Відагошч

Безыменная рачулка, пятляючы між пагоркаў, упадае ў вялікую сажалку, якую жывіць разам з паводкавымі водамі. Тут, па сучаснай дамбе, з металічнай па «вінту» засланкай, паміж бетанаваных берагоў i аж за граду ўзгоркаў праходзіць дарога з Відагоршчы ў Маркаўшчыну. А з правага боку застаюцца руіны старой цагельнай будовы. Сцены таўшчынёй у паўтара-два метры, скляпеністае паўсутарэнне, квадратныя невялічкія, перацягнутыя каванымі кратамі, акенцы — усё гэта каркас некалі вядомага відагоршчскага вадзянога млына.

Паходжанне назвы Відагошч

«Видо» — бачыць, «гоже» — прыгожыя, выдатныя, віды. Двор Відагошча ў 1563 г. належаў пану А. М. Івашэнцавічу. У ліку пабудоў сядзібы былі 2 дамы на падклецях, скарбовы свіран, 4 клеці, пякарня, чалядня, жытнік, бровар, кухня, склеп, 2 стайні, 2 адрыны і лазня. Каля двара знаходзіліся гумно з пуняй 2 клунямі і адрынай, абора, 2 млыны.

Папяровы млын у Відагошчы ў першай палове XVII стагоддзя знаходзіўся ў сядзібе Завішаў, Мінскага павета, на безназоўным прытоку ракі Вяча.

Папяровы млын пабудаваў Завіша пасля 1613 года, бо было запісана ў 1613 годзе ў інвентары працоўнай нарады, згаданага млына. Сярод рознай нерухомасці Відагошчы з 1672–1790 гг. з’яўляецца і карчма, арандаваная ў Завішаў у 1678 годзе нейкім арандатарам, і якая размяшчалася ў будынку млына. Карчма дзейнічала да 1691 года, а затым у 1748 годзе Завішы перадаюць папяровую фабрыку Ваньковічам. У 1805 годзе нейкі Готфрыд арандуе ў Антона Ваньковіча будынак паперні і адчыняе тут фабрыку тканін.

Са слоў некаторых вучоных-гісторыкаў, паходжанне назвы Відогоршч (Відагошча), так як Радагошч і іншых падобных назваў вёсак з такім канчаткам, адносяцца да XI–XII стагоддзяў. А тлумачыцца гэта вельмі проста: калісці на гэтых землях жылі князі з падобнымі імёнамі, напрыклад, такія як Рагвалод, Радзімір, Відагор, Валадар, і інш. Няможна выключыць і такога выпадку, што калісьці і вёска Відагоршч існавала ў тыя далёкія часы і насіла назву аднаго з вялікіх князёў, а зараз з цягам часу пераўтварылася ў Відагошч, а ў савецкія часы зусім змяніла назву на Камсамолец, якой і карыстаюцца зараз.

Сёння руіны каменнага трохпавярховага млына бадай адзіны след-сведчанне мінулага Відагоршчы — буйнога маёнтка, «эканоміі». Прыблізна ў сярэдзіне XIX стагоддзя Відагоршч належала багатай, з графскага роду, памешчыцы Казуновічысе, уладанні якой цягнуліся да самага Мінска. У парку стаяў двухпавярховы, з калонамі i высокай мураванай вежай палац. Вось з гэтай няўклюднай, з вокнамі на самым версе, вежай i звязана адно мясцовае паданне.

Легенда пра Віжгоры

Надта ж жудасна людзей дратавалі злыдні ўсялякія: панскія паслугачы, лёкаі, падпанкі, стагоддзяў з пяць назад. Не было ад каго бедным вяскоўцам чакаць дапамогі, толькі на сіняе неба спадзяваліся, што бачыць яно іхнія пакуты і бязлітасныя здзекі.

Вакол вёскі Відагоршч і цяпер няма лясоў непралазных ды густых — адны толькі лысыя пясчаныя ўзгоркі, на якіх не хоча расці ні збожжа, ні бульба. Не было і тады, у даўнія стагоддзі, ні бароў, ні пушчаў. Дарога роўненькай стужкай вілася з узгорка на ўзгорак, за пад’ёмам спуск пачынаўся, а за спускам зноў пад’ём, яшчэ больш круты і высокі. Таму і вазы мясцовыя сяляне рабілі надзвычай трывалымі і невялікімі. Калі вялікі зробіш, то коніка зморыш за пару вёрстаў цяжкай дарогі, а калі нетрывалым — рассыплецца дзе-небудзь на чарговай яміне. Такое чаргаванне ўзгоркаў і далін тут і сёння сяляне называюць калыскамі. Калі глянуць аднекуль з нябёсаў на ніз, то сапраўды даліна паміж двума ўзгоркамі надта калыску нагадвае. Мучыліся вяскоўцы спрадвеку, тады, пры прыгоне, апрацоўваючы такое поле. Папрацуе гадзіну-другую, і ўсё, на большае не здатны чалавек.

