Яўстафій Тышкевіч

Яўстафій Тышкевіч нарадзіўся 18 красавіка 1814, памёр 13 жніўня 1873. Беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнавец, музеязнавец; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцяў, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцяў, Лонданскага археалагічнага інстытута. Малодшы брат Канстанціна Піевіча Тышкевіча. Нарадзіўся ў Лагойску.

Амаль палавіна гісторыі гэтага старажытнага горада непарыўна звязана з графскім родам Тышкевічаў (з 1528 г.), які даў беларускай зямлі шмат таленавітых людзей: дзяржаўных і ваенных дзеячаў, суддзяў, святароў, літаратараў, архітэктараў, эканамістаў, інжынераў і інш. Яго бацька Пій Феліцыянавіч Тышкевіч (1756–1858 гг.) поруч з эканамічнымі клопатамі пра графства шмат рабіў дзеля памнажэння культурнай спадчыны радавога Лагойска: пісаў сямейную хроніку, папоўніў мастацкую галерэю і бібліятэку, іграў на скрыпцы і флейце, арганізоўваў камерныя і сольныя канцэрты, быў выдатным рэзчыкам па дрэве і адмысловым інкрустатарам, дапамагаў сваім сынам Яўстафію і Канстанціну ў іх навуковых пошуках.

Паводле сведчання сучаснікаў, у тагачаснай Лагойскай галерэі было больш за 200 карцін італьянскага жывапісу, вялікі збор этрускіх ваз, больш за 1000 медалёў і манет, мноства старадаўніх рукапісаў і карт, старажытныя крыжы, кальчугі, шчыты, мячы, коп’і, бердышы, калекцыя льняных вырабаў Лагойскай фабрыкі. Удзячнасцю і прызнаннем яго заслуг у навуцы было выбранне ў 1856 Пія Тышкевіча ў 100-гадовым узросце ганаровым членам Віленскай археалагічнай камісіі (выпадак унікальны). Расказы бацькі былі першай школай гістарычнага выхавання сыноў.

З 1824 Яўстафій вучыўся ў Віленскай гімназіі пад апекай прафесараў ўніверсітэта Я. Вашкевіча і К. Асмалоўскага. Перапыніўшы тут вучобу, ён у 1831 скончыў Мінскую гімназію. Потым амаль 2 гады вучыўся самастойна, «дабіраючы» веды ў пецярбургскіх бібліятэках.

Яўстафій Тышкевіч

Яўстафій граф Тышкевіч

З 1833 Яўстафій служыў у Ордэнскім капітуле канцылярыі віленскага, потым кракаўскага генерал-губернатара. З 1840 ён ганаровы апякун школ, маршалак шляхты Барысаўскага павета, на свае сродкі пабудаваў у Барысаве павятовае вучылішча; у 1848–54 — куратар Мінскай гімназіі. Але асноўным яго заняткам была навука. Пачынаючы з 1837, ён кожнае лета даследаваў курганы на Лагойшчыне, Барысаўшчыне, Міншчыне, у Друцку, Лідзе, Крэве, Міры, Гальшанах і інш.

Не зважаючы на свае графскія тытулы, браты Яўстафій і Канстанцін, а часам і бацька, бралі ў рукі рыдлёўкі і з дапамогай навакольных сялян раскопвалі старажытныя курганы. Часам, пераапрануўшыся ў простае сялянскае адзенне, яны хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песні, легенды, паданні, шчырую гутарку сялян пра побыт, паўдзельнічаць у абрадах. Захоплены загадкамі старажытнага свету, Яўстафій Тышкевіч вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах гістарычных помнікаў на роднай зямлі і высветліць, ці ёсць у іх заканамернасць і сувязь з культурай плямён, што некалі жылі на Беларусі. Гэта захапленне археалогіяй прыйшло да яго ў 20-гадовым узросце.

Як і большасць археолагаў, свае даследаванні ён пачаў з курганоў. Іх раскопкі напачатку ён вёў траншэйным спосабам. Але хутка пераканаўся ў бесперспектыўнасці такога метаду і стаў выкарыстоўваць перакрыжаваны спосаб даследавання. Раннія яго публікацыі былі пераважна апісальнымі. Пазней набыты вопыт даваў упэўненасць у аналізе высноў і ацэнак. Па самых, здавалася, нязначных дэталях пахавальнага абраду ён вызначаў час узнікнення помніка, а па знаходках у пахаваннях даваў характарыстыку старажытнай эпохі. Накоплены матэрыял і вопыт дазволілі яму выкарыстоўваць параўнальна-тыпалагічны метад, які пазней быў удасканалены і ўзбагачаны.

