Язэп Адамавіч Гладкі (Адам Варлыга)

Язэп Адамавіч Гладкі (Адам Варлыга — псеўданім) — беларускі грамадскі дзеяч, фалькларыст, этнограф. Нарадзіўся 4.10.1890 г. ў вёсцы Міхалкавічы. Скончыў Мінскі педінстытут у 1935 годзе. У Першую сусветную вайну знаходзіўся на Паўночным фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года далучыўся да беларускага руху, распаўсюджваў газету «Вольная Беларусь», выбіраўся членам выканаўчага камітэта 12-й арміі. Дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску. У 1918-19 гг. вучыўся ў Менскім Беларускім педінстытуце.

У 1920-я гады настаўнічаў у беларускіх пачатковых школах Барысаўскага павета, потым Лагойскага раёна — галоўным чынам у Корані (у гэтай школе яго змяніў брат Казімір, у канцы 1930-х гадоў арыштаваны за «нацдэмаўшчыну» і, па некаторых звестках, расстраляны ў Курапатах) і ў родных Міхалкавічах. Хата, у якой ён жыў, можна сказаць, ніколі не зачынялася. Кожны мог смела заходзіць, прасіць пачытаць газету, часопіс, кнігу, ведаючы, што гаспадар не адмовіць, наадварот, шчыра ўзрадуецца, што чалавек цягнецца да ведаў. Язэп Гладкі сачыў за літаратурным і культурным жыццём рэспублікі, падзеямі ў свеце і ўсіх да гэтага заклікаў, спрыяў, каб усё больш чыталі, ведалі і духоўна абагачаліся, мацнелі. Гаспадар гэтай хаты слыў шчырым прапагандыстам беларускай мовы, якой дасканала валодаў сам і вучыў ёй не толькі дзяцей, а і дарослых, быў выдатным гісторыкам і краязнаўцам. Любіў да самазабыцця сваіх землякоў, дбаў і стараўся для іх, як не кожны бацька для сына так пастараецца.

Фота. Язэп Адамавіч Гладкі (Адам Варлыга)

Язэп Адамавіч Гладкі (Адам Варлыга)

Вялікую пашану і любоў насіў у сваім сэрцы вясковы настаўнік да роднай зямелькі. Сведка гэтаму сасновы бор, які Язэп Адамавіч Гладкі пасадзіў разам са сваімі вучнямі і які штогод даглядаў, не даючы загінуць ніводнаму дрэўцу. Бор маладымі парасткамі ўпэўнена цягнуўся ўверх да неба, сонца. Ён цудоўна захаваўся і ва ўсёй прыгажосці і велічы дажыў да нашых дзён, нягледзячы на ліхалецці і бураломы. Захаваўся, як жывая памяць пра чалавека шчодрай душы і вялікага сэрца, выдатнага асветніка і патрыёта.

У 1930 годзе Адам быў звольнены па палітычных матывах, пераехаў у Мінск, дзе працягнуў вучобу ў Мінскім педінстыту це. З 1935 года працаваў у Інстытуце школьнай адукацыі ў Мінску. У час Вялікай Айчыннай вайны, апынуўшыся на акупаванай тэрыторыі, настаўнічаў у роднай вёсцы, працаваў у школьным выдавецтве ў Мінску. У 1944 г.апынуўся ў Германіі, бо з прыходам савецкіх войскаў яго чакала кляймо «здрадніка» і «нацдэма» і, адпаведна, лагер або расстрэл. Выкладаў у беларускай гімназіі імя М.Багдановіча ў Ватэнштэце, заснаваў выдавецтва «Заранка», выдаў «Беларускі лемантар», школьныя чытанкі, кнігі і брашуры «Помнікі старажытнасці», «Родны палетак», «Наша краіна» і інш., зборнікі беларускіх народных спеваў і казак.

Тытульны аркуш «Лемантара»

Тытульны аркуш «Лемантара»

3 1952 года Адам Варлыга жыў у ЗША, дзе працягваў навуковую і культурна-асветніцкую дзейнасць, у Нью-Йорку аднавіў выдавецтва «Заранка», выдаў пад псеўданімам Адам Варлыга зборнікі «Прыказкі Лагойшчыны» (1966), «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» (1970, 8 тыс. слоў), «Забабоны Лагойшчыны» (1972), «Дудар» (народныя песні з нотамі) і інш. Пісаў нарысы, успаміны, рабіў апісанні побыту, звычаяў і абрадаў беларусаў. У працы «Чутае, бачанае, перажытае» (як і многія іншыя творы засталася ў рукапісе) даў шырокую панараму народнага жыцця Лагойшчыны канца XIX — пачатку XX стст. Памёр 28.07.1972 года.

Літаратурная спадчына Язэпа Гладкага захоўваецца ў Беларускім інстытуце мастацтваў у Нью-Йорку.

Язэп Адамавіч Гладкі:

Наш народ багаты старадаўнымі песьнямі, казкамі, звычаямі й забабонамі, а па гэтых песьнях, казках, звычаях і забабонах можна прасачыць жыцьце й веру нашых прашчураў у дахрысьціянскую пару.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Людзі - Творчыя - Язэп Адамавіч Гладкі (Адам Варлыга)