Знатныя людзі Лагойскага раёна

Адзінаццатая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дапамогу агітатару)».

Калісьці вялікі пясняр беларускага народа, наш зямляк Янка Купала марыў аб тым часе, калі простыя працаўнікі будуць «людзьмі звацца». Мара паэта магла здзейсніцца толькі пасля Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі. Вызваліўшы ад улады памешчыкаў і капіталістаў, Комуністычная партыя ўзняла працоўных да сапраўдных вяршынь культуры, дапамагла ім выйсці ў свет, стаць на шчаслівую дарогу жыцця.

За гады Совецкай улады ў нашым раёне вырасла многа знатных людзей. Іх можна сустрэць на розных участках соцыялістычнага будаўніцтва. Адны з іх працуюць інжынерамі і тэхнікамі, другія — урачамі, настаўнікамі, аграномамі, зоатэхнікамі і іншымі спецыялістамі.

Раней, пры царызме, селянін-бедняк, жыхар вёскі Звярынічы Фама Грабеннікаў нават і думаць не мог, што ўсе яго дзеці калі-небудзь атрымаюць асвету. У совецкі час гэта стала рэальнасцю, нармальнай з’явай. Два сыны Фамы — Уладзімір і Сцяпан вывучыліся на інжынераў, а старэйшы — Антон атрымаў званне кандыдата тэхнічных навук і цяпер працуе выкладчыкам у адной з вышэйшых навучальных устаноў горада Масквы. Антон Фаміч ніколі не забываецца пра сваіх землякоў, падтрымлівае з імі самую цесную сувязь. Ён амаль кожнае лета прыязджае ў сваю родную вёску да аднасяльчан. Гэта па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам у калгасе «Іскра» пабудавана першая ў раёне сельская гідраэлектрастанцыя, якая намнога аблягчыла працу калгаснікаў, дапамагла ім хутчэй стаць на ногі пасля вайны.

Ганарацца жыхары вёскі Звярынічы і другім сваім земляком-урачом Міхаілам Паўтарак. Будучы маёрам медыцынскай службы, ён прымаў актыўны ўдзел у вызваленні Совецкай краіны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і заслужыў некалькі ўрадавых узнагарод. У сучасны момант тав. Паўтарак узначальвае поліклініку Мінскага трактарнага завода — буйнейшую медыцынскую ўстанову рэспублікі.

Сярод знатных людзей нашага раёна — кандыдат філасофскіх навук Б. Лапотка, урач З. Лапотка, малады паэт з вёскі Слабады Ніл Гілевіч, заслужаная настаўніца школы БССР М. Хадасевіч.

Не ўменшай меры працоўныя раёна ганарацца і майстрамі калгаснай вытворчасці, перадавымі механізатарамі, лепшымі рабочымі соўгасаў, прамысловых прадпрыемстваў.

З году ў год высокімі ўраджаямі славіцца чацвёртая паляводчая брыгада калгаса «Перамога», дзе брыгадзірам працуе комуніст Нікалай Тарасавіч Жалабковіч. Сёлета тут на ўсёй плошчы атрымана ў сярэднім ад 18 да 30 цэнтнераў збожжавых з кожнага сектара. Вырашчан таксама высокі ўраджай бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур. За поспехі, дасягнутыя ў паляводстве, тав. Жалабковіч быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі і ўзнагароджан сярэбраным медалем.

Паважаюць і цэняць працоўныя раёна майстраў вырошчвання высокага ўраджаю ільну Ксенію Шлёнскую, Лідзію Качаноўскую, Софію Верамей, лепшых жывёлаводаў Надзю Жалабковіч, Уладзіміра Рабаткевіча, Веру Селях, Лідзію Жукоўскую, Софію Врублеўскую, Валянціну Даўгалёнак, птушніцу Елену Шкрэд, механізатараў Барыса Камінскага, Івана Красуцкага і многіх іншых.

За 8 месяцаў гэтага года даярка калгаса «Перамога» В. М. Даўгалёнак надаіла ад кожнай замацаванай за ёй каровы па 2060 кілограмаў малака, у тым ліку за жнівень 408 кілограмаў. За высокія паказчыкі, дасягнутыя ў павышэнні прадуктыўнасці дойнага статку, тав. Даўгалёнак занесена на абласную Дошку гонару.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Дакументы - Знатныя людзі Лагойскага раёна