У выніку даследаванняў сотняў крывіцкіх курганоў і аналізу іх пахавальнага інвентару ён першы адзначыў іх этнавызначальныя прыкметы — скроневыя кольцы ў жанчын. Тым самым даў ключ для вызначэння тэрыторыі рассялення крывічоў. Аналіз пахавальнага інвентару дазволіў зрабіць яму вывады і пра гандлёвыя сувязі крывічоў з аддаленымі землямі, дзе рамяство было на больш высокім узроўні; што мясцовае насельніцтва забяспечвала жалезам не толькі сябе, але і вывозіла яго; што мясцовыя прылады працы і вырабы былі на ўзроўні тагачасных вырабаў суседніх краін. А з гэтага вынікала, што ў часы так званай ваеннай дэмакратыі тут не было таго варварства, пра якое сцвярджалі некаторыя гісторыкі. Канстатуючы багаты і бедны інвентар курганных пахаванняў, ён зрабіў вывад пра сацыяльную няроўнасць тагачаснага грамадства.

Аналізуючы пахавальны абрад славян і іх суседзяў (літоўцаў, латышоў), ён прыйшоў да высновы пра іх блізкасць (трупаспаленне, падабенства інвентару і яго размяшчэнне). Гэтыя яго высновы, падмацаваныя пазнейшымі археалагічнымі даследаваннямі, і сёння з’яўляюцца пануючай думкай пра адзінства паходжання славянскай і балцкай культур на Беларусі. Тэрмін «гарадзішча» і вытворныя ад яго (гарадок, гародня, горад) ён лічыў славянскімі і выказаў думку, што самі гарадзішчы не абавязкова з’яўляюцца абарончымі ўмацаваннямі, а хутчэй абрадавымі. Замкі ён лічыў абарончымі аб’ектамі і іх этымалогію выводзіў ад слова «замыкаць». Яўстафій зрабіў дэталёвае апісанне каменных прылад працы і ў дадатку да кнігі «Археалагічныя даследаванні» змясціў іх малюнкі. У 1842 выдаў кнігу «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у Заходніх губернях Рускай дзяржавы».

Яўстафій Тышкевіч

Граф Яўстафій Піевіч Тышкевіч

Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі і пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег у археалогіі, Тышкевіч у 1843 накіраваўся на стажыроўку ў Данію, Фінляндыю, Швецыю. Гэта быў першы і адзіны выпадак у 1-й палове XIX ст., калі беларускі вучоны-археолаг паехаў за мяжу пераймаць вопыт калег. Метад вядомага дацкага археолага К. Томсена падзелу старажытнасцей на тры эпохі-вякі (каменны, бронзавы, жалезны) Яўстафій узяў на ўзбраенне пры сваіх даследаваннях і пры сістэматызацыі старажытнасцей у Лагойскім музеі, а пазней і ў Віленскім музеі старажытнасцей. Вынікам паездкі за мяжу стала яго своеасаблівая кніга-справаздача «Лісты пра Швецыю» (т. 1–2, 1846).

Вярнуўшыся з замежжа, выдаў сваю працу «Археалогія ў Літве» (1872), у якой акрэсліў шырокі абсяг для даследаванняў помнікаў Беларусі.

Вынікам яго дзейнасці на Барысаўшчыне стала грунтоўнае «Апісанне Барысаўскага павета…» (1847). Для гэтай кнігі Тышкевіч некалькі гадоў збіраў першакрыніцы па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтве, археалогіі, тапаніміцы, фальклоры, шукаў памочнікаў-сааўтараў. Сярод іх былі К. Адамовіч, П. Чачот, З. Даленга-Хадакоўскі, Ф. Чаховіч, В. Твардоўскі, Я. Ваньковіч, К. Тышынскі, В. Гарноўскі і, вядома, брат Канстанцін. Амаль 10 гадоў ён ствараў гэту ўнікальную краязнаўчую кнігу, дзе кожны факт, кожная дата вывераны, дабрасумленна прааналізаваны і аргументаваны.

Працуючы ў галіне археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства, Яўстафій Тышкевіч грунтоўна займаўся і фальклорам. Пры апісанні вяселля, абрадаў (Дзяды, Каляды, Радаўніца, Спас) і ўсяго цыкла гаспадарчага гадавога календара беларусаў ён імкнуўся растлумачыць сувязь язычніцкіх абрадаў, элементы якіх замацаваліся і ў хрысціянскіх вераваннях. Малюючы народныя ўрачыстасці, Яўстафій Піевіч падкрэсліваў, што багатае духоўнае жыццё беларускага селяніна часта не супадае з матэрыяльным. У яго запісах сабрана каля 450 прымавак і прыказак. Ён сцвярджаў:

Народная паэзія дае нам магчымасць пазнаць пачуцці народа, а прымаўкі — пазнаёміцца з яго розумам.

