Як святкавалі Аршанскую бітву

Ёсць па дарозе паміж Барысавам і Вільняй вёска Гайна, якая непасрэдна звязана са славутай Аршанскай бітвай, што адбылася на рацэ Крапіўне 8 верасня 1514 года.

У «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых краёў», выдадзеным у Варшаве ў 1882 годзе, чытаем:

Нашы летапісцы ўспамінаюць Гайну ўжо ў XIV стагоддзі. Менавіта: Длугаш у 10-й кніжцы, Кромер — у 15-й, Стрыйкоўскі — у пятым раздзеле 2-га тома сваёй Хронікі, а Мартын Бельскі — у трэцяй кніжцы, дзе ён піша аб узняцці гаенскага касцёла.

Усе яны паведамляюць, што гаенская святыня належыць да першых фундацый Ягайлы і з'яўляецца адной з сямі, якія пабудаваў у Літве Вялікі князь на месцы былых паганскіх капішчаў.

З 1392 па 1430 год Гайна разам з Зарэччам, Коранем і Лагойскам трапіла ў валоданне князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта Кейстутавіча, унука Гедымінава.

А крыху менш як праз стагоддзе гаенскі касцёл быў сведкам значнай гістарычнай падзеі: святкавання перамогі войска ВКЛ над Маскоўскім войскам пад Оршай.

Вось як пра гэта піша Яўстах Тышкевіч:

У 1514 годзе, пасля бітвы пад Оршай, Жыгімонт I прыбыў з Барысава ў Гайну да найбліжэйшага касцёла дзеля ўскладання Богу падзякавання - з войскам, са світай і з ваеннымі трафеямі. Знаходзіўся тут тры дні, адбываў жалобнае набажэнства і пахаваў дваіх слуг сваіх Станіслава Аарона і Станіслава Нізкоўскага, целы якіх былі прывезеныя з-пад Оршы; надаў плябаніі свае каралеўскія гарантыі, значна пашырыў землеўладанні касцёла дзеля таго, каб у знак памяці аб гэтай падзеі святары самі ці іх заступнікі ў кожны месяц адзін раз спявалі імшу аб Нараджэнні Найсвяцейшай Панны Марыі з упамінаннем двух Станіславаў, палеглых у бітве; нарэшце, пакінуўшы ў касцёле дары, кароль выехаў да Вільні. Той цікавы прывілей, пісаны на лаціне, датаваны Жыгімонтам у Гайне 1514 годам у першую нядзелю пасля свята Узнясення Святога Крыжа, яшчэ некалькі гадоў таму назад захоўваўся ў гаенскім архіве.

Першая ягелонская пабудова была з дрэва і вытрымала чатыры стагоддзі, потым была знесеная, а на яе месцы стараннямі святароў Тышкевіча й Цыдрыка ў 1789 годзе быў узведзены і асвечаны мураваны касцёл. Гэта было пры вікарным біскупе жамойцкім Фадзеі Букатым, які надаваў гаенскай святыні вялікую ўвагу, і ў старых, складзеных ім набожных кніжках мы знаходзім песні аб Гайне і аб любаванні гэтымі мясцінамі.

Касцёл у Гайне

Каменны касцёл у Гайне

У 1865 годзе, пасля вядомых падзей, звязаных з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, гаенскі касцёл быў ператвораны ў царкву. Падчас апошняй вайны муры святыні былі моцна пашкоджаныя, а пасля вайны фасад быў узарваны сапёрамі, бо ствараў небяспеку для дзяцей, якія вучыліся ў пабудаванай побач школе.

Праходзячы берагам вузкага, кволага ручайка, які некалі быў паўнаводнай ракою Гайнай, намагаюся ўявіць сабе велічнае святкаванне ў гэтых мясцінах гістарычнай Аршанскай перамогі.

Сонечны вераснёўскі дзень. Стройныя бярозы ўжо лёгка кранула восеньская пазалота. На гаенскіх узвышшах сабраліся вялізныя натоўпы святочна апранутых людзей. Усе ва ўрачыстым чаканні пазіраюць на ўсход. І раптам наваколле агалошваецца гудзеннем званоў з высокай гаенскай званіцы.

На пагорак павольна выязджае пышная працэсія. Наперадзе - сам кароль і Вялікі князь Жыгімонт I, або Стары, як празвалі яго сучаснікі. Узгадваецца старадаўняя песня з Лагойшчыны: «Едзе-едзе Важымон!». Важымон - гэта ж, вядома, па-старамоўнаму Жыгімонт. Нават гульня такая была ў дзяцей яшчэ ў мінулым стагоддзі!

Зыгмунт I

Жыгімонт I

Нясцерпна зіхацяць пад сонцам багатыя даспехі і зброя, паважна калышуцца пад лёгкім ветрыкам цяжкія штандары з выявай «Пагоні». Яны годна праплываюць над векавечнымі курганамі, над чароўнай звілістай ракою, вітаюць родныя мясціны, якія абаранілі ад крыважэрнага захопніка... Яны вярнуліся са славай. Вось яна, моц беларускага духу!

У. Палупанаў

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Лагойскі раён - Вёскі - Як святкавалі Аршанскую бітву