Ваупшасаў Станіслаў Аляксеевіч

Ваупшасаў Станіслаў Аляксеевіч (Вайпшас) (1899, Ліфляндская губернія — 1976 гг.), супрацоўнік ворганаў дзяржаўнай бяспекі, партызан, палкоўнік. У 1918 годзе ўступіў у Чырвоную армію. У пачатку 1920-х гг. ваяваў у складзе камуністычных партызанскіх атрадаў у Заходняй Беларусі, якая ў той час уваходзіла ў склад Польшчы. Пасля вяртання ў СССР працаваў у ворганах ОПГУ і НКУС. У 1937–39 гг. накіраваны ў Гішпанію, дзе выконваў абавязкі афіцэра дзяржаўнай бяспекі. З 1939 — у НКУС СССР. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны накіраваны ў тыл нямецкай арміі, каб ажыццяўляць кантроль за партызанскім рухам на тэрыторыі Беларусі.

 

Уладзімір Сяргеевіч Шнарэвіч

Уладзімір Сяргеевіч Шнарэвіч нарадзіўся ў 1946 годзе ў горадзе Тула (Расія). У 1947 разам з бацькамі пераехаў на радзіму бацькі ў г.п. Плешчаніцы, дзе скончыў СШ № 2. Паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, якое, дзякуючы свайму таленту, скончыў за 3 гады замест патрэбных чатырох. Пасля гэтага паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, па заканчэнні якога працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм» да 1985 г.

 

Ігар Віктаравіч Лыскавец

Ігар Віктаравіч Лыскавец нарадзіўся 24 красавіка 1964 года ў Мінску. У 1991 ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (мастацкі факультэт, кафедра станковага жывапісу). Вучыўся ў У. А. Грамыкі, А. А. Марачкіна, У. А. Ткачэнкі. Быў настаўнікам Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава. У мастацкіх выстаўках бярэ ўдзел з 1987 года.

 

Вілорый Аляксеевіч Казлоў

Вілорый Аляксеевіч Казлоў — ураджэнец Плешчаніц, ён працаваў мастаком на тэлебачанні. Заслужаны работнік культуры Беларусі ў 1982.

 

Мікалай Аляксандравіч Шулякоўскі

Мікалай Аляксандравіч Шулякоўскі (21.12.1952 — 30.11.1997 гг.) нарадзіўся ў Плешчаніцах. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па класу жывапісу. Працаваў мастаком на студыі Беларускага тэлебачання, кіраўніком дзіцячых выяўленчых студый у Мінску. Меў надзвычайныя здольнасці педагога, якія асабліва рэалізаваў як кіраўнік выяўленчай студыі «Крынічка», якая пры ім атрымала званне народнай і тройчы пацвярджала яго.

 

Уладзімір Нічыпаравіч Шпартаў

Уладзімір Нічыпаравіч Шпартаў нарадзіўся ў 1939 годзе ў Лагойску. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут у 1965 годзе. У мастацкіх выставах прымае ўдзел з 1967.

 

Сямён Рыгоравіч Саўрыцкі

Сямён Рыгоравіч Саўрыцкі (23.05.1940 — 07.01.2008 гг.), беларускі мастак-кераміст. Нарадзіўся ў вёсцы Міхалова. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1967. Член Саюза народных мастакоў з 1998 года. Працоўны шлях пачаў настаўнікам адной з вясковых школ Лагойшчыны, маляваў шыльды, афармляў інтэр’еры. Паваротным у жыцці майстра стаў час, калі яго дачка Таццяна паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці «кераміка» і папрасіла змайстраваць для сябе ганчарны круг. З таго моманту Сямён Саўрыцкі зрабіў кераміку справай свайго жыцця.

 

Уладзімір Пятровіч Савіч

Уладзімір Пятровіч Савіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Акцябр (зараз вёска называецца Хатавічы). У 1976 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Прымае ўдзел у выставах з 1972 года. З 1976 ён — Член Саюза мастакоў Беларусі. З 1986 года загадвае кафедрай графікі ў Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1992 Інтэрнацыянальны біяграфічны цэнтр (Кембрыдж) назваў яго «Чалавекам года» і ўзнагародзіў медалём за дасягненні ў 20 стагоддзі.

 

Старонка 2 з 3