Лагойскі «Бабій Яр»

У шматвекавой гісторыі Лагойска нямала старонак драматычных, трагічных. Апошнія з іх прыпадаюць на гады Вялікай Айчыннай вайны. Страшную акцыю ўчынілі фашысцкія захопнікі на другім месяцы акупацыі. 30 жніўня 1941 года было расстраляна каля 1400 яўрэяў — трэцяя частка даваеннага насельніцтва пасёлка.

З прыходам акупантаў яўрэі сталі, па сутнасці, вязнямі гета, хаця і жылі не за калючым дротам, а ў сваіх дамах. Ім забаранялася выходзіць за межы Лагойска, штораніцы выпраўляліся на цяжкую прымусовую працу. А 28 жніўня яўрэям старэйшага ўзросту было загадана з’явіцца на цэнтральную плошчу. Затым іх пагналі калонай за ваколіцу, на лагазінскую дарогу, дзе на схіле ўзгорка прымусілі капаць роў. Людзі палічылі, што яны рыюць акопы.

Наступіў дзень 30 жніўня. Фашысты сабралі ўсіх лагайчан яўрэйскай нацыянальнасці ў парку і аб’явілі, што павядуць на перасяленне ў Гайну. За кіламетр ад Лагойска людзей павярнулі да ўзгорка, загадалі сесці, распрануцца. Канваіры акружылі сабраных кальцом, а ў гэты час падыходзіла калона яўрэяў з Гайны, якіх таксама «перасялялі». Няшчасных заводзілі да рова і два фашысты метадычна расстрэльвалі асуджаных на смерць з кулямёта.

Сталася так, што адзінаццацігадовую яўрэйскую дзяўчынку Тамару на свой страх і рызыку не адпусцілі разам з маці са сваёй хаты, дзе жылі мінскія дачнікі, гаспадары Пётр і Яніна Хадасевічы. Асірацелую, яе пільна хавалі ў бабулі Антаніны, якая жыла праз вуліцу. Можна толькі ўявіць душэўны стан дзіцяці, якое доўгія тры гады не бачыла белага свету. Над ёй апекаваліся, усяляк падтрымлівалі старэйшыя Хадасевічы, іх дзеці, амаль равесніцы Тамары, Мая і Таня.

Але на гэтую дружную, спагадлівую сям’ю абрынулася страшэннае няшчасце: напрадвесні 1943 года Пятра і Яніну Хадасевічаў арыштавалі за сувязь з партызанамі і разам з маленькай дачушкай Валяй расстралялі на месцы масавай гібелі яўрэяў. Старшыя іхнія дзеці выратаваліся выпадкова: за імі прыйшлі паліцаі, але дзяўчынкі былі ў бабулі, а суседзі іх не выдалі.

Пасля вызвалення Лагойска Тамару, якую болей за год даглядала і берагла ад чужых вачэй бабуля Антаніна, знайшоў і забраў бацька, які на пачатку вайны па службовых справах быў у Душанбе, таму не раздзяліў горкі лёс сваёй сям’і.

У той перадапошні дзень жніўня 1941 года ўдалося пазбегнуць смерці не толькі Тамары. У самы разгар крывавай акцыі знайшліся смельчакі, якія вырваліся на волю. Вось што ўспамінае адзін з іх, на той час 17-гадовы Якаў Касоўскі. З артыкула ў яўрэйскай газеце «Форум», што выходзіць у амерыканскім Брукліне.

Оружия у нас не было никакого, но рядом с нами сидел парикмахер. Он взял с собой бритву и резанул ей по шее стоящего рядом немца. Мы побежали, увлекая за собой других. Фашисты стреляли нам вслед, рядом падали раненые и убитые наши соседи: старики, женщины, дети. До ближайшего леса добежало всего 12 человек. Потом мы дошли до Борисова, нам помогли достать одежду, еду. В конце своих мытарств я попал в партизанский отряд. Мы с братом вернулись с войны, собрали деньги и поставили памятник на месте расстрела и памятную плиту.

Цяпер пра тое, як трапіла у лагойскі музей названая газета. Ксеракопію старонкі з «Форума» разам з іншымі матэрыяламі супрацоўнікі музея атрымалі ад Тамары Зісерман, якая са сваёй сям’ёй жыве ў Рызе. Перадала ж праз старэйшую дачку Хадасевічаў — Таццяну, з якой падтрымлівае сувязь. Музейнымі экспанатамі сталі старонкі з газет «Вечерний Нью-Йорк», «Еврейский мир», дзе змешчаны публікацыі пра мітынг, прысвечаны адкрыццю ў бруклінскім Парку Халакоста Каменя памяці соцень нявінных ахвяр, нашых землякоў. Дапаўняюць уяўленне аб гэтай падзеі шматлікія каляровыя здымкі.

Ініцыятарам жа гэтай высакароднай справы стаў сын Я. Касоўскага Міхаіл. Сярод удзельнікаў мітынга былі і колішнія лагайчанкі Роза і Марыя (Муся) Касоўскія.

Віктар Несцяровіч

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць