Рэволюцыйныя выступленні сялян у Лагойску

Трэцяя частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

Панам належылі не толькі лепшныя ворыўныя землі, але і ўсе лясныя масівы. Без дазволу памешчыка або ўпраўляючага графскім маёнткам працоўныя не маглі прывезці для сябе нават палкі дроў. Выпрасіць лесу на пачынку хаты было надзвычай цяжка. За парубкі людзей штрафавалі, катавалі і вельмі часта саджалі ў турму.

Сяляне не маглі прымірыцца з такім становішчам. На дзікае свавольства памешчыкаў і іх паслугачоў яны адказвалі пометай, выступленнямі ў абарону сваіх правоў.

Асабліва моцна далі сябе адчуць у нашым раёне рэволюцыйныя падзеі 1905 года. Пад уплывам першай рускай рэволюцыі, калі ўвесь народ Расіі ўзнімаўся на ўзброеную барацьбу з царскім самадзяржаўем, у Лагойску адбылося масавае рэволюцыйнае выступленне сялян.

У адзін з лістападаўскіх дзён у мястэчка на падводах з піламі і тапарамі з’ехаліся сотні людзей з Заазер’я, Гасцілавіч, Міхалова і іншых акаляючых вёсак. Сяляне паслалі ў воласць сваіх упаўнаважаных заявіць, што яны сабраліся самавольна рубіць лес, належачы графскаму маёнтку.

Два дні ў лесе кіпела праца. Даведаўшыся аб гэтым, упраўляючы маёнткам Гаціцкі неадкладна паведаміў царскім уладам у горад Мінск. На ўціхаміранне «бунту» з Мінска і Барысава прыбылі 40 конных стражнікаў і два эскадроны драгун на чале з губернатарам і жандармскім палкоўнікам. Начальства загадала валасному старшыні сабраць усіх узбунтаваўшыхся сялян. Аднак збіраць іх не было патрэбы, бо яны самі з’явіліся да будынку воласці. Тут-жа, каля натоўпу, выстраіліся ўзброеныя шашкамі і вінтоўкамі драгуны і стражнікі. Здавалася-б, толькі падаць каманду — і пачнецца суровая расправа.

Але пайсці на гэтую крайнюю меру ўлады не адважыліся. Справа пачалася з допыту. Губернатар і жандармскі палкоўнік імкнуліся даведацца, хто ўзначаліў «бунт», патрабавалі назваць прозвішчы яго зачыншчыкаў. На пастаўленыя пытанні сяляне адказвалі адно: «Намі ніхто не кіраваў, бо дарогу ў лес мы самі добра ведаем».

Не дабіўшыся сваёй мэты, губернатар распарадзіўся, каб сяляне далі пісьмовае тлумачэнне і назаўтра к васьмі гадзінам раніцы прадаставілі яго ў воласць.

Ноччу група ўпаўнаважаных сялян сабралася на кватэру жыхара мястэчка Лагойск Антона Селяха. Напісаць тлумачэнне трэба было так, каб не выдаць уладам ні аднаго таварыша. Ва дапамогу сялянам прыйшлі сын і дачка Селяха, якія працавалі ў той час настаўнікамі.

Атрымаўшы пісьмовы адказ ад сялян, начальства неўзабаве пакінула воласць і накіравалася ў графскі маёнтак на нараду. Больш яно ў воласці не паяўлялася. Гісторыя закончылася тым, што з пасады быў звольнены пісар Новікаў, а земскі начальнік Ангер, які з-за страху адказаўся судзіць парубшчыкаў, быў арыштаваны.

У Лагойску існаваў рэволюцыйны гурток з мясцовай інтэлігенцыі, у які ўваходзілі сыны Антона Селяха — Вечаслаў і Еўстафій, аптэкар Гуцін і некаторыя іншыя. Члены гуртка мелі сувязь з соцыял-дэмакратычнай арганізацыяй г. Мінска, атрымлівалі ад яе падпольную літаратуру і ўказанні.

Выступленні сялян супраць царскага самадзяржаўя мелі месца і ў іншых населеных пунктах Лагойскай воласці. Яны захоплівалі землі ў памешчыкаў, адказваліся працаваць на іх, плаціць арэндную плату.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Дакументы - Рэволюцыйныя выступленні сялян у Лагойску