Легенда пра Лагойск

На погляд мовазнаўцы В. П. Лемцюговай, назва пасёлка паходзіць ад назвы ракі (суфікс «ск» характэрны для гідронімаў, а корань «лагоз» — ад назвы ракі Лагаза). Такую ж думку выказвае і доктар філалагічных навук А. Рогалеў:

Горад Лагойск узнік на месцы ўпадзення ў раку Гайну (правы прыток Бярэзіны Дняпроўскай) рэчкі Лагазы. Першапачатковая форма назвы горада — „Логожьскъ“.

Яна сведчыць, што ў яе аснове ляжыць найменне воднага аб’екта — Лагазы. Назва Лагаза ўтворана ад слова лог — «нізіна, лагчына, даліна, у якой цячэ рака». Слова лог у сваю чаргу звязана са словам ляжаць, якое спрадвеку абагульнена разумелася як «быць без ужывання», «знаходзіцца без руху», а ў адносінах да зямлі — «быць без апрацоўкі». Таму і назву Лагаза можна растлумачыць наступным чынам: «нізінная зямля, якая ляжыць, не апрацоўваецца, не выкарыстоўваецца для сельскагаспадарчых патрэб». На думку В. А. Жучкевіча, назва Лагойска звязана з найменнем расліны лагазы, характэрнай для берагоў рэк. Тапонім Лагойск, па Жышкевічу, паходзіць ад тэрміна «лагчына» — паніжэнне рэльефу, што пацвяржаецца сучаснай тапаграфіей.

Легенда, якая па-свойму тлумачыць назву Лагойска

Жыў-быў некалі ў гэтых мясцінах вельмі багаты селянін. Звалі яго Логвін. Было ў яго тры сыны. Падышоў неяк час вырашаць, як жыць далей. Старэйшыя сыны вырашылі ажаніцца, а малодшы, Іванка, — вандраваць, паглядзець свет. Абяцаў маці-бацьку хутка вярнуцца. З гэтымі словамі і пакінуў родную хату. Вандруючы па незнаёмым мясцінам, наброў на невялічкую хатку, дзе жыла зусім хворая бабулька. І казала яна Іванку, каб ён хутчэй вяртаўся да роднай хаты, бо, можа, і яго бацькі такія ж хворыя, чакаюць яго… але не паслухаўся Іванка і пакрочыў далей.

Аднойчы падыйшоў хлопец да чыстага возера, поўнага вялізнай рыбай. І ўбачыў на возеры дваццаць прыгожых гусей-лебядзяў. Заспяваў певень, птушкі скінулі вопраткі і пераўтварыліся ў статных дзяўчат. Спадабалася Іванку адна з птушак, і вырашылі яны ажаніцца. Але спярша хлопец павінен быў вернуцца да бацькоў. Усё ж не дачакаліся маці-бацька малодшага сына — памерлі, браты родныя перасварыліся-перабіліся, ды ці адзін раз, за бацькоўскую зямлю. І пайшоў Іванка назад, знайшоў сваю суджаную і стаў з ёю разам жыць, дзетак гадаваць. З цягам часу сталі іншыя людзі хаціны будаваць, а возера тое, прыгожае і сіняе, за многія стагоддзі знікла з твару зямлі. Невялічкую вёску назвалі Лагвойск, у памяць пра Іванку, сына Логвіна.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць