Народная помста ворагу

Шостая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

У 1941 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі вераломна парушылі мірную працу совецкіх людзей. Яшчэ ніколі ў жыцці працоўныя Лагойскага раёна не перажывалі столькі гора і пакут, колькі ім прычынілі гітлераўскія акупанты.

Орды заваёўнікаў знішчалі ўсё, што траплялася на іх шляху. За тры гады свайго гаспадарання яны спалілі 57 вёсак, аддалі агню 5322 гаспадарчыя і жылыя будынкі, разрабавалі калгасы, МТС, прадпрыемствы мясцовай прамысловасці. Перасталі працаваць школы, культурна-асветныя ўстановы. Фашысты расстралялі, спалілі жывымі ў агні або вывезлі на катаргу ў Германію і іншыя акупаваныя імі краівы каля 4 тысяч мірных жыхараў. Агульныя страты, нанесеныя народнай гаспадарцы раёна, склалі 770 мільёнаў рублёў.

Жыццё ў раёне здавалася вымершым. Сельская гаспадарка прыйшла ў заняпад. Пасяўныя плошчы былі скарочаны больш чым напалавіну. Лютай расправай, расстрэламі і вісельніцамі гітлераўскія разбойнікі імкнуліся паставіць на калені свабодалюбівы совецкі народ, зламаць яго волю да барацьбы за Радзіму, за Совецкую ўладу.

Але злачынныя разлікі ворага пацярпелі поўны правал. Працоўныя Лагойскага раёна, па закліку Комуністычнай партыі разгарнулі магутны партызанскі рух. На ўзброеную барацьбу супраць азвярэлых акупантаў узнімаліся сотні і тысячы мірных жыхараў. У партызаны ішлі цэлымі сем’ямі, вёскамі — моладзь, пажылыя, старыкі, ішлі з адзіным імкненнем — дапамагчы Совецкай арміі хутчэй вызваліць родную зямлю ад фашысцкай навалачы.

Ужо ў 1942 годзе на тэрыторыі раёна дзейнічалі буйныя партызанскія атрады, якія наносілі адчувальныя ўдары па жывой сіле і тэхніцы праціўніка. Сіла гэтых удараў нарастала з кожным днём. Народныя мсціўцы знішчалі ворага ў адкрытых баях, з засад, падрывалі на мінах. У снежні месяцы гэтага-ж года партызаны напалі на нямецкі гарнізон у Лагойску і амаль поўнасцю разграмілі яго. Маёмасць, якую нарабавалі фашысты, была зноў вернута мірнаму насельніцтву. Узяўшы пад ахову людзей, партызаны абаранялі іх ад налётаў гітлераўскіх банд, не давалі магчымасці вывозіць на катаргу.

У барацьбе супраць акупантаў народным мсціўцам дапамагала ўсё насельніцтва. У вёсках працавалі дзесяткі падпольных партыйных і комсамольскіх арганізацый, сотні сувязістаў.

Для кіраўніцтва партызанскім рухам, які разгортваўся ў раёне, летам 1942 года быў створан падпольны райком партыі. Яго ўзначаліў старэйшы большэвік, Герой Совецкага Саюза Іван Мацвеевіч Цімчук. У студзені месяцы наступнага года выйшаў першы нумар падпольнай раённай газеты «За Совецкую Беларусь». Рэдакцыя рэгулярна выпускала асобнымі лістоўкамі «Весткі з Радзімы», звароты да насельніцтва, расказвала аб сапраўдным становішчы спраў на франтах, выкрывала брудную правакацыю і хлусню ворага.

Газета «За Совецкую Беларусь»

Газета часоў вялікай Айчыннай «За Совецкую Беларусь»

Партызанскі рух ператварыўся ў грозную сілу. Адважныя совецкія патрыёты дэзарганізавалі работу нямецкіх устаноў, знішчылі ўсе варожыя гарнізоны ў весцы. Немцы адчувалі сябе ў Лагойску, як у асаджанай крэпасці. Яны не ведалі супакою ні днём, ні ноччу.

3 ліпеня 1944 г. совецкія войскі, развіваючы наступленне, сакрушылі абарону праціўніка пад Лагойскам і сумесна з партызанамі авалодалі раённым цэнтрам. Наступіў доўгачаканы дзень вызвалення, дзень, які назаўсёды застанецца ў памяці лагайчан.

У баях за вызваленне нашай Радзімы ад ворага смерццю герояў загінулі партызаны-комсамольцы: Надзя Харчанка з вёскі Беларучы, Нікалай Жардэцкі з вёскі Якубавічы, камандзір роты Васіль Каліцін, разведчык Фёдар Машкоў і многія іншыя. Народ ніколі не забудзе іх баявых спраў, навечна зберажэ ў сваіх сэрцах імёны слаўных змагароў.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Дакументы - Народная помста ворагу