоў, сурвэтак, абрусаў, што ткаліся на фабрыцы льняных і баваўняных вырабаў, заснаванай К. П. Тышкевічам у 1837 г. у Лагойску.

Але Яўстафій Тышкевіч быў незадаволены тым, што Лагойскі музей сустракаў мала наведвальнікаў. Лагойск быў невялікім мястэчкам, усяго з дзвюма тысячамі жыхароў. І Яўстафій задумаў стварыць на базе ўласнага музея публічны музей у Вільні або ў Менску.

У 1852 г. браты Тышкевічы пішуць ліст у Пецярбург з просьбай дазволіць ім адкрыць. Нарэшце быў атрыманы дазвол на стварэнне Віленскага музея старажытнасцяў. У аснову яго лягла частка экспанатаў Лагойскага збора: археалагічная калекцыя з 2 тыс. экспанатаў, карціны, антыкварыят, абразы, крыжы і інш., а таксама 3 тыс. кніг. Нумізматыку, геральдыку, кнігі перадаў У. Сыракомля. Асабістыя творы, рукапісы, рэдкія гістарычныя рэчы ахвяравалі А. Кіркор, І. Ходзька, Т. Нарбут, І. Крашэўскі, М. Бялінскі і інш.

Знайшліся і іншыя ахвяравальнікі, якія лічылі за гонар здаць свае зборы антыкварыяў з надзеяй, што іх матэрыялы будуць прадстаўлены ў экспазіцыі.

Віленскі музей старажытнасцяў быў адчынены 1 студзеня 1856 г. у памяшканні бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Пры музеі была створана Віленская археалагічная камісія. Яе мэтай было ажыццяўленне раскопак на тэрыторыі Беларусі і Літвы, каб пасля гэтыя матэрыялы паступалі ў музей і сталі аб’ектам навуковага даследавання. Старшынёй з’яўляўся Я. П. Тышкевіч, віцэ-старшынёй — М. І. Балінскі, а членамі Т. Я. Нарбут, К. П. Тышкевіч, А. К. Кіркор, І. І. Крашэўскі і інш. Дзейнічала Археалагічная камісія з 1855 па 1865 гг. Усе дзесяць гадоў работы з’явіліся для камісіі вельмі насычанымі і плённымі: слуханне дакладаў аб правядзенні археалагічных раскопках, абмеркаванне рэфератаў па пытаннях краязнаўства, дыскусіі па праблемах выяўлення, вывучэння і выдання дакументаў. Члены камісіі распрацавалі метадычную інструкцыю. Сумеснымі намаганнямі складаўся археалагічны слоўнік. Большасць матэрыялаў мясцовых даследчыкаў друкавалася ў «Записках Виленской археологической комиссии».

Мэтамі ж самога музея абвяшчаўся збор у адно цэлае старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манет, медалёў, зброі, статуй і іншых прадметаў, якія адносіліся да гісторыі Заходняга края Расіі, садзеяння захаванню помнікаў старажытнасці, забеспячэння магчымасці карыстацца імі дзеля вывучэння края не толькі ў гістарычных, але і ў гандлёвых, прамысловых, сельскагаспадарчых і стратэгічных адносінах.

У гэтым жа 1856 г. Віленская археалагічная камісія, сваім спецыяльным зваротам прасіла ўсіх зацікаўленых асоб рабіць ахвяраванні для музея старажытнасцяў. Паводле «Перечневого каталога предметов в Виленском музее древностей», у 1856 г. было зарэгістравана 1,5 тыс.адзінак захавання археалагічных матэрыялаў, 1 тыс.налічвалі рэчавыя помнікі гісторыі, рукапісы, аўтографы, гравюры, карты, дыпломы. Нумізматычная калекцыя дасягала 3 тыс.грашовых знакаў, мелася 750 адзінак — прадметаў з каменя, у тым ліку 387 каменных сякераў. Мастацкія палотны, творы дробнай пластыкі і выяўленчага мастацтва маглі б скласці самастойную галерэю. Калекцыя з умоўнай назвай «прадметы, якія маюць міфалагічнае значэнне», налічвала 40 рэчаў. Сюды ўваходзілі акрамя літоўскага бажка грому Пяркунаса (Перуна) скульптуры мангольскага, кітайскага ідалаў і іншыя экспанаты. У музеі былі таксама прадметы са старадаўніх замкаў, зброя XIX ст., слуцкія паясы. Складзены ў 1858 г. А. Кіркорам каталог уключаў больш за 10 тыс.адзінак захавання.

