Лагойскі раён

Лагойскі раён створаны 17 ліпеня 1924 года. Тэрыторыя раёна складае 2,4 тыс. квадр. км. Цэнтр раёна — размешчаны на рацэ Гайна Лагойск, які атрымаў статус горада  ў 1998 годзе. У раёне 319 населеных пунктаў, у тым ліку і г. Лагойск, г.п. Плешчаніцы. Насельніцтва раёна складае блізу 40 тыс. чалавек.

 

Падонкі і навакольныя вёскі

У дрымучым лесе, дзе вылі ваўкі, размясціліся ўбогія вёсачкі Гаішча, Падонкі, Сілічы, Аўгустова і Карцаўшчына. Хаты, пакрытыя саломай, з маленькімі акенцамі, у хатах самаробныя сталы і лаўкі, у двары — каса, граблі ды драўляная барана і плуг. Вось небагаты набор сялянскай тэхнікі. Да рэформы 1861 года сяляне з гэтых вёсак працавалі на палях графа Тышкевіча, адбывалі «варту» у Аўгустове.

 

Вёскі Краснае, Луськае, Венера

Вёскі Краснае, Луськае і Венера размешчаны на тэрыторыі Задор’еўскага сельскага савета, у самай яго глыбінцы. Усе яны маюць незвычайныя, на першы погляд, назвы. На самой жа справе, як сцвярджаюць старажылы, назвалі іх людзі так у свой час нездарма. I ў кожным выпадку па-рознаму.

 

Вёска Гайна

Напэўна, не ўсе ведаюць, што Гайна належыць да самых старажытных паселішчаў у нашым раёне і значыцца на гістарычных картах, пачынаючы з XIV стагоддзя. Прычынай гэтаму паслужыла вельмі зручнае яго месцазнаходжанне на скрыжаванні дарог з захаду на ўсход. Па гэтаму шляху вёўся ажыўлены гандаль. Тут была пабудавана каталіцкая святыня — касцёл, парафія якога налічвала больш як пяць тысяч душ і належала напачатку князю Ягайлу, і з’яўлялася адной з сямі святых пабудоў, якія ўзвёў ён на месцы былых паганскіх капішчаў. А каралева Ядвіга адарыла касцёл дарагім убранствам і срэбрам.

 

Паходжанне назвы Гайна

Назва ж Гайна звязана з дзеясловам гаіці, які ў розных славянскіх мовах мае шмат значэнняў: вырошчваць, разводзіць, расплоджваць, даглядаць, жывіць, выпечваць, ахоўваць, агароджваць, высякаць лес. У некаторых беларускіх гаворках гайна, гайно — «гняздо, логавішча звера, часовае жытло, будан, палатка». Сербы і харваты пад словамі «гайніца» і «гайнача» разумеюць ворную зямлю, ачышчаную ад лесу.

 

Песні Лагойшчыны

«Песні Лагойшчыны» — гэта вынік трохгадовай карпатлівай працы, якая захапіла Віктара Антонавіча Несцяровіча з самага пачатку. Зробленыя ў 47 населеных пунктах Лагойшчыны запісы 750 песень з голасам прадстаўляюць амаль усе жанры беларускай народна-песеннай творчасці. У зборнік увайшло 427 твораў, аб’яднаных у тры цыклы: каляндарна-абрадавая паэзія (валачобныя, купальскія, жніўныя, восеньскія, масленічныя і веснавыя песні), сямейна-абрадавая паэзія (хрэсьбінныя, вясельныя, сіроцкія) і пазаабрадавая лірыка, прадстаўленая сямейна-бытавымі, любоўнымі, салдацкімі, гістарычнымі, жартоўнымі песнямі.

 

Гісторыя вёскі Дальва

Вёска Дальва ў гістарычных крыніцах узгадваецца ў канцы XVII стагоддзя. Па расповедах старажылаў, якім, у сваю чаргу, распавядалі старыя, калісьці ў гэтых мясьцінах быў дрымучы лес, які складаў адзінае цэлае з Бярэзінскім запаведнікам. Спачатку лес адступаў перад невялікімі палянамі, а пазней яны ўз'ядналіся ў вялікія палі і лугі. Але лес канчаткова не здаваўся, ён глыбака пусціў свае карані ў тарфянішчы, яры, берагі рэк і сыпкія пяскі. Ад Дальвы лес адступіў на адзін-два кіламетры.

 

Легенда пра вёску Гайна

Кажуць з даўніх часоў, што вёску Гайна так назвалі з-за прыгожых бярозавых гаёў. 3 усіх бакоў паселішча акружалі раўнюткія, высачэзныя дрэвы, якія, здавалася, гаманілі з самім небам, хмарам бегчы перашкаджалі. А які прытулак быў для птаства! Магло падацца, што тут раскінуўся райскі куточак — гэтак голасна і непаўторна спявалі боскія стварэнні. Вось у гэтых мясцінах, гавораць, некалі і пабудаваў нейкі падарожны сабе хаціну. 3 цягам часу да яго іншыя людзі сталі далучацца і ўтварылася старажытнае паселішча.

 

Старонка 5 з 8

Галоўная старонка - Лагойскі раён