Праўда пра партызанаў. Частка 3

Шматлікія данясенні пра атрад імя Катоўскага былі напісаныя Іванам Цімчуком. Сакратар Лагойскага райкама партыі, прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, ён у розныя часы быў камісарам трох атрадаў і шматлікіх партызанаў ведаў асабіста. Яго аповеды пра байцоў атрада імя Катоўскага і брыгаду «Народныя мсціўцы», у якую ўваходзіў гэты атрад, напісаныя паводле асабістых назіранняў.

У гады вайны ў Лагойскім раёне былі вядомыя 9 партызанскіх брыгад. Адна з самых буйных, якая аб’яднала 5 атрадаў, звалася «Народныя мсціўцы». Першым камандзірам брыгады, які яе і заснаваў, стаў Васіль Варанянскі.

Партызаны

Партызанскія зямлянкі брыгады «Народныя мсціўцы» у Рудзенскім лесе

Паводле аповедаў Цімчука, Варанянскі, Красненкаў і Цыганкоў ажаніліся на трох сёстрах. «Агульныя сустрэчы ў цешчы, агульныя гутаркі перанесліся на службовыя справы».

А вось што піша аб камбрыгу капітан Сярогін, начальнік штаба брыгады:

Варанянскі з моманту з’яўлення жанчын у атрадзе, нягледзячы на тое, што па ўзросце яму больш за 40 гадоў, ажаніўся на Бабіцкай Лізе, якая двойчы выходзіла замуж, маючы ад роду 22 года. Ён меў ужо жонку і дзяцей і апынуўшыся ў такім становішчы з разліку, што яго ўсё роўна застрэляць, вырашыў ажаніцца на гэтай жанчыне. Цімчук пратэставаў супраць жаніцьбы камбрыга і іншых маральна распадаючыхся людзей, якія таксама, прытрымліваючыся прыкладу, вырашылі пажаніцца, нягледзячы на тое, што ёсць жонкі і дзеці.

Па звестках Сярогіна, партызанская жонка камбрыга была прадстаўленая да ордэна Чырвонай Зоркі за тое, што яна «з ім спіць разам і рыхтуе яму есьці».

І усё ж выпадак з узнагародай ледзь не раскалоў брыгаду. Больш за тры дзясяткі партызанаў перайшлі ў іншыя атрады, астатнія запатрабавалі склікання збору. Але збор быў «змазаны». Настроі набліжаных да кіраўніцтва і пасада камбрыга згулялі сваю ролю: маёр Варанянскі адкараскаўся лёгкім спалохам. Неўзабаве ён быў падвышаны да палкоўніка і дамогся пераводу Цімчука ў іншы атрад. Аднак жыццё вынесла яму свой прысуд.

Праз год самалёт, на якім Варанянскі ляцеў у штаб партызанскага цэнтра, быў збіты. Палкоўнік загінуў, што, магчыма, выратавала яго ў далейшым ад судовага прысуду. Не вярнуліся дахаты і шматлікія «падхалімы». Заснаваная Варанянскім брыгада атрымала яго імя. А неўзабаве скончылася вайна. Успамінаць кепскае было непатрыятычна.

Алена Анкуда

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Гісторыя горада - Войны - Праўда пра партызанаў. Частка 3