Адкуль пайшла Лагойская галіна роду Тышкевічаў

Лагойск адносіўся да ліку прыватнаўласніцкіх гарадоў. У 1517 годзе яго ў якасці пасагу за жонкай Аляксандрай з роду Чартарыйскіх атрымаў Васіль Тышкевіч, які меў тытулы ваяводы падляшскага і смаленскага, старасты мінскага і пінскага і атрымаў графскі тытул ў Польшчы.

Сямейныя хронікі расказвалі, што, спяшаючыся з каралеўскай поштай з Оршы, заявода спыніўся на кароткі час у Лагойску і тут не мог не звярнуць увагі на маладую, прыгожую і да таго ж з добрую сэрцам удаву. Такім чынам, амаль на чатыры стагоддзі лёс горада аказаўся непарыўна звязаным з лёсам слаўнага роду Тышкевічаў. Васіль абаснаваў у Лагойску сваю рэзідэнцыю, адрадзіў замак, збудаваў храм Богаяўлення.

Род Тышкевічаў быў даволі разгалінаваным. Уладанні іх у розныя стагоддзі знаходзіліся ў многіх месцах Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, Астрашыцкі Гарадок і Валожын, Гарадок (паблізу Маладзечна), Свіслач, Палангу і Біржай (два апошніх — уладанні на тэрыторыі сучаснай Літвы). Сярод Тышкевічаў было нямала таленавітых ваеначальнікаў, творчых асоб, разумных палітыкаў, шчодрых мецэнатаў.

Герб Лелива

Герб роду Тышкевічаў «Ляліва»

Лагойскія графы — Канстанцін і Яўстафій. У пачатку XIX стагоддзя тагачасны гаспадар Лагойска Пій Тышкевіч аўдавеў, а потым ажаніўся другі раз на Аўгусце з роду Плятэраў, што мелі абшырныя ўладанні на паўночным усходзе Віцебскай губерні. Яна была маладзейшая за мужа на 26 гадоў, але іх жыццёвыя інтарэсы і мэты дзіўным чынам супадалі. У доме шанавалі навуку і мастацтва, лічылі за неабходнае вывучаць айчынную гісторыю, гісторыю свайго роду. Аўгуста Плятэр прывезла ў Лагойск вялікую бібліятэку, багатыя калекцыі. Паступова папаўняючыся, яны ператварыліся ў першай палове XIX стагоддзя ў адзін з каштоўнейшых прыватных музеяў Беларусі.

Лёс аднёсся няласкава да Аўгусты і Пія Тышкевічаў, не даўшы ім доўгай сумеснай старасці. Аўгуста памерла ў 48 гадоў. А вось Пій, верагодна, уваходзіў у лік беларускіх доўгажыхароў. Ён памёр ва ўзросце 102 гады, захаваўшы светлы розум і працаздольнасць.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Тышкевічы - Род - Адкуль пайшла Лагойская галіна роду Тышкевічаў