Вапеніца

Геаграфічныя даведнікі мінулага стагоддзя сведчуць, што рэчачка Вапеніца з’яўляецца самай горнай рачулкай на ўсёй Беларусі. А ці ведаеце, дзе яна знаходзіцца? Падказваю: яна працякае па Мінскім узвышшы, таму мае самыя стромкія берагі. З’яўляецца правым прытокам ракі Гайны. Праз яе перакінуты пяць мастоў. Здагадаліся, дзе яна працякае? Так, праз наш горад Лагойск.

Калісьці адзін мой знаёмы так сказаў пра яе: «Рэчачка Вапеніца, што бурліць і пеніцца». І спытаў мяне: «А ведаеш, чаму яе так назвалі людзі?» І сам адказаў на зададзенае пытанне: 

Вапна на рускай мове — известь, белая глина. Менавіта, белую гліну старажытныя жыхары Лагойска і прылеглых вёсак здабывалі, каб пабяліць печы, зрабіць посуд. Рака размывала вапнавыя берагі. Можа таму рака мае такую прыгожую назву — Вапеніца.

Рэчышча Вапеніцы

Фатаздымак зарослага рэчышча Вапеніцы

І сапраўды, з надыходам вясны струмені адталага снегу імкнуцца да ракі, напаўняючы яе рэчышча. Тады Вапеніца ў сваім вярхоўі становіцца бурнай, шуміць, як горная рака. Калі спусціцца да яе з вуліцы Мінскай, то можна з асалодай паслухаць гэту вясеннюю песню ракі. Але праз некаторы час, калі растае ўвесь снег з палёў, Вапеніца ўзцішыцца, як бы засне да новай вясны. Агаляецца яе дно ў верхнім рэчышчы. Тут з’яўляецца выдатная магчымасць даследваць раку, назбіраць рознакаляровых каменьчыкаў, павывучаць яе стромкія берагі.

У сярэдняй плыні рака жывіцца крынічнымі водамі, якія напаўняюць яе чысцюткай празрыстай вадой. Берагі яе на гэтым адрэзку параслі вярбой, у якой так прыгожа спяваюць увесну салаўі. А ўпадае рэчачка Вапеніца ў Гайну на прыканцы вуліцы Чкалава. Тут праз раку перакінуты драўляны масток.

Вапеніца — адна з шматлікіх маленькіх рачулак, якіх налічваецца на Беларусі больш за 20 тысяч. Яны жывяцца пераважна крынічнымі водамі і ў сваю чаргу з’яўляюцца крыніцай жыўлення для больш буйных рэк. Сярэдні перапад вышыні рэчышча — 30 метраў: ад 202 да 232 метраў.

Вось такое, маленькае апавяданне пра нашу Вапеніцу. Хочацца, каб людзі не забылі яе назву. Добра было б, каб служба Аховы Прыроды паклапацілася аб захаванні назвы гэтай маленькай ракі, паставілі б шыльдачку з яе назвай ля маста па вуліцы Янкі Купалы. Такую ж увагу да сябе заслугоўвае і рака Гайна. Падарожнікі часта пытаюцца ў нас, мясцовых жыхароў, якая ж назва ракі, на якой стаіць наш горад. Можа і адносіны да ракі ў людзей палепшацца: не будуць скідваць у яе ўсялякі бруд. Давайце любіць прыроду, свой родны старажытны горад!

Войцік Ірына Станіславаўна

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць