Паненская гара

У кожнага населенага пункта ёсць штосьці адметнае звязанае з яго далёкім мінулым. Не баюся памыліцца, калі скажу, што для Лагойска ім з'яўляецца Паненская гара. Большасць гаражан, калі размова заходзіць аб яе назве, абавязкова нагадвае, што чулі, ці нават чыталі, што нібыта ў гэтым месцы ў сівую даўніну малады граф ці князь прызначаў спатканні сваей каханцы з простай сялянскай сям'і. Іх сяброўства закончылася трагічна. Адны кажуць, што багаты жаніх скінуў у роспачы дзяўчыну з гары, другія паведамляюць, што яна сама, не знайшоўшы ўзаемнасці, каменем пакацілася ўніз з самай вяршыні i загінула.

Легенд, паданняў, быляў пра Паненскую гару ходзіць у народзе шмат. I ўсе яны, сапраўды, звязаны з непадзеленым каханнем i трагічным канцом яго. Многія з ix натхнялі пісьменнікаў на напісанне літаратурных твораў. У аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры Вікенція Дуніна-МарцінкевічаНарадзіўся ў 1808 гаду, па іншых звестках, у 1807 у фальварке Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні, памёр ў 1884 гаду. Паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Пісаў на беларускай і польскай мовах. ёсць буйны паэтычны твор, які носіць назву «Вечарніцы i Заварожаны». Героі яго, збіраючыся на вячоркі, расказваюць розныя неверагодныя гісторыі, здарэнні. Адна з ix прысвечана Паненскай гары:

…Вот у Лагойскім замку Грамабой.
Ледзь пачаў княжыць, ужо як свой.
Як родны бацька ён для чэлядзі.
Любілі яго у цэлай грамадзе.

Далей пісьменнік расказвае, што малады князь да звера вялікі ахвотнік быў, са стрэльбай у лес хадзіў. Князь Вітаўт паpaiў яму ажаніцца. Раз Грамабой пайшоу на паляванне, прысеў на высокай гары i заснуў. Яму прыснілася, што ў нейкага дзядзькі жыве дзяўчына незвычайнай прыгажосці.

Князь загадаў сваім служкам адшукаць самую прыгожую дзяўчыну. Даведалася пра гэта брыдкая Мархва i начала сцвярджаць: буду жонкай князя, буду каралевай. Урэшце маці павяла яе на гару. Выбег i князь хутка, глядзiць, што за дзіва, «адкуль тут звязда прыгнала несчаслівую гэту брыдоту» i швырнуў яе згары.

Кулем паляцела, шыю зламала, у вялікіх муках бедная сканала. З тае пары гара Паненскай завецца, дух Мархвы там часта па начах бадзяецца.

Далей у творы гаворыцца, што князь Грамабой усе ж знайшоў прыгожую дзяўчыну, што прыснілася яму, ажаніўся на ей i быў шчаслівы у сямейным жыцці.

Так яно было, ці не, на самай справе — аднаму Богу вядома. Бо паданне, на аснове якога пicaў сваю паэму Дунін-Марцінкевіч, вытрымана ў традыцыйна народна-фальклорным стылі. I кожнае пакаленне магло ўносіць у яго свае дапаўненні і змяненні, аб чым, зрэшты сведчыць i канцоўка твора. У заключэнні расказчык не без гумару зазначае, што «ён там быў, што i мёд піў, усе па вусах цякло, аднак у рот не трапляла…»

Аднак, нават часу не падуладна памяць людская. Паненская гара для лагайчан з'яўляецца сімвалам таямнічасці, незвычайнасці, прыгажосці i самага вялікага чалавечага пачуцця, якім i з'яўляецца каханне. На ёй i цяпер прызначаюць спатканні юнакі дзяўчатам, тут яны даюць клятву вернасці. Яшчэ нядаўна ў народныя святы гэтае месца звычайна гудзела нібы той пчаліны вулей. Кампаніі людзей адзначалі на гары самыя розныя даты i ўрачыстасці, спявалі, хараводзілі, танцавалі, адным словам, весяліліся.

У апошнія дзесяцігоддзі не адзін раз уздымалася пытанне аб добраўпарадкаванні Паненскай гары, бо воблік яе мяняецца, прытым, як сведчаць старажылы, далека не ў лепшы бок. Адзін са старэйшых жыхароў Лагойска заслужаны работнік культуры нашай краіны Б. У. Сасноўскі падчас размовы неяк прыгадаў, што ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны фашысты ператварылі святое для лагайчан месца ў крэпасць, устанавілі на ім куляметы. Акупанты спілавалі на дровы векавыя сосны, што так упрыгожвалі мясціну, надавалі ёй непаўторны каларыт.

Ужо ў мірны час перакапаную траншэйнымі хадамі Паненскую гару засадзілі нанава дубамі, елкамі, соснамі лесаводы Д. А. Кірэеў, М. Л. Габрыельчык, В. М. Чарнуха i іншыя. Аднак у далейшым знакамітая мясціна ўвайшла ў рысу горада. У выніку, ніякіх работ па догляду за насаджэннямі на ёй апошім часам не праводзіцца.

Мела месца, праўда, у застойны перыяд спроба ператварыць гару ў куток для адпачынку лагайчан. Па ініцыятыве тагачаснага старшыні райвыканкама Э. М. Сінкевіча было нават прынята рашэнне аб пракладцы добраўпарадкаваных алей i сцяжынак, узвядзенні альтанак, лавак, устанаўленні постацей быліннага князя i яго каханай. Аднак, да здзяйснення гэтай добрай ідэі справы не дайшлі. Усе, як кажуць, засталося толькі на паперы. А шкада. Паненская гара як унікальная мясціна Лагойшчыны заслугоўвае лепшай долі i больш пільнай увагі не толькі з боку закаханых, але i мясцовай улады. Дух хітрай Мархвы, што па начах тут «бадзяецца», варта ўвекавечыць хоць бы драўлянымі скульптурамі яе i грознага князя. I зрабiць гэта ніколі не позна.


I. Сiляўка

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць