Лагойскі музей братоў Тышкевічаў. Частка 2

Браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы — заснавальнікі першага на Беларусі гістарычнага музея старажытнасцяў, які быў адчынены для шырокай публікі ў радавым маёнтку ў Лагойску ў 1842 годзе.

Да цяперашняга часу толькі часткова захаваліся фрагменты левага крыла Лагойскага палаца і мы можам ацаніць яго прыгажосць толькі дзякуючы некалькім малюнкам Напалеона Орды і некалькім фатаздымкам. У лепшым стане знаходзіцца парк, закладзены адначасова з палацам, які складаў частку архітэктурнага ансамбля Лагойскага маёнтка Тышкевічаў, і які да цяперашняга часу застаецца адной з славутасцяў Лагойска.

Лагойскі музей старажытнасцяў займаў дзве альбо тры залы палаца. Значнасць музея ў свой час ацанілі такія вядомыя асобы, як Ю. Крашеўскі, К. Тызенгауз, М. Балінскі і іншыя. Адам Кіркор ў свой час вельмі высока ацаніў экспазіцыю музея і аднаго з яго стваральнікаў — К. Тышкевіча:

Навакольлі Лагойска багатыя на старажытныя гарадзішчы, замкі і мноства курганоў, з якіх значная частка дасканала даследвана нябожчыкам, уладальнікам Лагойска графам Канстанцінам Тышкевічам. Здабытыя прадметы старажытнасцяў паклалі падмурак адметнаму музею дагістарычных старажытнасцяў, які і зараз змяшчаецца ў лагойскіх палатах. Па колькасці прадметаў і навуковаму значэнню музей гэты можа быць параўнаны толькі з Віленскім і Кракаўскім універсітэтамі.

Класічным апісаннем экспазіцыі Лагойскага музея старажытнасцяў для шмат якіх з даследчыкаў, якія займаліся яго вывучэннем, лічыцца яе апісанне этнографам П. М. Шпілеўскім, які наведаў Лагойскі маёнтак Тышкевічаў у 50-х гадах XIX стагоддзя:

У цяперашні час кніг налічваецца да 3000 тамоў выбраных сачыненняў, больш на польскай і французскай мовах, з якіх каля 500 старажытных, і некалькі рукапісаў, аўтографаў і грамат. Медалёў і манет захоўваецца 1140 штук, якія тычацца большай часткай польскай гісторыі. З прадметаў рэдкастяў у архіве заслугоўваюць увагі: царкоўны крыж часоў Сігізмунда І, два старых мяча з пазалочанымі выявамі Стэфана Баторыя, сцяг, адабраны ў шведаў Стэфанам Чарнецкім і шпага (шабля) Пятра Вялікага. З прадметаў мастацтваў і майстэрстваў адметныя: 200 карцін італьянскага жывапісу, часткова копіяў, часткова арыгінальных твораў Рыму, Фларэнцыі і Неапалю, 48 копіяў барэльефаў грэцкага Пантэнона, некалькі медалёў з груднымі выявамі і бюсты — творы вядомага аматара-скульптара, навагарадскага абшарніка Рафаіла Слізеня, 220 гравіраваных медных бляхаў літоўскай вытворчасці XVII стагоддзя, якія сталіся важным матэрыялам для вывучэння гісторыі гравіравання ў Старажытнай Літве, нарэшце, сабранне старажытных этрускіх вазаў з ліку знойдзеных у Пампеі і Геркуланоме.

«Нататкі Віленскай археалагічнай камісіі» за 1856 год, г. з. на момант адкрыцця музея старажытнасцяў у Вільні, паведамляюць: «Графам Тышкевічам ахвяраваныя ім прадметы старажытнасцяў і іншыя навуковыя дапаможікі з якіх склаліся наступныя аддзелы:

1. Бібліятэка, якая складалася з 3000 тамоў выключна прысвечаных старажытнасцям гісторыі і бібліяграфіі, ахвяраваных Гр. Тышкевічам.

2. Калекцыя манет і медалёў, якая складалася з блізу 3000 экзэмпляраў.

3. Калекцыя гравюр, палітыпажоў, геаграфічных мапаў і атласаў, медных гравіраваных дошак, лікам больш за 1000 экзэмпляраў; у ліку гравюр некалькі вельмі рэдкіх, асабліва вядомых гравераў: Хадавецкага, Плонскага, Гр. Серакоўскага і шм. інш..

4. Аддзяленне бюстаў, карцін і партрэтаў.

5. Сабранне розных дыпломаў, старажытных рукапісаў, аўтографаў усіх асобаў, якія валадарылі ў Вялікім княстве Літоўскім, пачынаючы ад Аляксандра.

6. Аддзел векапомнасцяў. Між іншым тут заслугоўваюць увагі срэбная даразахавальніца працы сярэдніх вякоў, стараславянскія загалоўныя шрыфты Супрасльскай друкарні, пярсцёнак першага ўніяцкага Мітрапаліта, бурштынавая выява Сігізмунда III і мноства іншых рэчаў. Асабліва выдатныя пячаткі з гярбамі амаль усіх дваранскіх радоў тутэйшага краю, а таксама пячаткі розных гарадоў, якія карысталіся Магдебургскім правам.

7. Уласна Археалагічная калекцыя, якая складалася з 2000 прадметаў, у ліку якіх некалькі паганскіх ідалаў, слязніцы, попельніцы, урны, розныя металічныя упрыгожанні старажытных славян і літоўцаў, адкапаныя з курганоў, каменныя ядры з Віленскага, Стара-Трокскага і Менскага замкаў, блізу 500 каменных молатаў мясцовых і каля 100 Скандынаўскіх, прывезеных Гр. Тышкевічам з Швецыі для параўнання; ваенныя даспехі, зброя наступальная і абараняльная і таму падобнае».

Натуральна, што ўсе рэчы з пералічанага спісу з Лагойскага музея патрапілі ў Віленскі музей, заснаваны Яўстафіем Тышкевічам (ён таксама з'яўляўся і апякуном музея) і адчынены для наведвальнікаў у 1856 г. Але пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. і загада Віленскага губернатара Мураўёва рэквізіраваць музей, Я. Тышкевіч зняў з сябе абавязкі апякуна над ім.

Значная частка прадметаў з сабрання Тышкевічаў разыйшлася па музеях розных краінаў: Маскоўскі Румянцаўскі музей, музей археалогіі ў Кракаве, Нацыянальны Музей у Варшаве.

На жаль, арыгінальнымі экспанатамі, якія належалі некалі Лагойскаму сабранню, цяперашні музей імя братоў Тышкевічаў не валодае. Таму яго супрацоўнікі ў мэтах атрымання інфармацыі і атрымання дапамогі ў набыцці копіяў матэрыялаў Лагойскага сабрання графоў Тышкевічаў наладжвалі сувязі з:

1. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў.

2. Архіў Акадэміі Навук Польшчы.

3. Маскоўскі Румянцаўскі музей (Дзяржаўны Гістарычны музей).

4. Брытанская амбасада.

5. Нацыянальны архіў Літвы. Нацыянальная Бібліятэка Вільнюскага універсітэту.

6. Нацыянальны музей Варшавы.

7. Нацыянальная Бібліятэка Варшавы.

Лагойскі музей братоў Тышкевічаў. Частка 1

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Тышкевічы - Археалогія - Лагойскі музей братоў Тышкевічаў. Частка 2