Святая cасна

Упершыню аб Святой сасне мне давялося пачуць гадоў пад трыццаць таму назад. У размове са мной заслужаны паляўнічы Беларусi I. I. Кашыцкі зазначыў, што, каб упаляваць дзіка, напэўна, давядзецца ісці ажно пад Святую сасну.

— Гэта ўрочышча так называецца? — пацікавіўся я.
— Вось іменна,
— пацвердзіў Іосіф Іванавіч.
— I шт
о, там сапраўды была ці і цяпер ёсць Святая сасна? — працягваў выпытваць я.
— Самой сасны ўжо даўно няма, а крынічка, што біла з-пад
яе, ёсць. I людзі бяруць тую вадзіцу, каб пазбавіцца хвароб. А ўвогуле, калі цябе цікавщь гэтае месца, трэба сустрэцца з жыхаром вёскі Ніўкі Лісам. Ён многае ведае і раскажа пра Святую сасну.

Патомнаму лесніку С. С. Лісу было ў той час пад восемдзесят гадоў. Станіслаў Сцяпанавіч даўно ўжо знаходзіуся на пенсіі, але па-ранейшаму часта блукаў па лесе: то у пошуках баравікоў, то са стрэльбай за плячыма, то ля ўласнай пасекі на былой леснічоўцы. Ад яго і даведаўся гісторыю, звязаную са Святой сасной.

Святая Сасна

Святая Сасна

…Было гэта даўным-даўно, у сівой мінуўшчыне. На сучаснай Лагойшчыне шумелі дрымучыя лясы. Вяліся ў лясах самыя розныя птушкі і звяры, многіх з іх сёння наогул няма. А напамінкам для нашчадкаў пра даўніну засталіся толькі назвы ўрочышчаў. Хоць бы тая Тур’я, дзе калісьці было шмат тураў.

Паблізу цяперашняй вёскі Заазер’е ўзвышаўся палац вельмі багатага магната, які захапляўся паляваннем. Даведаўся неяк ён, што ў навакольных лясах паявілася незвычайнай прыгажосці птушка. Многія мясцовыя жыхары бачылі яе і называлі не інакш як жар-птушкай.

А вось магнату, колькі ні хадзіў ён са стрэльбай па лесе, не трапляла гэтая птушка на вочы. Дачулася пра незвычайнай прыгажосці птушку жонка магната і кажа:

— Страляеш ты тураў, аленяў і куніц… Але не гэта трэба мне. Я хачу, каб прынёс ты з палявання жар-птушку, зрабіў з яе чучала і паставіў у маім пакоі.

Пачухаў патыліцу магнат, а пярэчыць жонцы не стаў, бо добра ведаў яе капрызны, нораў. Калі яна наважыла любой цаной свайго даб’ецца.

Назаўтра раніцай закінуў за плечы стрэльбу і падаўся ў пушчу. Доўга блукаў ён па лесе, а жар-птушкі ўбачыць ніяк не ўдавалася. Адвячоркам, моцна стаміўшыся, вырашыў магнат прысесці пад сасной, каб адпачыць і падсілкавацца. Зняў з плячэй стрэльбу, паставіуў пры таўшчэзным камлі дрэва, развязаў торбу, каб падсілкавацца. І раптам чуе, што на дрэве нешта нібыта шкрабаецца па галінах. Кінуу магнат позірк уверх і не паверыў уласным вачам: на вершаліне сасны, прымасціўшыся на тоўсты сук, сядзела жар-птушка. Пер’е яе пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі, а доўгі хвост дзіўным веерам звісаў уніз.

Дрыжачымі рукамі схапіў магнат стрэльбу, ускінуў да пляча, злавіўшы незвычайную птушку на мушку, выстраліў. Лясное рэха панеслася далёка-далёка і згубілася недзе ў дрымучым бары, а жар-птушка ўзмахнула сваімі вялікімі крыламі і бездапаможна звалілася долу, прама пад ногі магнату.

Не помнячы сябе ад радасці, паляўнічы схапіў такую дарагую дабычу, паклаў яе ў торбу і паспяшаўся дамоў. Прыцемкамі выбраўся з пушчы і, не зважаючы ні на што, заспяшаўся да свайго палаца.

Ад радасці, а можа і ад цемры магнат спачатку і не заўважыў, што няма ні палаца, ні іншых ягоных, будынкаў. I толькі пачуўшы плесканне вады, спыніўся нібы ўкопаны: там, дзе яшчэ раніцай узвышаўся палац, вецер гнаў азёрныя хвалі…

Доўга стаяў разгублены паляўнічы на беразе возера, што невядома адкуль паявілася. Затым рашуча падышоў да вады і бухнуўся ў яе. Разам са стрэльбай і торбай, у якой ляжала застрэленая жар-птушка

Чуткі аб незвычайным здарэнні разнесліся далёка-далёка за межы Лагойшчыны. Кажуць, што на месца, дзе магнат застрэліў жар-птушку, прыязджаў вялікі духоўны ўладыка, асвяціў яго. З тае пары ў народзе сасну, на якой апошні раз сядзела незвычайная птушка, і пачалі называць Святой. А з крынічкі, што бруіла з-пад зямлі тут жа, пачалі браць ваду, абмываць ёй твар, рукі, ногі. Многія сцвярджалі, што вада гэтая валодае цудадзейнай сілай, выганяе з цела хваробу, вяртае чалавеку бадзёрасць, энергію, радасць.

…Не адно стагоддзе канула з тага часу. Але і цяпер не зарастае сцяжынка да месца, дзе расла Святая сасна. Зараз на месцы сасны стаіць драўляны крыж з невялікай іконкай. Побач — ямка, з якой бруіла крынічка. У апошнія гады летам з-за гарачыні яна перасыхае. А раней заўсёды там стаяла вада, на дне крыніцы ляжалі манеты. У якасці ахвяравання людзі вешалі на галіны дрэў кавалкі сала, каўбасы, нават сподняе адзенне.

Гэта сведчыць пра тое, што Святая сасна бярэ свой пачатак з той далёкай пары, калі чалавек абагаўляў прыроду, верыў у яе лекавую сілу.

I ў нашы дні ў Ніўкі нярэдка прыходзяць ці прыязджаюць людзі і просяць, каб паказалі ім Святую сасну, якая знаходзіцца ў кіламетрах двух ад гэтай вёскі ў сасновым лесе.

I. Сіляўка

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць