Язэп Гладкі

Ёсць на Лагойшчыне адмысловы ва ўсіх адносінах куток, які называецца Карэншчынай — па назве цэнтральнай вёскі Корань, якая адзначыла не так даўно сваё 600-годдзе. Пра адметнасць гэтага краю, багатага на легенды і паданні, сведчыць той факт, што вучоны-гісторык Э. І. Насевіч, чый радавод бярэ пачатак адсюль, узяўшы за аснову геаграфічна абмежаваную тутэйшую тэрыторыю, абапіраючыся на багаты архіўны матэрыял, змог напісаць грунтоўнае даследаванне па шматвекавой гісторыі беларускага сялянства.

Дык вось на гэтай зямлі, а менавіта ў вёсцы Міхалкавічы, дзе на кожным кроку бачны прыкметы даўніны, нарадзіліся і ўзмужнелі браты Язэп і Казімір Гладкія, якім наканавана было стаць асветнікамі і пакінуць тут добры след і ўдзячную людскую памяць. Старэйшы з братоў, Язэп Адамавіч, напачатку 1920-х гадоў заснаваў першую ў Барысаўскім павеце беларускую школу ў вёсцы Корань, дзе яго змяніў брат Казімір. Пра апошняга засталося мала звестак, бо ў канцы 1930-х гадоў К. Гладкі па ілжываму даносу быў арыштаваны, падвергнуты катаванням і, па некаторых звестках, расстраляны ў Курапатах.

Што датычыць Язэпа Гладкага, то ягонымі ўпартымі намаганнямі ў тых жа 1920-х гадах была пабудавана пачатковая школа ў родных Міхалкавічах, дзе ён і настаўнічаў. А да гэтага прайшоў багатую на падзеі значную частку свайго жыцця. Прызваны ў 1910 годзе на вайсковую службу, у час Першай сусветнай вайны працаваў фельчарам-санітарам на заходнім фронце, за ратаванне параненых быў узнагароджаны трыма Георгіеўскімі крыжамі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі далучыўся да беларускага руху, распаўсюджваў газету «Вольная Беларусь», выбіраўся членам ваеннага выканаўчага камітэта Беларускай арганізацыі 12-й арміі, быў дэлегатам з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску. У 1918–1919 гадах вучыўся на першых Беларускіх педагагічных курсах. Калі ўтаймавалася ваеннае ліхалецце, заняўся педагагічнай справай на сваёй бацькаўшчыне.

Школьным настаўнікам у Міхалкавічах Язэп Адамавіч Гладкі працаваў шэсць год. Меў ён багатую ўласную бібліятэку, выпісваў шмат перыядычных выданняў, набываў кніжныя навінкі, якімі шчодра дзяліўся з вяскоўцамі. Міхалкавіцкі настаўнік слыў шчырым прапагандыстам беларускай мовы, якой дасканала валодаў сам і апантана вучыў не толькі дзяцей, але і дарослых, быў дасведчаным па краязнаўству.

Фота. Язэп Адамавіч Гладкі

Язэп Адамавіч Гладкі

Ці не гэта паслужыла повадам для звальнення ў 1930 годзе Язэпа Гладкага па палітычных матывах. Ён пераехаў у Мінск, дзе працягваў вучобу на вячэрнім курсе педагагічнага інстытута, які закончыў у 1935 годзе. Гэта дало яму магчымасць уладкавацца на працу ў Інстытут школьнай педагогікі. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Я. Гладкі вяртаецца ў сваю вёску, пэўны час навучае дзяцей сваіх землякоў. Калі ж школа вымушана была спыніць сваё існаванне, перабраўся ў Мінск, пачаў працаваць у выдавецтве школьных падручнікаў. У 1944 годзе Язэп Гладкі, якога чакала кляймо «здрадніка» і «нацдэма», вымушаны быў з’ехаць у Германію, дзе ўзяўся за навучанне беларускіх дзяцей. Выкладаў у гімназіі імя М. Багдановіча ў Ватэнштаце, заснаваў выдавецтва «Заранка», выдаў школьныя чытанкі, кнігі і брашуры «Помнікі старажытнасці», «Родны палетак», «Наша краіна», «Малюнкі мінулага» і інш.

Перасяліўшыся ў 1952 годзе ў ЗША, Язэп Гладкі жыве ў Нью-Йорку. Абапіраючыся на сваю фенаменальную памяць, бярэцца запісваць раней пачутае этнаграфічна-фальклорнае багацце. Яму ўдалося ўзнавіць і занатаваць народныя звычаі, абрады, песні, забабоны, прыказкі, казкі, жывую народную мову сваёй мясцовасці. У фундаментальнай працы «Чутае, бачанае, перажытае» (засталася ў рукапісе) даў шырокую панараму жыцця нашага краю канца XIX – пачатку XX ст. Машынапісны варыянт гэтай працы захоўваецца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

І наколькі ж узбагацілася фондавая скарбніца Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея, які, дзякуючы настаўніку і апантанаму краязнаўцу з Кораня Уладзіміру Палупанаву, набыў многія выданні, ажыццёўленыя Язэпам за межамі ягонай радзімы. Гэта і «Краёвы слоўнік Лагойшчыны», які ўключае 8 тысяч слоў з мясцовай моўнай «нерушы», і дыхтоўны зборнік «Прыказкі Лагойшчыны», дзе знайшлося месца добрай сотні загадак, і зборнік «Дудар», у якім змешчаны народныя песні ў большасці сваёй з вёскі Міхалкавічы. А яшчэ сціплыя, але не менш каштоўныя зборнічкі «Забабоны», «Народныя казкі», «Для малых дзетак» (дзіцячы фальклор), «Чатыры ўрачыстасці» з апісаннем важнейшых згадавога цыкла абрадаў. Набыткам музея сталі асобныя нумары часопісаў «Узвышша» за 1929–1930 гады, «Вольны сцяг» (1920 г.) з публікацыяй раздзелаў паэмы Я. Коласа «Новая зямля», «Песні аб паходзе Ігара» (пераклад Я. Купалы), некалькі школьных падручнікаў пачатку XX ст. з асабістай бібліятэкі Я. Гладкага. Дапаўняюць названае фотаздымкі братоў Гладкіх, дакументы, што датычаць іх біяграфій, і, нарэшце, ліст, дасланы Язэпам блізкім сваякам з Амерыкі ў 1967 годзе.

У пачатку свайго паслання Язэп Адамавіч выказаў радасць за атрыманую раней навіну, што пасаджаны ім з вучнямі сасновы лес вырас, а па грыбы сюды прыязджаюць міхалкаўцы нават з Мінска. «Пасля гэткай навіны, — прызнаецца аўтар пісьма, — мне і ўміраць будзе лёгка».

Расце, мацнее Язэпаў бор за ваколіцай Міхалкавіч як жывы помнік нашаму слыннаму земляку, імя якога можна паставіць побач з імёнамі выдатных беларускіх вучоных-этнографаў і фалькларыстаў.

Віктар Несцяровіч

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць