Легенда пра Плешчаніцы

Недалёка ад сяла Плешчаніцы выцякала з зямлі крынічка. Вада ў ёй была чыстая і халодная. Глядзелі за крыніцай, нібы за жывой істотай. Да крыніцы прыходзілі і маладыя людзі, і старыя. Дзяцей усё павучалі, каб нічога дрэннага тут не задумалі зрабіць. Так праходзілі стагоддзі. Ды вось аднойчы ўсёткі здарылася бяда.

У вёсцы той жыла дзяўчына-прыгажуня. Клікалі яе Юлькай. Працавітай расла тая дзяўчына, вельмі сімпотная. Вясёлая ў меру і такая ж спакойная, калі трэба.

Калі Юльке споўнілася сямнаццаць гадоў, яна ўжо так заквітнела, што і казаць цяжка. Бацька часта выходзіў у двор і глядзеў на такую ж прыгожую рабіну, якая расла пад самым вакном. Яе ён пасадзіў у той дзень, калі нарадзілася Юля. І вось зараз яны прыгажэлі разам. Стаяў ён, глядзеў колькі хвілін, і сэрца пачынала біцца часцей, таму што разумеў ён, што недалёка той час, калі пагрукаюць у дзверы сваты і павязуць з яго двара адзіную дачку.

Каб так атрымалася, як бацьку марылася. Толькі наадварот атрымалася. Бяда прыйшла ў хуткім часе.

Аднойчы пайшла Юлька з маці жаць жыта на далёкую ніву. Прыйшлі яны туды, памаліліся і за працу ўзяліся. Спяваць любілі, а працаваць яшчэ лепей маглі.

Вось і поўдзень настаў. Маці і дачка схаваліся пад бярозкай у цень і снедаюць тым, што ўзялі з сабою. Тут Юля раптам кажа:

— Мамуля, а можна я збегаю, пакуль час ёсць, да святой крыніцы?

Збегай. Толькі моцна не спяшайся, бо і так шкада цябе, ні на хвілінку не прысела адпачыць.

Маці прылягла, каб адпачыць хоць паўгадзіны, а дачка паляцела да крыніцы. Праз некалькі хвілін Юля сядзела ля крыніцы. І не пачула, як да крыніцы падкраўся вершнік. Яго звалі Мсціслаў. А ён пад'ехаў са сваёю мэтай, хіба хацеў вады напіцца, паглядзець, ці ёсць паблізу людзі, і напаіць свайго каня. Але калі пабачыў дзяўчыну, то падкраўся і пачаў назіраць. Так доўга і стаяў бы, каб конь ня чмыхнуў.

Падскочыла ад нечаканасці Юля.

— Не хвалюйся, дзяўчына, не палохайся. Нічога кепскага я табе рабіць не збіраюся, — прамовіў вершнік. А сам як убачыў твар прыгажуні, то і язык праглынуў. Глядзіць не міргаючы, і толькі.

Так, з таго самага часу, і пачалося каханьне Юлькі і Мсціслава. Цяпер яны ўжо сядзелі дзесьці ў ціхім месцы целыя ночы запар. Прайшло шмат часу, і Юлька прывяла свайго каханага ў хату. Тут хлопец папрасіў у бацькоў рукі іх дачкі. Яны згадзіліся.

Паабяцаў малады граф, што вясельле зладзяць і забярэ да сябе Юльку тады, калі прывядзе Мсціслаў княскую дружыну і майстроў для будаўніцтва новага паселішча. Але лёс распарадзіўся па свойму. Жаніх быў смяротна паранены стралой, якой стрэліў ліхі чалавек і пахаваны па яго просьбе каля крынічкі пад дубам. Там, дзе ў першы раз сустрэў сваю каханую. Ад такога гора наклала на сябе рукі Юлька. Пахавалі яе побач з каханым. Маці дзяўчыны пракляла святую крынічку за тое, што яна бачыла іх першую сустрэчу, была сведкам іх каханьня.

— Ой, каб плёскалася, не сціхала! Ой, каб ты сабе сцежкі ня ведала! Ой, каб ты назаўсёды плешчаніцай стала. Якое гора ты прынесла нам.

З таго часу паселішча, якое збудавалі людзі Мсціслава, называюць Плешчаніцамі.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Плешчаніцы - Легенда пра Плешчаніцы