Вёскі Краснае, Луськае, Венера

Вёскі Краснае, Луськае і Венера размешчаны на тэрыторыі Задор’еўскага сельскага савета, у самай яго глыбінцы. Усе яны маюць незвычайныя, на першы погляд, назвы. На самой жа справе, як сцвярджаюць старажылы, назвалі іх людзі так у свой час нездарма. I ў кожным выпадку па-рознаму.

Даўней усе землі, на якіх былі названыя вёскі і іншыя, належалі графу Тышкевічу, як, дарэчы, і амаль уся Лагойшчына. Вялікую частку зямлі ён аддаваў у арэнду багатым шляхцічам. Недалёка ад таго месца, дзе зараз знаходзіцца вёска Краснае, было сялянскае паселішча. Але аднойчы прыехаў сюды ўпраўляючы багатага арандатара і прапанаваў сялянам перабірацца жыць трошкі на поўнач, у нізіну. Пайшлі людзі паглядзець на новае месца жыхарства і ўбачылі, што яно ўсё чырвонае ад кветак, якія любяць вільгаць. «Ну і красно!» — толькі і сказалі нашы продкі і пачалі ахвотна перасяляцца. Хутка вырасла вёска, а назва да яе быццам бы сама прыстала ды так і захавалася да цяперашняга часу.

Ішлі гады, вёска Краснае расла. У ёй стала больш жыхароў, двароў, а таму і цеснавата. Вырашылі найбольш моцныя гаспадары рассяліцца па пасёлках. Адным з іх і стала вёска з дзіўнай назвай Луськае. А тлумачыцца яна так: паколькі жыхары паселішча былі выхадцамі з вёскі Краснае, карацей кажучы, «адлушчыліся» ад яе, то іх называлі ў народзе «луськай», а вёсцы адпаведна далі назву Луськае.

Размешчаная недалёка ад вёскі Краснае вёска Венера ўзнікла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі частка беззямельных сялян з навакольных вёсак перакінуліся сюды. Ніхто дакладна цяпер не можа сказаць, чаму гэтай вёсцы далі такую прыгожую і незвычайную назву. Але ўсё ж некалькі версій існуе. У адной сцвярджаецца, што першы перасяленец пабудаваў сваю хату якраз пад зоркай Венерай, якая ў той час ярка зіхацела на небе. Таму і назвалі вёску ў гонар гэтай планеты. А яшчэ бытуе паданне, што даўней на месцы цяперашняй вёскі стаяў маёнтак. У яго гаспадара была дачка, якая мела прыгожае імя Венера. Пакахала дзяўчына простага хлопца, але быць разам з ім ёй не дазволілі. Ад роспачы Венера пабегла да ракі і ўтапілася. Пазней людзі, якія заснавалі новую вёску, вырашылі назваць у памяць аб загінуўшай дзяўчыне, а можа і проста ў гонар кахання Венерай. Як бачна — назва назве — розніца, і за кожнай з іх — і свая гісторыя, і свая легенда або паданне.

I. Лабецкая

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Вёскі - Вёскі Краснае, Луськае, Венера