Пераправа ля вёскі Рудня

Вёска Рудня (Лагойскага раёна) знаходзіцца на добра абжытым сухім левым беразе ракі Гайны. На яе правым, больш забалочаным беразе, як у мінулыя часы, так і зараз ніякіх пасяленняў не было. Да бліжэйшай вёскі Барысаўшчыны адсюль на прамую болей за пяць кіламетраў, а па дарогах — у паўтара — два разы далей. Тым не менш, нягледзячы на такую незаселенасць тамтэйшых месцаў гэта пераправа мае старую гісторыю і яе роля, магчыма, значна большая, чым мы можам меркаваць.

Час яе ўтварэння невядомы. Вядома, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя яна існавала. На захад ад яе дарога ішла да Вялікага Стахава і далей на Барысаў. Прычым тут звяртаюць увагу на сябе дзве вельмі цікавыя акалічнасці. Па-першае, галоўная вуліца Вялікага Стахава з’яўляецца часткай гэтага шляху. Шлях на Брылі, Касцюкі і да дарогі на Зембін адгаліноўваецца ад яго амаль у цэнтры вёскі (у сярэдзіне ХІХ стагоддзя гэта была ўскраіна пасялення) і, хутчэй за ўсё, з’яўляецца больш познім (хаця і ён у такім выглядзе існуе недзе з 60-х гадоў ХІХ стагоддзя, а наогул мае старую гісторыю). Па-другое, яшчэ ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя шлях да пераправы на працягу больш чым трох кіламетраў ад вёскі ўяўляў сабой практычна ідэальна прамую лінію (гэта не характэрна для звычайных дарог, асабліва лясных), што сведчыць пра тое, што за ім раней сачылі, надзялялі яму значную ўвагу. Усё гэта гаворыць пра важнасць гэтага шляху і пераправы праз Гайну ў мінулыя часы.

Фота. Рака Гайна

Рака Гайна

Куды ішоў шлях у іншы бок ад Гайны, зараз адназначна вызначыць цяжка. Найбольш верагодна, што ён ішоў праз Сутокі на Лагойск (пра гэта сведчаць старыя мапы, ды і тая логіка, што доўгі шлях праз раку і пераправу, якому ў свой час надзялялася немалая ўвага, не можа скончыцца ў звычайнай маленькай вёсцы, а Лагойск — найбольш праўдападобнае месца яго заканчэння). Можна выказаць меркаванне, што гэты шлях мог з’яўляцца часткай старажытнай дарогі з Менску на Друцак, якая ішла праз Заслаўе, Лагойск, землі Барысава. Як вядома, гэта дарога згубіла сваю ролю пасля пракладкі ў часы Вітаўта прамога шляху з Менску на Барысаў (а таксама з Барысава на Лагойск). Тым не менш, старая дарога яшчэ доўга пасля таго ў дакументах называлася (у прыватнасці, у наваколлях Лагойска) не інакш як старой Барысаўскай.

Версія, што пераправа ля Рудні можа з’яўляцца часткай старога шляху з Лагойска на Барысаў, акрамя названых вышэй фактаў на сваю карысць, мае яшчэ і наступныя. Гэта дарога праходзіць калі не па самым прамым шляху паміж старажытнымі гарадамі, то блізкім да яго. Ён мае натуральныя прывязкі да рэк (Гайны ў большай сваёй частцы і Бярэзіны ля Барысава), што вельмі характэрна для старажытных дарог. Пры гэтым ён толькі па мінімуму праходзіў праз амаль неабжытыя лясы на правабярэжжы Гайны (у старажытныя часы, асабліва да заснавання Барысава, гэта было вельмі важна, бо тая зямля яшчэ заставаліся калі не пад кантролем балтаў, то непасрэдна ля іх).

Старажытны шлях з Менску, Заслаўя, Лагойска на Друцак, які існаваў болей чым 900 год таму, мог ісці менавіта праз пераправу ля Рудні. Аднак для канчатковага сцверджання гэтага патрабуюцца дадатковыя даследаванні.

Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя пераправа праз Гайну ля Рудні была ціхай, правінцыйнай, на якую наўрад ці хто б мог звярнуць увагу. Становішча і статус пераправы змяніліся ў ХХ стагоддзі незадоўга да апошняй вайны. У гэты час тут была пабудавана вузкакалейная чыгунная дарога. Яе накірунак са старой дарогай ніякім чынам не супадаў. У адзін бок яна ішла на Жодзіна, у іншы — ля Чырвонай Швабаўкі і далей.

Той вузкакалейкі ўжо даўно няма, але насып ад яе застаўся. Пазней па ім была зроблена новая пераправа праз Гайну з драўляным мостам. Аднак і гэта ўжо гісторыя. Зараз ад таго моста можна назіраць толькі рэшткі.

Алесь Барэвіч

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Вадаёмы - Пераправа ля вёскі Рудня