Назганяюць сялян з бліжэйшых вёсак на гэтыя ўзгоркі араць поле. Не разгінаючы плячэй працавалі ад цямна да цямна, з сем’ямі сваімі амаль не бачыліся. Рэдка такія аратыя і паміралі прама на баразне. Бывала, валы стомяцца, прыстануць, дык падпанкі мужыкоў у ярмо запрагалі: у панскую кухню ваду ў бочках не коньмі, а на людзях вазілі. У бедалаг сарочкі ад поту салёнага гнілі і лахманамі долу спаўзалі, ды і спыняцца нельга было перадыхнуць ні хвілінкі, бо лютыя паслугачы з бізунамі пільна за імі сачылі.

Каб было адкуль сачыць за прыгоннымі вяскоўцамі на палях, у старым густым панскім парку, на гародах, дзед пані Казуновічыхі загадаў прыбудаваць да свайго палаца высокую мураваную вежу, дзе весь час сядзеў з падзорнай трубой галоўны эканом. Усё было відаць як на далоні. Нельга было ні схавацца, ні ўкрыцца, ні адпачыць стомленаму целу. Прыпыніўся араты дзе-небудзь на далёкай гары, каб дух перавесці, а галоўны аканом з вежы бачыць i на заметку бярэ. Бачыць, i як скаціна, адбіўшыся ад статка, у шкоду пайшла i хто ў садзе яблык у кішэнь паклаў. Так за дзень набіралася шмат парушальнікаў, якіх увечары чакалі розныя пакаранні: адных вячэры ці сняданка пазбаўлялі, а іншых бязлітасна секлі бізунамі на стайні. З гэтае нагоды на вясковых могілках пахілыя крыжы над магіламі заўчасна пайшоўшых з жыцця раслі як грыбы пасля дажджу.

Памешчыкавы служкі глядзелі не толькі за людзьмі. Хатняя жывёла таксама была ў іх навідавоку, каб тая на панскія палеткі не заходзіла. А калі такое і здаралася ні відаць тады беднаму селяніну свае кароўкі, яна пераходзіла ў гаспадарку пана. З гэтай нагоды вельмі шмат памірала дзяцей і сялян з голаду і з панскіх здзекаў. У некаторых сялян карова была для іх усё жыццё і ім даводзілася не аднойчы хадзіць да свайго валадара, паспрабаваць вымаліць назад аднятую жывёлу. Праўда, мала каму там асабліва шанцавала. У паветры стаяў енк і плач, стогны і праклёны, чуваць былі адчайныя крыкі вяскоўцаў. Бо пан жа не проста так размаўляў з людзьмі, а яшчэ і загадваў верным цівунам лупцаваць, збіваць тых, хто ўпаў яму ў ногі.

Так працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў запар. Вяскоўцы ўжо нават забылі, калі смех гучаў у гэтых ваколіцах. Жудасна, змрочна навокал стала, нібы ў пекле якім, на самым дне. Баяліся людзі, пакланяліся, хаваліся, трывалі ўсё пакуль паміж імі не з’явіўся чалавек, які не збаяўся супрацьпаставіць сябе панскім памагатым і памешчыку. І стаў падбухторваць сялян рушыць у наступ на ненавісную для іх усіх вежу.

Аднае ночы, калі грымеў моцны гром і ішоў праліўны дождж, вяскоўцы накіраваліся з усіх бакоў да панскага палаца. Перабілі служак і прыслужнікаў, а гаспадара павесілі на браме ўязных варот, каб усе бачылі, як гойдаецца на ветры і груганы дзяўбуць ягоныя вочы.

Пазней хадзілі чуткі, што камяні ў панскай вежы былі чырвонага колеру і з іх цяклі пякучыя людскія слёзы. Там, дзе яны ўпалі, калі вежу разбілі, і да сённяшняга дня нічога не расце. Дык вось месца, дзе стаяў палац з той праклятай вежай, адкуль усё наваколле відаць было — палеткі i даліны, горы i узгоркі — празвалі людзі Віжгорамі. Пазней ужо пераўтварылася гэтая назва ў Відагоршч.

А графіня Казуновічыха яшчэ да адмены прыгонніцтва разарылася. Вельмі любіла пані ў карты гуляць, нават у Парыж за гэтым ездзіла. Але ей, відаць, не шанцавала. Хутка адзін за адным, каб з даўгамі разлічыцца, давялося ёй усе маёнткі прадаць. Апошнія свае гады дажывала яна ў доме свайго былога галоўнага эканома. Старую прыжывалку бачылі ў натоўпе жабракоў каля касцёла. Казалі, што так на паперці вяльможная пані і сканала.

З гісторыі населеных пунктаў Міншчыны

Камсамолец, вёска Папярнянскага сельсавета. У 1563 г. Видогость — сяло, цэнтр маёнтка, уласнасць А. М. Івашэнцавіча, панскі двор, 16 дымоў, 11 службаў. У 1567 г. Видогоща — сяло, уласнасць М. Служкі, Ф. Івашэнцавіча, у «час рушэння» выстаўлялі 2 коней. У 1582, 1590, 1600 гг. — сяло, цэнтр маёнтка, уласнасць Г. А. Макарэвіча, двор, пушча, стадола. У 1667 г. — маёнтак, уласнасць К. Завішы, 14 дымоў. У 1791 г. — вёска, цэнтр маёнтка Мінскай парафіі, уласнасць Ваньковічаў, двор, 126 дымоў, 5 корчмаў. У 1800 — панскі двор, уласнасць падчашага Т. Ваньковіча. Размяшчаўся на правым беразе р. Чарніца, 2 двары, 7 жыхароў, млын на адзін пастаў. У 1815 г. — двор, уласнасць А. Ваньковіча, у 1858 г. — уласнасць Э. Кудзіновіч. У 1941 г. — 54 двары, 324 жыхары. У 1997 г.— цэнтр маёнтка, уласнасць Г. А. Макарэвіча, двор, пушча, стадола. 112 гаспадарак, 344 жыхары. Крама.

Ад часоў першабытных да 1917 г.

Відагошч (Бяларуцкая воласць). У Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве захоўваюцца бронзавыя грыўні, пярсцёнкі, бранзалет, спіралька, бразготкі, шкляныя пацеркі, якія, верагодна, былі знойдзены ў размешчаных у ваколіцах маёнтка курганах.

У сярэдзіне XVI ст. на Беларусі тыповым варыянтам асноўных павіннасцей цяглых сялян са службы можна лічыць такі комплекс: паншчына ў фальварку па 2 дні на тыдзень; талака (згон сялян у фальваркі ў разгар сельскагаспадарчых работ) — 4 дні ўлетку; даніна (дзякла) прадукцыяй сялянскіх гаспадарак (па бочцы жыта і аўса, гусь, курыца, 10 яек). Цяглыя сяляне выконвалі шэраг дадатковых павіннасцей: будавалі, рамантавалі і вартавалі двары сваіх паноў, касілі панскія сенажаці, перавозілі грузы.

Так, у 1563 г. цяглыя людзі двара Відагошча выконвалі паншчыну па 2 дні на тыдзень са службы, «почовши жать, аж покуль пожнуть, и посеють и пооруть… за хлебом панским». Апрача таго, мужыкі давалі таксама дзякла: па 2 бочкі жыта і аўса, курыцу, 10 яек, 20 жменяў лёну.

У двары Відагошча было 16 чалавек нявольнай чэлядзі (разам з дзецьмі). Да канца XVI ст. у выніку адмены Статутам ВКЛ 1588 г. усіх падстаў для няволі (акрамя палону) і ў выніку надзялення чэлядзі вольнай надзеламі большасць былых нявольнікаў ператварылася ў сялян-агароднікаў.

Так, сярод 16 дымоў цяглых мужыкоў двара Відагошча ў інвентары 1563 г. толькі 4 гаспадары адзначаны як «прыхожыя».

Відагоршч пры савецкай уладзе

У дваццатыя гады ў Відагоршчы арганізавалі сельскагаспадарчую камуну, затым калгас. У час фашысцкай акупацыі ў былым панскім палацы знаходзіўся нямецкі гарнізон. Летам 1943 года партызаны знішчылі гітлераўцаў, спалілі палац і ўсе прыбудовы.

Пасля вайны тут арганізаваўся i пачаў будавацца новы саўгас, якому было нададзена імя «Камсамолец».

Яшчэ гадоў з пятнаццаць абедзве назвы «Відагоршч» i «Камсамолец» ужываліся, на роўных правах, хаця i з некаторым сэнсавым адценнем. Напрыклад, можна было пачуць: «Жыву ў «Відагоршчы», а працую ў «Камсамольцы». Але паступова назва «Камсамолец», якая захавалася пасля скасаваня «відагоршчыцкага» саўгаса за брыгадай ужо caўгacа «Вішнёўка», а затым i пабудаванай тут птушкафабрыкай, канчаткова выціснула былую назву. Знікла яна з афіцыйных папер, з паштовых адрасоў. З новых жыхароў, не кожны ведае, што яшчэ якіх-небудзь дваццаць гадоў таму назад ix пасёлак Камсамолец нacіў старадаўнюю назву Відагоршч.

Дзімітрый Дуброўскі

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць