Лагойскі раён у гады мірнай працы

Пятая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

Інтэрвенцыя нанесла вялікія страты народнай гаспадарцы Лагойскага раёна. Асабліва моцна пацярпеў наш гарадскі пасёлак Лагойск. Акупіраваўшы яго, немцы, а затым белапалякі тварылі жахлівыя зверствы над мірным насельніцтвам, рабавалі іх маёмасць, катавалі і расстрэльвалі людзей. У 1920 годзе, у часе адступлення, белапалякі амаль поўнасцю спалілі Совецкую вуліцу, знішчылі праз раку Гайну мост, млын, электрастанцыю. Усё гэта прышлося адбудоўваць нанова.

На зямлі, адваяванай у памешчыкаў і кулакоў, нараджалася новае шчаслівае жыццё. Сяляне ўпэўнена ішлі насустрач сваёй светлай будучыні. У 1921 годзе на былых уладаннях памешчыка П. Шмідта, у маентку Косіна паявіўся першы соўгас. Услед за імі былі створаны яшчэ тры соўгасы — у Слабодцы, Луцаўшчыне і Лагазе. У былым маёнтку Мураваны двор арганізавалася комуна «Чырвоны Кастрычнік». Сяляне ўсё больш пераконваліся, што шлях да шчаслівага і культурнага жыцця ляжыць толькі праз калектыўную гаспадарку.

Вялікую ролю ў справе разгортвання калектывізацыі адыграў соўгас «Косіна». Хоць яго першыя крокі і былі вельмі слабымі, але ўжо к 1929 году ён стаў буйнай дзяржаўнай гаспадаркай. У яго распараджэнні знаходзілася 761 дзесяціна зямлі, у тым ліку 208 дзесяцін ворыўнай. Соўгас меў некалькі жняярак, паравую малатарню, трыер, сеялкі.

У соўгас за дапамогай звярталіся сяляне многіх вёсак. Яны пазычалі насенне, коней, розны сельскагаспадарчы інвентар. Так, вясною 1927 года соўгас даў у пазыку вёсцы адной толькі бульбы 2600 пудоў і прапусціў праз свае зернеачышчальныя машыны 600 пудоў збожжа.

Пераймаючы вопыт перадавой гаспадаркі, сяляне паляпшалі апрацоўку глебы, набывалі ўласнае гатунковае насенне. Гэта дало магчымасць некалькі павысіць ураджайнасць, павялічыць валавыя зборы збожжавых, бульбы і іншых культур. А галоўнае працоўныя на практыцы пераконваліся ў перавагах калектыўнай працы. Вось чаму ў некаторых суседніх з соўгасам вёсках паявілаcя цяга перайсці да новых калектыўных форм гаспадарання на зямлі. Так узніклі сельскагаспадарчыя арцелі ў вёсках Карцоўшчына, Падонках, Мачужычы і іншых.

Не меншы ўплыў на арганізацыю калектыўных гаспадарак аказалі і іншыя створаныя ў раёне соўгасы.

У 1924 годзе ў рэспубліцы было праведзена раёнаванне. У склад нашага раёна ўвайшлі частка населеных пунктаў Хаценчыцкай і частка Юраўскай валасцей, поўнасцю Гайна-Слабодская і Лагойская воласці. Пазней пры ўзбуйненні акругаў і раёнаў былі далучаны Швабскі, Астрошыцкі і Беларуцкі сельскія Советы.

Па даных на 1927 год соцыялістычны сектар сельскай гаспадаркі складаў у раёне 3 працэнты. У яго распараджэнні знаходзілася каля 2 тысяч гектараў зямлі. Прайшлі яшчэ два гады, і сяляне пачалі масава ўступаць у калгасы і ўжо к канцу 1930 года калектывізацыя была поўнасцю завершана.

Пераадольваючы жорсткае супраціўленне кулацтва, сур’ёзныя цяжкасці, працаўнікі вёскі не шкадуючы сіл змагаліся за ўмацаванне і развіццё калгаснага ладу. Гэта быў час вялікай і напружанай барацьбы, барацьбы, якая прыносіла выдатны плён у працы.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў раёне налічвалася 98 калгасаў. Тры МТС — Лагойская, Янушкавіцкая і Косінская мелі звыш 200 складаных сельскагаспадарчых машын.

Пераход да новых, соцыялістычных форм вядзення гаспадаркі карэнным чынам палепшыў становішча сялян, вывеў іх на светлую дарогу шчаслівага і радаснага жыцця. Назаўсёды адышло ў нябыт горкае мінулае з яго вечнай галечай, цемрай і забітасцю. Вольна ўздыхнулі людзі, ведаючы, што яны працуюць для сябе, для сваёй роднай дзяржавы, для палепшання свайго матэрыяльнага добрабыту.

Вёска перабудоўвалася. На яе шырокіх калгасных палях паявіліся трактары, камбайны і іншая складаная тэхніка. Калгаснікі на кожным кроку адчувалі дапамогу совецкай дзяржавы. Яна прысылала ў калгасы спецыялістаў, забяспечвала гатунковым, насеннем, выдавала крэдыты. Калгасы пачалі ўкараняць і асвойваць многапольныя севазвароты, з году ў год паляпшалі апрацоўку глебы. У выніку павышалася ўраджайнасць, раслі даходы калектыўных гаспадарак.

Вялікая работа была праведзена па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Да пачатку часавай калектывізацыі на тэрыторыі раёна налічвалася 282 пасёлкі і хутары. Наяўнасць такой колькасці дробных паселішчаў з’яўлялася сур’ёзнай перашкодай у дзейнасці калгасаў, стрымлівала іх рух уперад. За параўнальна кароткі час, з дапамогай дзяржавы ўсе гэтыя хутары і пасёлкі былі сселены ў вёскі і іх жыхары актыўна ўключыліся ў грамадскую працу,

Многія калгасы сталі моцнымі, эканамічна багатымі гаспадаркамі. Не толькі ў раёне, але і на ўсю рэспубліку славілася сельскагаспадарчая арцель імя Дзержынскага. Заможна і культурна жылі члены гэтай арцелі. Яны атрымлівалі на працадзень да 4 кілаграмаў збожжавых, па 8–10 кілограмаў бульбы, шмат грошай і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у калгасе складала па 14–18 цэнтнераў з кожнага гектара. У нанава адбудаванай вёсцы Аўгустова — цэнтральнай сядзібе калгаса — былі клуб, сельская бібліятэка, працавалі школа, магазін. У дамах калгаснікаў гарэлі лямпачкі Ільіча, гаварыла радыё.

А што-ж уяўляла сабой гэтая вёска пры царызме? Да рэволюцыі яе насялялі амаль адны кулакі, якія мелі па 40 і больш дзесяцін лепшых зямельных угоддзяў. Аўгустоўскія сяляне, жывучы пераважна на хутарах, за два-тры кілометры хадзілі на работу да кулакоў, увесь свой век батрачылі ў іх за кавалак чэрствага хлеба. Іх надзелы не перавышалі паўтары-двух дзесяцін зямлі. Совецкая ўлада пакончыла з такой дзікай несправядлівасцю, дала тутэйшым батракам выйсці ў людзі, самім стаць гаспадарамі свайго лёсу.

Культура і поўны дастатак прыйшлі ў хаты хлебаробаў сельскагаспадарчых арцелей «Большэвік», «8 сакавіка», «Перамога», «Сталінскі шлях» і многіх іншых.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Дакументы - Лагойскі раён у гады мірнай працы