Праўда пра партызанаў. Частка 1

Занатоўка сакратара Лагойскага райкама партыі Івана Цімчука вышэйстаячаму кіраўніцтву: «На нарыхтоўках настолькі абабралі сялян Іллянскага, Курылецкага, Крывіцкага раёнаў, што атрымаліся антысавецкія настроі. Летась гэта былі выдатныя людзі, гатовыя на ўсё за савецкую ўладу, зараз цалкам супрацьлеглае». Даходзіла да кур’ёзу: аднойчы запужанае і абабранае насельніцтва вёскі Родзевічы «убачыўшы партызанаў пачало хавацца». Паводле жыхароў вёсак, «рабаўніцкія нарыхтоўкі» адрозніваліся ад карных экспедыцыяў немцаў толькі тым, што адны размаўлялі па-руску, а іншыя — па-нямецку.

Бяззбройныя людзі баяліся не толькі «гаспадарчых аперацый». Законы ваеннага часу дазвалялі расстрэльваць любога, хто праяўляў «антысавецкі настрой», на месцы, без суду і следства. Нярэдкім было і жорсткае збіццё. Партызаны атрада імя Катоўскага збілі 60-гадовага вартаўніка. Цімчук пісаў: «Стары паказваў нам збітыя месцы, гэта нешта жудаснае: цела пасечанае і сіняе».

Часам «нарыхтоўкі» нагадвалі самае звычайнае рабаванне. Улетку 1943 году партызанскі атрад № 7 праводзіў баявую аперацыю ў Лагойскім раёне. Як гэта нярэдка адбывалася, бяззбройнае насельніцтва пахавалася ў лясочку. Бой скончыўся, і камандаванне, карыстаючыся адсутнасцю сялян, «дало ўказанне абшукаць ямы па вёсках, дзе сяляне сёе-тое схавалі ад немцаў». Цімчук:

Вельмі цяжкі, варожы настрой выклікала ў сялян гэтае дзеянне. Селянін вяртаецца з лесу і даведваецца, што яго маёмасць забралі партызаны.

Каб хоць неяк абараніць насельніцтва ад такіх пабораў, улетку 1943 году райкам партыі Лагойска распаўсюдзіў інструкцыю аб правядзенні «гаспадарчых аперацыяў». У дзень з кожнай гаспадаркі можна было ўзяць па 0,5 л малака, а пачынаючы з сакавіка — і па 10 яйкаў. З поўнага надзелу зерневых партызаны атрымоўвалі 15 пудаў, бульбы — 20. «Лішніх» кароў у вёсках да таго часу ўжо не было, і таму маладняк забіваць не дазвалялася. Гэта дало некаторыя вынікі. Да прыкладу, партызанскі атрад «Смерць фашызму» насельніцтва ўжо не звала «Смерць свінням і страх каровам». Але шматлікія вёскі да таго часу ўжо былі спустошаныя.

Вось як апісваюць сваё жыццё байцы атрада імя Калініна:

Нармавання ў сілкаванні не было. Хлеб раздаваўся столькі, колькі мог з’есці чалавек. З мяснымі прадуктамі абмежавання таксама не было. Мелі сваю выдатную бойню. Хворыя заўсёды былі забяспечаныя маслам і іншымі малочнымі прадуктамі.

Зразумела, у багацці жыў не кожны атрад. Дзесьці і галадалі. Байцы аднаго з атрадаў успаміналі, што вытанчаным ласункам была соль: яе выдавалі хворым у распушчаным выглядзе, па гарбатнай лыжачцы. Але здараліся і такія гісторыі, паверыць у якія патрыятычна выхаваным беларусам амаль немагчыма.

Алена Анкуда

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Гісторыя горада - Войны - Праўда пра партызанаў. Частка 1