Рэкі Лагойшчыны

«І няма ў свеце шчасця лепшага, як пад небам бацькаўшчыны жыць»

Непаўторны ландшафт Мінскага ўзвышша, хваёвыя бары з водарам смалы і разнатраўя, блакітныя рэкі, што бяруць пачатак, выцякаючы з крыніц — гэта наша Радзіма, дзе мы жывём. Гэта зямля, на якой жылі нашы продкі і якая дасталася нам у спадчыну, тоіць у сабе многа цікавага, нязведанага. Вучні Юркавічскай школы з’яўляюцца ўдзельнікамі Рэспубліканскага эколага-адукацыйнага праекта «Малым рэкам — нашу вялікую заботу». Апісываючы фізіка-геаграфічныя характарыстыкі рэк, вучні задаліся мэтай вызначыць паходжанне іх назваў.

Рака Крокаўка. Ля вёскі Кроква пачынаецца рака, якую жыхары назвалі ласкава — Крокаўка. На яе берагах зараснікі вольхі, івы, таполі. Працякаючы праз веску, яна нясе свае воды да ракі Цна. А вада ў рацэ празрыстая, годная для піцця.

Рака ЛавошаРака Лавоша. Цікавае тлумачэнне гэтай назвы можна знайсці ў старажылаў. «Лава» — мяжа паміж двума надзеламі зямлі (іх аддзялялі ўзаранай паласой — лавай). Лавоша — водная мяжа між палямі. Існуе і іншае тлумачэнне гэтая назвы. У мінулым стагоддзі на берагах ракі стаяла вёска з той жа назвай. Але зараз ад яе засталіся старыя дамы, у якіх ніхто не жыве. Людзе расказвалі, што раней у рацэ вадзілася фарэль. Яе было шмат, і жыхары вёсачкі лавілі рыбу сеткамі. Магчымі ад славянскіх каранёў «лоў», «лавіць» і ўзнікла назва — Лавоша. Цяпер жыхарамі ракі з’яўляюцца бабры. Яны саарудзілі на ёй выдатную плаціну.

Рака Макаўза. Назва ўтварылася ад кораня «мак». Мак як культура па тым часе (па ўспамінах старажылаў) вельмі распаўсюджаная. Пасевы часта выходзілі за межы прысядзібных участкаў, рассяваліся самі (адкуль і назва мак-самасей). Як сцвярджаюць старажылы, менавіта ў гэтай мясцовасці недалёка ад ракі рос мак-самасей у вялікай колькасці. Таму і раку назвалі так — Макаўза.

Рака Малка. У паніжэнні вёскі Ганевічі выбіваецца з-пад каменьчыкаў рака Малка. Мясцовыя жыхары назвалі раку за тое, што яна маленькая, малая — бярэ пачатак. Чысцюткая яе вада агаляе рознакаляровыя каменьчыкі граніту — былых сведкаў даўняга аледзянення. На яе берагах расце лотаць (Калужніца балотная) — рэдкая для нашых месц расліна, якая знаходзіцца пад аховай.

Рака Сцюдзянка (Сцюдзянец). Цікава ўтварылася назва гэтай прыгожай ракі. Зімой, у вельмі вялікія маразы, калі замярзала вада нават у калодзежах-студнях, людзі ездзілі да ракі, каб набраць ваду для піцця. Вада ў ёй была сцюдзёная і вельмі смачная. Дзякуй табе, Сцюдзянец, гаварылі людзі. Назва ўтворана ад тэрмінаў «студня» — калодзеж, крыніца.

Рака Цна. Найбуйнейшая рака ў ваколіцы Юркавіцкай школы. Яе прытокамі з’яўляюцца рэкі Крокаўка, Малка, Лавоша, Макаўза, Сцюдзянка. Рака Цна нясе свае воды ў раку Гайну, з’яўляецца яе левым прытокам. Назва вельмі старадаўняя. У тапанімічных слоўніках — «дясна», «дсна», «цна» — правы прыток. Мабыць людзі лічылі, што рака працякае з правага боку ад паселішчаў. І сапраўды, ля вёсак Цна і Такаўшчына рака працякае з правага боку.

Войцік Ірына Станіславаўна

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць