Вячаслаў Селях-Качанскі

Малады, нікому невядомы спявак з невялікага мястэчка Лагойск, Вячаслаў Селях, прыехаў у Петраград, дзе і зрабіў свае першыя крокі на прафесійнай сцэне. У гэты час яму было 25 год ад нараджэння (ён нарадзіўся 25.12.1885), за плячыма — вучоба ў настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, невялікі працоўны стаж настаўніка першых класаў і нястрымнае жаданне служыць мастацтву, музыцы.

Да 1910 г. В. Селях паспрабаваў сябе як рэгент хору ў Лібаве і яе спявак-аматар (у яго ужо вызначыўся добры голас). Ён быў захоплены выступленнямі майстроў оперы Лабінскага, Касторскага і іншых прафесіяналаў, якія прыязджалі ў той час у Лібаву. Падштурхнуты жаданнем спазнаць і авалодаць таямніцай гуку, ведаючы аб сваім выдатным, ад Бога, голасе, ён вырашыў вучыцца далей. Прыехаўшы ў канцы жніўня 1910 г. у Петраград, пасяліўся ў яго прыгарадзе, паступіў у оперны клас кансерваторыі, які вёў тады вядомы артыст, педагог, потым галоўны рэжысёр Марыінскага тэатра І. Тартакоў. Пад яго апекай В. Селях і атрымаў арпацоўку свайго выдатнага голаса — драматычнага барытона-баса.

Яшчэ ў час вучобы ў кансерваторыі В. Селях спрабаваў свае сілы на прафесійнай сцэне. Тады ў Петраградзе існаваў толькі што арганізаваны тэатр Музычнай драмы, якім кіраваў вядомы рэжысёр Лапіцкі. У тэатры для пачынаючых чыталі лекцыі вядомыя артысты і рэжысёры — Альбедзінскі, Пятроўскі, Тарскі і інш. У ім, пад кіраўніцтвам Лапіцкага, і адбыліся першыя крокі на прафесійнай сцэне В.Селяха — спачатку на другарадных ролях, а потым ужо і на больш адказных. Вось як аб гэтым піша ў сваіх успамінах вядомы оперны спявак таго часу С. Левік:

Многие хористы и вторые исполнители после года-двух работы с успехом стали выступать в качестве исполнителей первых партий. В первую очередь это относится к сопрано Немченко, баритону Селяха, басу Луканина.

Выступаючы ў складзе артыстаў музычнай драмы, В. Селях выконваў ролі ў операх «Кармен», «Майстарзінгер», «Багема» і інш. З 1912 г. ён пражываў у Петраградзе. Будучы студэнтам у складзе трупы музыкальнай драмы В. Селях з мая па лістапад 1914 г. удзельнічаў у творчай паездцы па гарадах Паволжа. Гэтая паездка стала для яго добрай школай авалодання майстэрствам. Скончыўшы на выдатна кансерваторыю, В. Селях спрабуе сябе ў конкурсе, які праводзіўся ў лютым-сакавіку 1915 г. у Марыінскім тэатры. Конкурс быў вялікі, больш за 300 спевакоў марылі атрымаць запрашэнне ў склад артыстаў «Марыінкі», аднаго з лепшых оперных тэатраў свету. І камісія тэатра, на чале з вядомым дырыжорам Напраўнікам, выбрала толькі двух — Селяха і Лебедзеву (лірычнае сапрана). Тагачасны аўтарытэтны часопіс «Театр и искуство» пісаў:

… на последней пробе голосов в Мариинском театре заметно выделяется молодой баритон В. А. Селях, обладающий исключительным по диапазону и силе голосом. По слухам, артист будет приглашен в состав труппы нашей казённой оперы. В. А. Селях ученик И. В. Тартакова.

Вячаслаў Селях-Качанскі

Адразу апасля конкурсу В. Селяху быў прызначаны дэбют на сцэне імператарскага Марыінскага тэатра ў ролі Ігара ў оперы Барадзіна «Князь Ігар». Наш вытрымаў экзамен з поспехам: «В состав труппы Мариинского театра приняты г-жа Лебедева, с успехом дебютировавшая на днях в „Жизни за царя“ (Антонида), г-жа Коломийцева (лирическое сопрано) — без дебюта в „Князе Игоре“».

29 красавіка 1915 г., за подпісам дырэктара Імператарскіх тэатраў сп. Целякоўскага, на яго асабістым бланку, з’явіўся надпіс:

Вячеслав Антонович Селях. Контракт на год тысячу пятьсот (1500 р.) с 1 сентября 1915 по 1 сентября 1916. Теляковский.

З другога боку кантракт падпісаў кіраўнік Канторы Імператарскіх тэатраў барон В. Кусаў. Так здзейснілася мара вясковага хлопчыка з беларускага мястэчка Лагойск стаць акцёрам, узыйсці на мастацкі Алімп.

Працуючы ў складзе артыстаў «Марыінкі», з 1915 да 1924 г. В. Селях выканаў больш за 25 адказных роляў у розных операх. Самымі выдатнымі былі князь Ігар у оперы «Князь Ігар», Шаклавіты ў «Хаваншчыне», Барыс Гадуноў, у Рыгалета, д’ябала ў аднаіменных операх. Яго партнёрамі ў спектаклях былі сусветныя зоркі опернай сцэны — Шаляпін, Яршоў, Смірноў, Алчэўскі, Ліпкоўская, Босэ, Угрыновіч.

Маючы такі велізарны прафесійны вопыт, выдатную сцэнічную школу, 1 кастрычніка 1924 г. В.Селях вярнуўся на Радзіму, каб працаваць на карысць беларускай культуры і роднай Бацькаўшчыны. А потым апынуўся ў эміграцыі, дзе і памёр. Таму доўні час заставаўся для нас невядомы.

Каб уратавацца ад арышту як «нацдэм», ён у 1933-м пакідае Беларусь і вяртаецца ў Менск толькі ў 1941-м, ужо ў часе акупацыі. Праца кіраўніком аддзелу культуры й мастацтва і дырэктарам менскага гарадзкога тэатру абумовіла ад’езд Селяха ў 1944-м на Захад.

Блукаючы па сьвеце, ён не пакідаў галоўнай справы свайго жыцьця. У Нямеччыне стварыў Беларускі драматычны тэатар імя Галубка, у ЗША заснаваў тэатральную студыю, дзе ставіў Францішка Аляхновіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Вялікае значэньне ў жыцьці эміграцыі меў арганізаваны і ўзначалены ім Беларускі нацыянальны хор. У 1975-м спадар Вячаслаў падрыхтаваў «Сьпеўнік беларускага жаўнера», да якога сам напісаў шмат музыкі. Селяху ішоў ужо дзесяты дзясятак. Ён памёр 8 верасня 1976 г. у Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрзі, ЗША, дзе і быў пахаваны.

Крыніцы:

1. Журнал «Кантакты i дыялогi» № 7–8 2000 г. Да бiяграфii спевака Вячаслава Селяха. авт. Селях Сяргей.
2. Газета «Лiтаратура i мастацтва», № 5/4089 от 2.02.2001 года «Невядомы прэмъер» авт. Сяргей Селях.
3. Журнал «Мастацтва», № 5 и № 6 2001 год «Старонкi творчай бiяграфii Вячаслава Селяха» авт. Сяргей Селях.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Людзі - Творчыя - Вячаслаў Селях-Качанскі