Рост культуры і народнай асветы ў Лагойскім раёне

Дзявятая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

Бескультур’ем і непісьменнасцю славіўся наш раён пры царызме. Сялянскім дзецям былі закрыты ўсе дарогі ў навуку. Ды і не да вучобы было бедным сялянам, калі панавалі голад і галеча, калі ўвесь час прыходзілася думаць аб кавалку хлеба.

Першая так званая народная школа адкрылася ў Лагойску ў 1864 годзе. Але вучыцца ў ёй маглі толькі дзеці кулакоў, ураднікаў і папоў. Старэйшы жыхар вёскі Ніўкі Аляксандр Кандрацьевіч Мірановіч расказвае:

— Да рэволюцыі з нашай вёскі ніхто не мог папасці ў школу. За вучобу патрабавалі плату, а сродкаў не хапала. Колькі я ні біўся, але атрымаць асвету так і не ўдалося.

З сялянскіх дзяцей толькі лічаныя маглі набыць пісьменнасць. Агульны лік навучаючыхся ў 1884 годзе складаў у Лагойскай школе ўсяго 23 чалавекі. Школа размяшчалася ў невялікім і старэнькім памяшканні, якое не мела дастаткова ні сталоў, ні лавак.

У 1882 годзе Лагойскае вучылішча правяраў участковы інспектар Б. П. Чарткоў. У акце праверкі ўказваецца, што класны пакой цесны, у ім не хапае мэблі, што пры вучылішчы няма ніякіх гаспадарчых прыбудоў. Інспектар унёс прапанову павысіць плату народнаму настаўніку.

Жаданне навучыць дзяцей хаця-б чытаць і пісаць вымушала сялян арганізоўваць школы на свае сродкі. Гэтая ініцыятыва аднак не адабралася царскім урадам.

У сваім цыркуляры, знойдзеным нядаўна ў архіве, губернатар Мінскай губерні Пятроў пісаў:

Иметь строгое наблюдение, чтобы в волости не было открываемо тайных школ для обучения грамотности крестьянских детей лицами, не имеющими на то права, и в случае, если бы оказались подобные школы, немедленно закрывать и доносить о том по принадлежности.

За гады Совецкай улады ў раёне праведзена вялікая работа па развіццю народнай асветы. Ужо па даных на 1 ліпеня 1928 года на тэрыторыі раёна працавала 45 школ, а ў сучасны момант іх налічваецца 70, у тым ліку 23 сямігадовых і сярэдніх. Усяго навучаннем ахоплена каля 5 тысяч дзяцей працоўных. Выхаваннем іх займаецца 328 настаўнікаў.

З кожным годам расце сетка культурна-асветных устаноў. У раённым цэнтры і вёсках ёсць Дом культуры, 23 клубы, 8 хат-чыталень, 59 бібліятэк, якія налічваюць 183 тысячы тамоў рознастайнай літаратуры. Працоўныя раёна выпісваюць звыш 10 тысяч экземпляраў газет і часопісаў. Большасць населеных пунктаў радыёфікавана. У сельскай мясцовасці працуюць 2 поўстацыянары і 7 кіноперасовак.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Дакументы - Рост культуры і народнай асветы ў Лагойскім раёне