Крамянцкі камень дабрабыту

Вёска Крамянец знаходзіцца на ўскраіне Лагойскага раёна, на памежжы з Вілейшчынай. Назва паселішча, дзе ў 1905 годзе пражывала 479 жыхароў і не нашмат меней — у перадваенны час, звязана з той акалічнасцю, што тутэйшыя землі вельмі «ўрадлівыя» на крэмні, ці, як тут кажуць, «крамяні». Старажылы расказваюць, што ў даўнія часы збор гэтага прыроднага багацця быў свайго кшталту промыслам, дзякуючы якому можна было добра папоўніць сямейную «казну».

Але не толькі гэта зрабіла вядомай вёсачку. Славу Крамянцу дадае мясцовая святыня — камень, што ляжыць непадалёк на ўзлеску і вызначаецца дзіўнай формай. На ягонай паверхні ёсць некалькі лунак, якія нагадваюць чалавечыя сляды. Мае камень і сваё імя: Дажджбогаў — у гонар язычніцкага ўладара сонца, ад каго залежыў ураджай і дабрабыт земляроба.

Як сцвярджаў вядомы беларускі геолаг Эрнест Ляўкоў:

Калісьці верылі, што Дажджбог кожную раніцу выязджаў на калясніцы са свайго палаца дзесьці на ўсходзе і рабіў дзённы аб’езд па небе. Слугі дажджамі абмывалі яго асвечаны твар. У самім найменні славянскага бога — Дажджбог — ёсць просьба дажджу.

Гэтую мясцовую рэліквію, да якой крамянчане ставяцца з вялікай пашанай і гонарам, неаднойчы даводзілася бачыць на ўласныя вочы і мне. Між іншым, зразумець такое трапяткое стаўленне да каменя атрымалася ўжо пры першым знаёмстве з незвычайным валуном, калі суправаджаць мяне падахвоцілася настаўніца мясцовай пачатковай школы з групай сваіх выхаванцаў. Па дарозе да святыні кожны з дзяцей падрыхтаваў букецік з палявых кветак, каб, паводле векавой традыцыі, пакласці на камень.

А вось адна са старэйшых жыхарак Крамянца — Зося Рогач, якая ў свае 85 гадоў да драбніц узнавіла гісторыю, звязаную з мясцовай славутасцю. Здаўна, як прыгадвала жанчына, месца, дзе стагоддзямі ляжыць Дажджбогаў камень, прываблівала мноства народу. Прыходзілі і прыязджалі зблізку і здалёк. Звычайна наведваліся па святах, асабліва — на Купалле, Вялікдзень, Сёмуху. У той час мясціна вакол каменя была абнесена плотам з веснічкамі, у кутку пляцоўкі была ўкапана бочка без дна. У ёй заўсёды стаяла вада, якая лічылася святой. Людзі звычайна прыходзілі сюды завідна, да ўсходу сонца. Ускладалі на камень «ахвяру»: кветкі, грошы, хлеб, хусцінкі, яблыкі… Затым ішлі да вады, набіралі ў посуд, жменяй налівалі ў лункі — «Божыя сляды» — і гэтай вадой абмывалі балючае месца: хто — вочы, хто — руку, нагу.

Звярталіся да каменя па дапамогу і калі доўга не было дажджу, стаяла сухмень. Тады брала на сябе ініцыятыву адна з найстарэйшых бабуль. Яна ішла па хатах, запрашала дзевяць удоў. Жанчыны бралі з сабой драўляныя, у рост чалавека, калкі, ішлі да каменя, прыўздымалі яго, падвешвалі, прамаўлялі просьбу-заклінанне, каб камень паслаў дождж. Апошнім разам рытуал, які прыгадала баба Зося, спраўлялі ў засушлівае лета 1985 года.

З крамянецкім святым каменем звязана яшчэ і такое паданне. Непадалёк, у Бабрах, заможны селянін будаваў дом і вырашыў пакласці валун з выявай «Божых слядоў» у край падмурка. Але камень зрабіўся вільготны: «плакаў», па сценах пайшла цвіль, стала хварэць радня. Прысніўся таму чалавеку сон: быццам просіць камень завезці яго на ранейшае месца. Занепакоіўся чалавек, раніцай вызваліў камень з падмурка, пагрузіў на калёсы і павёз туды, дзе яго ўзяў. Дзіўна яшчэ і тое, што ў вёску той камень з цяжкасцю везлі чацвёра коней, а назад вёз адзін.

Ёсць, на жаль, сёння і тыя, хто хацеў бы знішчыць той камень. Аднойчы настаўніца-пенсіянерка з Крамянца стала сведкай, як ва ўрочышча, дзе месціцца святыня, з’явілася група падазроных людзей, што здзейснілі на святым месцы дзікі абрад, пасля чаго адзін з удзельнікаў у звярынай ярасці пачаў біць абухом сякеры па каменю. Пакідаючы тое месца, злачынцы вывернулі дубовы крыж, які ўстанавіў тут святар з бліжняга прыхода. Але цікава, што пасля на ім не было ніводнага пашкоджання: сатанінскае вар’яцтва і метал аказаліся бяссільнымі супраць сімвала даўняй чалавечай веры.

Віктар Несцяровіч

Камні з сімваламі ў Стайках

Вёска Камена і яе камень

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Вёскі - Крамянцкі камень дабрабыту