Усе музейныя прадметы былі сістэматызаваны па калекцыйным прынцыпе, што адпавядала дасягненням экспазіцыёнай практыкі Еўропы таго часу. На момант адкрыцця экспазіцыя музея выглядала наступным чынам:

1. Калекцыя манет і медалёў.

2. Калекцыя гравюр, геаграфічных карт і атласаў.

3. Калекцыя карцін, партрэтаў і скульптур.

4. Калекцыя дыпломаў, рукапісаў, аўтографаў гістарычных дзеячаў.

5. Мемарыяльная калекцыя, у складзе якой меліся клады мясцовых шляхецкіх родаў.

6. Археалагічная калекцыя. Яе асновай былі знаходкі з раскопак, якія праводзіліся на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Выключэннем Былі сто каменных прыладаў працы, прывезеных Яўстафіем Тышкевічам са Скандынавіі.

7. Бібліятэка.

Самым урачыстым для музея і Археалагічнай камісіі стаў дзень 17 красавіка 1856 г., калі адбылося публічнае адкрыццё першай экспазіцыі. На ім прысутнічалі як простыя гараджане, так і тыя, хто дасылаў свае экспанаты, ганаровыя госьці з Вільні і іншых гарадоў Беларусі — усяго каля 300 чалавек. Да ўсіх прысутных звярнуўся арганізатар і стваральнік Віленскага музея старажытнасцей, яго кіраўнік Яўстафій Тышкевіч, які адзначыў важнасць гэтай з’явы для адраджэння гісторыі і культуры края і падзякаваў шматлікім мецэнатам, якія ахвяравалі музею матэрыяльныя каштоўнасці і грошы.

Першыя пяць год існавання музея характарызаваліся інтэнсіўным павелічэннем фондаў, галоўным чынам, за кошт ахвяраванняў.Важнай крыніцай папаўнення музейнага збору былі археалагічныя раскопкі, якія праводзіла Археалагічная камісія.

Каштоўным набыткам для музея стала калекцыя старадаўняй зброі графа Касакоўскага, канфіскаваная расійскімі ўладамі пасля паўстання 1831 г. і перададзеная ў музей дзякуючы намаганням старшыні камісіі з Пецярбурга.

Адразу пасля адкрыцця музея быў арганізаваны збор дакументальных матэрыялаў. Асновай гэтай калекцыі сталі дакументы связаныя з вайной 1812 г. У 1858 г. калекцыя дакументаў папоўнілася каштоўным фамільным архівам Сапегаў, які перадала ў музей гродзенская палата дзяржаўнай маёмасці. Ужо ў першы год існавання музея быў распачаты збор этнаграфічных матэрыялаў, якія разглядаліся, як частка гістарычнага мінулага краю.

Разам з фарміраваннем калекцыі гістарычных помнікаў у фонды музея пачалі трапляць прадметы, звязаныя прыродазнаўчымі навукамі. Напрыклад, у кастрычніку 1857 г. кіраўнік Віленскай вучэбнай акругі даў загад аб пераводзе музею мінералагічнага і заалагічнага кабінетаў былога Віленскага ўніверсітэта. Сын Канстанціна Тызенгаўза перадаў у музей знакамітую арніталагічную калекцыю свайго бацькі. Да 1861 г. пры музеі захоўваліся этнаграфічная калекцыя прыродазнаўцы С. Гроса, якая налічвала каля 20 тыс.адзінак, а таксама некаторыя іншыя калекцыі беларускай фаўны і флоры.

