Браты Тышкевічы
У 1806 годзе ў сям’і графа Пія Феліцыянавіча Тышкевіча нарадзіўся першы сын Канстанцін. Акрамя яго яшчэ было два сыны, Яўстаф і Фларыян, і дачка Паўліна. Нягледзячы на тое, што дзяцей было шмат (па сённяшнім часе), самы вялікі след для нашчадкаў пакінулі браты Канстанцін і Яўстаф.
Маленства
Гісторыкі сцвярджаюць, што вялікі ўплыў на выхаванне дзяцей аказваў бацька. Той быў вельмі адукаваным чалавекам, вёў сямейны радавод, цікавіўся гісторыяй, да таго ж вырашаў эканамічныя пытанні, быў дбайным гаспадаром.
Людміла Шут:
Мая бабуля аднойчы на пачатку дваццатага стагоддзя па справах завітала ў Лагойск. У той час у цэнтры паселішча стаяў палац Тышкевічаў. А вакол яго — шыкоўныя ліпавыя алеі, вялізарныя ружавыя клумбы, цудоўныя альтанкі, усюды дагледжанасць і прыгажосць. Побач з палацам знаходзілася паляна для народных святаў. Навукоўцы сцвярджаюць, што ў іншых беларускіх панскіх маёнтках такога не было.
Калі Канстанцін і Яўстаф былі зусім маленькія, у госці да Тышкевічаў прыязджала шмат цікавых і творчых людзей. Адзін з іх — Напалеон Орда, музыкант, мастак. Вядомым творам яго лічыцца замалёўка палаца Тышкевічаў. Бацька Пій Феліцыянавіч быў вельмі музыкальным чалавекам, іграў на скрыпцы, нямецкай фальцы — папулярнай ў тыя часы гармоніцы. У палацы заўсёды гучала музыка Гайдна, Моцарта. Да таго ж Пій Феліцыянавіч сябраваў са сваім аднагодкам Восіпам Казлоўскім, знакамітым музыкантам. Часта сям’я ездзіла ў Чырвоны Бор, у госці да кампазітара, піяніста Фларыяна Міладоўскага. Акрамя гэтага бацька вельмі многа расказваў сваім сынам з гісторыі роднага краю, роду.
Першы музей у краіне
Адной з асаблівасцю бацькі было імкненне даць сваім сынам добрую адукацыю. Канстанцін скончыў Полацкую іезуіцкую калегію, потым Забельскую духоўную калегію, што на Віцебшчыне. Але самай значнай установай адукацыі ў жыцці Канстанціна стаў Віленскі ўніверсітэт. Яго лагайчанін скончыў па спецыяльнасці «права». У той час старэйшы сын быў у сям’і самым непасрэдным, першым нашчадкам. Таму Канстанцін вырашыў вярнуцца ў Лагойск, да родных каранёў. На малой радзіме Тышкевіч пачынае шукаць рэдкія рэчы і збіраць хатні музей. Дапамогаў у гэтых дзеяннях яму брат Яўстаф. Разам яны хадзілі па ваколіцах Лагойска і раскапвалі курганы і пагосты.
Гліняныя партрэты братоў Тышкевічаў
На зваротным шляху Канстанцін і Яўстаф прыпыніліся ў сястры ў Радашковічах і хутка рушылі дамоў, дзе іх чакаў састарэлы бацька. Праз год музей у Вільні быў адчынены. У экспазіцыі былі прадстаўлены археалогія, нумізматыка, старыя кнігі, дакументы. Вялікая ўвага ўдзялялася этнасу. Сёння, на жаль, музей не вярнуць: ўсё незваротна згублена. Нешта вывезена за мяжу, іншае проста згінула ў ліхалецці часу…
Падарожжа
Найперш, да вандроўкі па Віліі, Тышкевіч цікавіўся рэкамі Гайна і Бярэзіна. Вывучаў ландшафт, глыбіню ракі, вёскі, знаёміўся з людзьмі. Да нашых часоў дайшла цікавая гісторыя: вандруючы па Гайне, Канстанцін чуў, як спяваюць вёскі. Стаяць па адным беразе вёскі — адна пачынае спяваць, другая падхоплівае. Так і пераклікаліся. У 1856 годзе Канстанцін пачынае будаваць флатылію з 5 суднаў, каб праплыць па рацэ Вілія. Мэта — пазначаць сустрэнутыя вёскі, мястэчкі на водным шляху, вызначыць глыбіню ракі, азнаёміцца з рэльефам і ландшафтам, пачуць паданні, легенды. Галоўны карабель называўся «Марыя», на ім быў усталяваны фамільны герб сям’і Тышкевічаў.
Карабель «Maria»
Два другія судны мелі назву «Ад’ютант» і «Выгода». Яшчэ два назваў не мелі — гэта былі, так званыя, дапаможныя караблі. Судны выраблялі ў Лагойску і цягнулі волакам да вёскі Камена (сёння — Даўгінаўскі сельсавет). Адтуль і пачалося знакамітае падарожжа Канстанціна Тышкевіча, вынікам якога стала кніга «Вілія і яе берагі».
Першая старонка кнігі «Вілія і яе берагі»
5 чэрвеня 1857 года ў другой палове дня шмат людзей сабралася каля моста цераз Вілію. На вадзе калыхалася цэлая флатылія. Было відавочна: ладзілася сапраўдная навуковая экспедыцыя. Памылкова ўсе судны былі зроблены з вострым кілем — толькі для глыбокай вады, а не для мелкаводнай Віліі. Першай не вытрымала «Выгода», замест яе з’явілася пласкадонная лайба, якую ўступіў падарожнікам пан Снежка — уласнік суседняга з Камена маёнтка. Адразу пасля адпраўлення «Марыя» села на мель, давялось замяніць яе яшчэ на адну лайбу.
Замалёўка. Судна «Maria» села на мель
Адчалілі… У складзе экспедыцыі быў славуты рачнік Васіль Буслаўскі Сапежка, які добра ведаў берагі, парогі, камяні.
Побач з Тышкевічам размясціліся землямер Ежы Шантыр і мастак Марцэлій Янушэвіч. На працягу чатырох месяцаў навуковая экспедыцыя даследавала ўсю Вілію: ад Каменскага моста да вусця — 682 вярсты. Вялася падрабязная праграма даследаванняў. Верхнюю частку Віліі да вёскі Камена даследавала іншая каманда, ідучы пехатой. Яна правяла нямала археалагічных раскопак, запісала легенды, песні, паданні. Дарожны архіў здалі ў бібліятэку Віленскага навуковага таварыства. Увогуле гэта унікальная экспедыцыя дала аснову грунтоўнай кнізе Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі». Але аўтар яе так і не пабачыў. Праз тры гады пасля яго смерці, дзякуючы намаганням польскага пісьменніка і гісторыка Юзафа Ігнація Крашэўскага, у Дрэздане выйшла на польскай мове краязнаўчая манаграфія «Вілія і яе берагі» — вынік самаадданай і натхнёнай працы цудоўнага даследчыка і яго паплечнікаў.
Кніга «Памяць. Вялейскі раён». Наталля Яфімава