Падборкі беларускіх прымавак і прыказак з каментарыямі вучоных неаднаразова змяшчаў у часопісе «Biblioteka Warszawska». Трапнымі беларускімі прымаўкамі і прыказкамі, легендамі і паданнямі граф праілюстраваў і сваю кнігу «Узоры хатняга сумеснага жыцця ў Літве» (1844, дапрацаваны варыянт у 1864), дзе выклаў свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагоддзяў.

У кнізе «Нашы краі» Яўстафій Тышкевіч змясціў нарыс пра магната Радзівіла. У 1850 ён выдаў у Вільні працу «Археалагічныя даследаванні помнікаў мастацкіх рамёстваў і да т.п. у старажытнай Літве і Літоўскай Русі». З 1847 граф працаваў у Мінску як член камісіі па зборы і выданні старажытных актаў, грамат і прывілеяў XVI–XVIII ст. гарадоў Мінскай губ. У 1855 ён арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археалагічную камісію.

Запаветнай яго марай было стварыць у Вільні — цэнтры беларуска-літоўскага краю — першы грунтоўны музей старажытнасцей на аснове экспанатаў, сабраных у Лагойскім археалагічным музеі. У 1845 частку сваёй лагойскай калекцыі ён перавёз у Вільню пад выглядам выстаўкі, якую пасля ператварыў у прыватны музей, а потым, з дазволу ўлад, — у музей, што размясціўся ў старажытнай зале Віленскага універсітэта. Яго выбралі старшынёй гэтага музея. Музей актыўна папаўняўся экспанатамі з Мінска, Магілёва, Віцебска, Оршы, Навагрудка, Крэва, Ліды, Пінска, Браслава, Паставаў і інш. Тышкевіч ахвяраваў музею сваю бібліятэку (3 тыс. кніг) і разам з братам Канстанцінам — археалагічную калекцыю з 2 тыс. адзінак. За 2 гады калекцыя музея дасягнула 10 тыс. экспанатаў. У 1856 музей быў афіцыйна адкрыты. Каталог музея рыхтаваў К. Кіркор.

Навуковая грамадскасць, прызнаючы заслугі Яўстафія Тышкевічы, абрала яго ганаровым членам Пецярбургскай імператарскай акадэміі навук. Але казённая адміністрацыя, напалоханая вызваленчым паўстаннем 1863–64, пачала разглядаць музей як адзін з цэнтраў «польскай інтрыгі», і паводле загаду генерал-губернатара М. Мураўёва ён быў афіцыйна забаронены ў 1864. Спыніла дзейнасць і Віленская археалагічная камісія. «Шкодныя» экспанаты музея адпраўлялі ў Маскву. Граф, вызвалены ад усіх пасад, абражаны і зняважаны, у 1865 пакінуў Вільню. Пазней, дзякуючы старанням беларускага археолага І. І. Луцкевіча, частка збораў Яўстафія адшукана і ўвайшла ў фонд Беларускага музея ў Вільні (1921–45).

Яўстафій Тышкевіч  перапісваўся з многімі выдатнымі дзеячамі краю, у т.л. з паэтам і ўсходазнаўцам А. Ходзькам (Барэйкам), А. Кіркорам. У канцы жыцця ён стварыў альбом «Магілы сямейства Тышкевічаў», выдадзены асобнай кнігай у 1873 у Вільні. З літаратурных твораў Яўстафій Піевіч захаваліся вершы, стылізаваныя пад фальклор, аповесць «Нашы краі» (1871), успаміны пра В. Ваньковіча, Я. Рустэма, І. Ходзьку і інш. У рукапісах засталіся яго працы «Зельнік барысаўскіх ваколіц», «Матэрыялы да нашай гісторыі», асобныя матэрыялы па археалогіі, збор дакументаў і інш. Як запавет чытаюцца словы вучонага:

Абавязак кожнага адукаванага і ўлюбёнага ў свой край чалавека — старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненне і складае матэрыял для айчыннай гісторыі. Здагадвацца, шукаць, а адкрытае перадаваць людзям — значыць падаваць руку дапамогі тым, хто прысвяціў жыццё сваё і здароўе навукам для дабра грамадскага.

6некн

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Тышкевічы - Род - Яўстафій Тышкевіч