Вынікам хуткага павелічэння прыродазнаўчага аддзела музея стала адкрыццё спецыяльнай залы, уведзены новыя пасады кансерватараў натуральных калекцый, якія занялі спецыялісты Л. Кёнэ, А. Адамовіч і інш.

Папулярнасць Віленскага музея старажытнасцей хутка расла, аб чым сведчыла павелічэнне колькасці наведвальнікаў. Так, у першыя два месяцы свайго існавання музей прыняў каля 3,5 тыс.чалавек, а ўсяго за 1856 г. яго наведала 7150 жыхароў Вільні і гасцей з іншых гарадоў. У наступныя гады музей кожны месяц наведвалі каля тысячы чалавек, якім давалі каментарыі і адказвалі на пытанні супрацоўнікі музея. У дні, зачыненыя для наведвальнікаў, у экспазіцыйных залах праводзіліся заняткі.

Навуковая дзейнасць музея набрала даволі шырокі водгук. Аб ёй чулі ў Маскве, Кіеве, Кракаве, Адэсе. Навуковая грамадскасць прызнала заслугі Еўстафія Тышкевіча: у 1859 г. яго абралі ганаровым членам Пецярбургскай Акадэміі навук.

Такім чынам, мяжа 50-60 гг. XIX ст. была перыядам пад’ёма дзейнасці Віленскага музея старажытнасцей.

Але, на жаль, праіснаваў музей толькі 10 гадоў. Прычынай разгрома Віленскага музея старажытнасцей стала паўстанне Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гг. Улады павялі вайну з так называемай «польскай інтрыгай». Музей рэвізавала створаная генерал-губернатарам Віленскага округа М. Н. Мураўёвым археаграфічная камісія. Экспанаты прызнаваліся шкоднымі. Іх канфіскоўвалі і адпраўлялі ў Маскву, перадавалі Румянцаўскаму музею. З музея было вывезена каля 800 каштоўных экспанатаў, у тым ліку група «Ядзвіга і Ягайла», шматлікія творы «тышкевічыяны», 56 партрэтаў-эстампаў польскіх каралёў, 160 партрэтаў прыватных асоб, 93 гравюры з абразоў, 203 карціны на гістарычныя сюжэты, цэхавы сцяг Вільні, зброя і амуніцыя эпохі Айчыннай вайны 1812 г. і шмат іншых рэчаў.

Частку археалагічных знаходак К. П. Тышкевіч перадаў музею археалогіі ў Кракаве, а калекцыю шкла эпохі Рымскай імперыі — народнаму музею ў Варшаве.

Сучасная экспазіцыя ў Літоўскім Нацыянальным музеі

Сучасная экспазіцыя ў Літоўскім музеі

Некалькі экспанатаў (у асноўным абразы ў багатай ажурнай аправе) археолаг з Мінска Г. Татур купіў у 1905 г. у Лагойску, а пазней, у 1908 г., перадаў Львоўскаму музею ўкраінскага мастацтва, дзе яны захоўваюцца і дагэтуль. У тым жа Львове, у Дзяржаўным гістарычным музеі, можна ўбачыць малюнак мастака У. Валькевіча — партрэт Яўстафія Тышкевіча.

Шкодныя мерапрыемствы М. Н. Мураўёва безумоўна адкінулі развіццё музея далёка назад. За яго бартом засталіся многія выдатныя дзеячы музея, у тым ліку і яго стваральнік. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Віленскі музей старажытнасцей пакінуў значны след у развіцці археалогіі, этнаграфіі, гістарыяграфіі і мастацтва Беларусі. З разгромам музея жыццё не супынілася. І бадай самым значным з гісторыі Віленскага музея старажытнасцей з’яўляецца тое, што ён стаў грунтам для роста беларускай навуковай эліты. Праз сцены музея прайшлі такія выдатныя постаці, як Е. Р. Раманаў, Д.І. Рыкаў і іншыя.

Дырэктар лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў Жыгунова С. І.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Тышкевічы - Археалогія - Віленскі музей старажытнасцяў