Пад Гайнай убогай

Другая частка кнігі «Лагойскі раён за 40 год Совецкай улады (у дaпамогу агітатару)».

Аднак пасля вялікіх спусташэнняў, якім падвяргаўся Лагойск на працягу многіх стагоддзяў, ён ужо больш не ўзняўся да буйнага гарадскога паселішча. У 50-х гадах XIX стагоддзя тут было нямногім больш поўтары тысячы жыхараў. Насельніцтва займалася галоўным чынам земляробствам і саматужнай вытворчасцю. Не вызначалася мястэчка ні жылымі, ні адміністрацыйнымі будынкамі. Скучанасць дамоў, саламянае іх пакрыццё часта прыводзілі да пажараў, якія наносілі значныя страты і без таго беднаму мясцоваму насельніцтву.

Цяжкім і беспрасветным было жыццё лагайчан пры царызме. Сяляне цярпелі ад беззямелля, голаду і холаду. У сярэднім на кожную сялянскую сям’ю прыпадала 3–4 дзесяціны зямлі, а звыш 3 працэнтаў сялянскіх гаспадарак у раёне зусім не мелі яе. Яны арандавалі зямлю ў графа Тышкевіча, памешчыкаў і кулакоў, плацячы за гэта натурай з ураджаю і адробкамі. Нястача прымушала сялян наймацца ў батракі да паноў або шукаць шчасця ў неабсяжных прасторах Сібіры ці за мяжой.

Аб гаротным лёсе працоўных Лагойшчыны ў дакастрычніцкі час расказвае Я. Купала ў сваёй паэме «Адплата каханню». Ён назваў наш раён «Гайнай убогай». Памешчыкі, якія мелі многа зямлі, «і конікаў сытых, і ўсякай скаціны», прымушалі на сябе працаваць сялян і днём, і ноччу. Сяляне не ведалі, што такое адпачынак, што такое свята. Яны абліваліся потам на чужым полі і за свае мазалі атрымлівалі нікчамную плату — лічаныя грашы!

Усяго на тэрыторыі раёна налічвалася 14 панскіх маёнткаў, гаспадары якіх мелі 8.560 гектараў лепшых зямель. А колькі тысяч гектараў яе належыла графу Тышкевічу, палац якога, як уцёс, узвышаўся на высокім беразе Гайны і тануў у зеляніне дрэў раскошнага парку!

У знойдзеным архіве Лагойскай воласці гаворыцца, што сяляне вымушаны былі вясной «покорнейше просить» царскіх чыноўнікаў выдаць ім у ссуду насеннага збожжа. Згодна прыкладзенага спісу колькасць гаспадарак, якія звярталіся за дапамогай у 1884 годзе, складала 258. Жыхары некаторых вёсак заставаліся на вясну зусім без хлеба.

Аб цяжкім і бяспраўным жыцці працоўных сялян сведчаць і некаторыя іншыя дакументы. Так, у адным з іх успамінаецца аб цяжбе жыхараў вёсак Гарадзішча і Коўшыц з тутэйшым памешчыкам, які захапіў у сялян усе лепшыя землі. Колькі ні скардзіліся сяляне на самачынствы гэтага хцівага багача, але поспеху так і не мелі.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць