Гістарычны цэнтр Лагойска: храналогія, планавальная структура і праблемы аховы

Грунтуючыся на планах Лагойска першай паловы XIX ст., мы можам дастаткова дакладна акрэсліць перыметр «плямы» гістарычнага цэнтра горада. У сучасных арыенцірах яго межы выглядаюць наступным чынам. На правым беразе ракі Гайны (з поўначы на поўдзень): паўночная мяжа парка — вул. Камсамольская — вул. Пралетарская — вул. Крылова — вул. Гайненская — вул. Калгасная — вул. Вызваленцаў — вул. Калгасная — 3-ці Барысаўскі завулак — вул. Прафінтэрна. На левым беразе Гайны: вул. Набярэжная — паўднёвая мяжа тэрыторыі райлякарні — вул. Перамогі — пл. 8 Сакавіка — вул. Перамогі да вул. Кастрычніцкай. У якасці лакальных элементаў можна адзначыць могілкі (тэрыторыя на поўдзень ад Усходняга завулка) і былы фальварак Луцэўшчына — тэрыторыя інтэрната для састарэлых і інвалідаў у канцы вул. Перамогі.

Упершыню Лагойск (Лагожаск) узгадваецца ў пісьмовых крыніцах у кантэксце падзей, якія датуюцца 1077–1078 гг., калі Уладзімір Манамах, даганяючы Усяслава Полацкага, «пожег землю и повоевав до Лукомля и до Логожьска». Летапісные паведамленні хоць і сведчаць пра тое, што ўжо ў XI ст. Лагойск быў значным умацаваным цэнтрам на паўднёвых межах Полацкай зямлі (а пазней — центрам удзельнага княства), аднак не даюць ніякіх звестак па ўнутранай гісторыі горада ці яго гістарычнай тапаграфіі, акрамя даціроўкі гарадзішча — умацаванага ядра паселішча X-XI ст., ад якога і ўзнік сучасны горад. Гэтае гарадзішча, якое стала ў канцы XII ст. княскай рэзідэнцыяй, атрымала пазней названне «замка Лагойскага» і захоўвала свае абарончыя функцыі да канца XVII ст. Ажно да сярэдзіны XVI ст. яно заставалася цэнтральным элементам планавальнай структуры Лагойска.

Мапа мястэчка Лагойск

Лагойск. Фрагмент буйнамаштабнай мапы 18321866 гг.

Матэрыялы археалагічных раскопак, якія праводзіліся на месцы гарадзішча ў 1966–1971 гг., пацвердзілі дадзеныя пісьмовых крыніц пра час узнікнення Лагойска, прычым з істотным удакладненнем:

Славянскае паселішча на Гайне ўзнікла раней, чым звесткі пра Лагойск патрапілі ў пісьмовую крыніцу, г.з. па меньшай меры на мяжы XXI ст., калі не раней.

У канцы XIV ст. Лагойск узгадваецца ў ліку «гарадоў літоўскіх», а таксама як «трыманне» нейкага літоўскага баярына (князя?) Войшвіла, які валодаў ім да 1387 г., калі Уладзіслаў Ягайла аддаў яго свайму брату Скіргайлу.

У той самай грамаце 1387 г. узгадваецца і кляштар з царквою ў імя св. Іаана Прадцечы, які знаходзіўся у Лагойску. Тапаграфічная «прывязка» адсутнічае, але можна меркаваць, што гэты кляштар знаходзіцца альбо на «замку», альбо ў яго бліжэйшых наваколлях.

Пазней горад належаў Вітаўту, які, па некаторых дадзеных, значна ўмацаваў (адбудаваў) Лагойскі замак. Пасля яго ўладальнікам быў князь Андрэй Уладзіміравіч (унук Альгерда). Пасля смерці яго сына Глеба (1457 г.) вялікі князь Казімір аддаў Лагойск князю Аляксандру Чартарыйскаму, нашчадкі якога валодалі ім да 1517 г., калі «половина замку и места и людей нужных и тяглых и сел боярских и пашни дворное» дасталіся «пану Васілю Тышкевічу» як пасаг за Аляксандрай Чартарыйскай. Другую палову маёнтка Васіль Тышкевіч адкупіў у 1528 г. у яе сястры Соф'і.

План Логойска. 1840 год

План Лагойска. 1840 г.

У першай палове XVI ст. Лагойск некалькі разоў падвяргаўся спусташэнню падчас ваенных дзеянняў — спачатку з боку крымскіх татар, потым маскоўскіх войскаў.

У 1530-х гг. уладальнік Лагойска Васіль Тышкевіч аднавіў замак і заклаў ў ім Багаяўленскую царкву. Хоць П. М. Шпілеўскі называе яе «мураванай» і паведамляе, што ў «склепе» гэтай царквы было наладжана «месца для магільняў праваслаўнага рода Тышкевічаў», царква гэта хутчэй за ўсё была драўлянай, т. ш. у 1620-х гг. (па іншых дадзеных — в 1631 г.) яна згарэла. Мураваным, магчыма, быў толькі падклет гэтай царквы, у якім і было наладжана памяшканне для магільняў.

Васіль Тышкевіч (памёр у 1571 г.), вядомы палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVI ст., атрымаў у 1555 г. каралеўскі дазвол на пераўтварэнне Лагойскага графства ў маярат — непадзельны маёнтак, які павінен быў пераходзіць па мужчынскай лініі да старэйшага сына. Аднак яго нашчадак Юрый (ваявода брэстцкі з 1566 г., памёр у 1576 г.) не паклапаціўся аб тым, каб сваечасова замацаваць бацькава завяшчанне, і яго сыны падзялілі Лагойскае графства паміж сабой.

У 1654 г. мястэчка і, мабыць, замак былі ізноў разрабаваныя рускімі войскамі, а ў 1708 г. (па іншых дадзеных — у 1706 г.) — спаленыя войскамі Карла XII, прычым замак болей не аднаўляўся, а мястэчка, як і ўсе Лагойскае графства, прыйшло да такога заняпаду, што амаль не было распрададзена па часках на карысць розных кредытораў.

Незразумела нават, ці была ў сярэдзіне — другой палове XVIII ст. у Лагойску ўладальніцкая рэзідэнцыя (маёнтак) і калі была-то дзе? Ва ўсякім разе «на замку» знаходзіліся толькі базыліянскі кляштар з царквою і, мабыць, яшчэ адна (прыхадская?) уніяцкая царква.

Агульны эканамічны ўздым ВКЛ сярэдзіны — другой паловы XVIII ст. адбіўся і на Лагойску: мястэчка пачало паступова адраджацца. Матэрыяльнае становішча ўладальнікаў Лагойскага графства на пачатку XIX ст. палепшылася настолькі, што граф Пій Тышкевіч (1756–1858) у 1815 г. заклаў на поўнач ад тэрыторыі былога «замка», у лукавіне правага берага Гайны, шырокі парк з палацам у стылі позняга класіцызма і комплексам гаспадарчых пабудоваў.

Карта парка

Мапа парка Тышкевічаў

Гэты палацава-паркавы комплекс быў шырока вядомы ў заходніх губерніях «ад Кіева да Вільні», галоўным чынам дзякуючы навуковай, грамадскай і музейнай дзейнасці сыноў Пія Тышкевіча: Канстанціна (1806–1863) і Яўстафія (1814–1873).

Па дадзеных «Інвентара» Лагойскага маёнтка, які быў складзены ў 1844 г., непасрэдна на терыторыі палацава-паркавага комплекса і ў яго бліжэйшых навакольлях (на захад і на паўночны захад ад парка) знаходзіліся наступныя будынкі: палац, які займаў (абагульнена «у пляме») абшар 106×28 аршын (г. з. прыблізна 70×20 м); кухня (паварня), вялікі ляднік; стайня і карэтная адрына; пральня з асобным будынкам для высушвання бялізны і адзеньня; жылая хата для прыслугі; хата садоўніка, лазня, пуня і г. д. Да Лагойскага маёнтка таксама належалі карчма ў мястечку, завод тканінаў, вадзяны млын на рацэ Гайне, дом на Плешчанскай вуліцы і іншыя гаспадарчыя будынкі.

У сярэдзіне — другой палове XIX ст. у склад маёнкавага паркавага комплекса была ўключана тэрыторыя былога гарадзішча, г. з. паўночная, большая і найбольш старажытная частка «замка Лагойскага» XV–XVII ст.

У 1859 г. маёнтак перайшоў да старэйшага сына Пія Тышкевіча — Канстанціна, далей да яго сына — Аскара (1837–1897). Юзеф (1869–1914), сын Аскара, быў фактычна апошнім уладальнікам Лагойскага маёнтка.

У пачатку 1920-х гг. Лагойск стаў центрам аднаго з памежных раёнаў «Менскай акругi» БССР. Маёнтак быў нацыяналізаваны, палац і іншыя пабудовы аддадзены пад разнастайныя адміністрацыйна-гаспадарчыя патрэбы, часткова выкарыстаны пад жыллё. Скляпы палаца, па словах мясцовых жыхароў, у 1920–1940-е гг. выкарыстоўваліся ў якасці турэмных памяшканняў — спачатку НКУС, а потым немцамі. У канцы Другой сусветнай вайны палац быў узарваны, захаваўся толькі невялікі фрагмент сцяны паўднёвага крыла будынка.

Фатаздымак Ільва Дашкевіча 1923 год

Фота Ільва Дашкевіча 1923 год

Парк пачынаючы з 1920-х гг. паступова прыходзіў у заняпад. Пазней, у 1950–1980-я гг., не аднойчы падвяргаўся перапланаванням (у тым ліку стыхійным); у цяперашні час гэта гарадскі парк культуры і адпачынку. На яго тэрыторыі знаходзяцца спартыўная школа, стадыён і адчыненая эстрада.

Гісторыка-тапаграфічная сітуацыя

Тэрыторыі былога гарадзішча — найстаражытная і найбольш умацаваная частка таго Лагойска, які ўзгадваецца ў летапісах пры апісанні вайсковых дзеянняў XI–XII ст.

Пазней, у XV–XVI ст., менавіта тут месціўся згаданы ў дакументах «Замак Лагойскі» — резідэнцыя Чартарыйскіх, а потым Тышкевічаў. Тут у XVI–XVII ст. знаходзіліся Багаяўленская царква (згарэла ў 1631 г.; у 1752 г. адноўлена ужо ў якасці царквы уніяцкага кляштара), а таксама ў XVIII ст. і сам гэты кляштар. Ён быў зачынены ў 1831 ці ў 1834 гг., а старая драўляная царква перададзена праваслаўнаму духавенству і тады ж (па іншых звестках — у 1845 г.) зроблена прыхадскою. Па дадзеных П. Шпілеўскага, гэта царква існавала яшчэ ў пачатку 1850-х гг. Мяркуючы па буйнамаштабнай мапе другой паловы XIX ст., побач з ёю знаходзіліся вялікі мураваны будынак (верагодна, жылы корпус кляштара), а таксама два малых драўляных (хутчэй за ўсё, гаспадарчыя пабудовы).

Калі ўмацаваная частка летапіснага Лагойска абмяжоўвалася старажытным гарадзішчам, то неўмацаваны пасад ранняга сярэдневечнага Лагойска (XI–XIII ст.) знаходзіўся, верагодней за ўсё, на поўдзень ад яго, паміж ім і сучаснай вул. Савецкай.

Ужывальна да больш позняга перыяду (XIV–XVI ст.) мы, кіруючыся агульнай схемай развіцця умацаваных гарадоў Беларусі, якая пацверджана шматлікімі гістарычнымі і археалагічнымі аналогіямі, можам казаць пра ператварэнне гэтага неўмацаванага пасада ў так званы перадзамак, ці, згодна з тэрміналогіяй XVI–XVII ст., «паркан». Гэты важны элемент планавальнай структуры позняга сярэдневечнага перыяда добра адсочваецца на планах Лагойска першай паловы XIX ст.

Паркан займаў тэрыторыю, абмежаваную з захада сучаснай вул. Камсамольскай, на поўдні — вул. Савецкай, з усходу — стромкім абрывам над поймай правага берага ракі Гайны. Па плошчы паркан амаль раўняўся замку і патрабаваў дадатковых умацаванняў толькі ў сваёй паўднёва-заходняй часцы.

На ўсходнім ускрайку гэтага паркана, на мысе, які па вышыні не саступаў пляцоўцы замка, у 1866 г. была збудавана мураваная Мікольская царква, якая існуе ў наш час. Мяркуючы па «Плану Лагойска 1840 года», раней на гэтым самым месцы знаходзілася драўляная царква — мабыць, таксама Мікольская. Існаванне менавіта тут ужо ў XVIII ст. Мікольскай царквы можа разглядацца як ускоснае сведчанне важнай ролі, якую адыгрывала дадзеная тэрыторыя ў планавальнай структуры старажытнага горада: Мікольскі прыход з'яўляўся адным з найстаражытных (калі не самым старажытным) у Лагойску.

На паўднёвы захад ад паркана знаходзілася прамакутная рыначная плошча, узнікшая, мяркуючы па канфігурацыі, не пазней за сяредзіну — другую палову XVI ст., г. з., магчыма, тады ж, калі Лагойск атрымаў статус мястэчка (хутчэй за ўсё, з «няпоўным» магдэбургскім правам)

Уяўляецца бясспрэчным, што першапачаткова гэта плошча мела трохкутныя абрысы, узнікнуўшы на распуцці двух дарог — асноўнай, якая выконвала ролю транзітнай магістралі (сучас. вул. Савецкая), і мясцовай (сучас. вул. Смалявіцкая).

Базарны шлях у Лагойску

Базарны шлях у Лагойску

На захад, поўдзень і ўсход ад гэтай першапачаткова трохкутнай, потым прамакутнай (ці трапецыевіднай) рынкавай плошчы на прасторы радыюсам ад 400 да 600 м ужо, мабыць, у XIVXV ст. пачала фармавацца планавальная структура старажытнага Лагойска.

У XVIII ст. сучасная вул. Савецкая называлася Віленскай; пазней, у пачатку XIX ст., падзялілася на дзве — Віленскую (на паўднёвы захад ад плошчы — накірунак Менск — Вільня) і Плешчаніцкую (на паўночны ўсход ад плошчы, да сучаснай вул. Перамогі, якая з'яўлялася ўсходняй мяжой мястэчка). Мінуўшы пераправу праз раку Гайну, гэта вуліца падзялялася на дзве дарогі — паўночную, на Плешчаніцы, і ўсходнюю — на Барысаў. У 1609 г. Аляксандар Юр'евіч Тышкевіч пабудаваў тут невялікі драўляны касцёл св. Казіміра: ён двойчы адраджаўся пасля пажараў у 1656 і 1709 гг. У 17871793 гг. на гэтым месцы быў збудаваны мураваны касцёл (зачынены і разабраны ў сярэдзіне ХХ ст).

Сучасная вул. Смалявіцкая ў XVIIIXIX ст. называлася Спаскай (былая Спаса-Прэабражэнская царква знаходзілася ў раёне скрыжавання сучаснай Смалявіцкай вуліцы і першага Барысаўскага завулка, дзе, уласна, і заканчвалася мястэчка). Гэта вуліца абслугоўвала накірунак на паўднёвы ўсход — на Смалявічы— Ігумен (Чэрвень) Смалявічы яшчэ ў першай палове XV ст. уваходзілі ў склад Лагойскага княства.

Сучасная вул. Чкалава ў XVIII ст. называлася Мікольскай. У канцы яе, побач з вусцем ручая Лапенца, які ўпадае ў Гайну, знаходзілася яшчэ адна царква — Прэчысценская, г. з. Раство-Багародзічная, ці Юр'еўская (дакладных звестак не захавалася).

Раён на поўдзень і паўднёвы ўсход ад ручая Лапенца (сучас. вул. Завозерская, Смалявіцкая, Я. Купалы, 1-ы Барысаўскі завулак і вул. Прафінтэрна) у канцы XVIII ст. называўся «асадай за р. Лапенцам» і налічваў 36 «дымоў», г. з. блізу чвэрці гарадской забудовы.

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. мястэчка агулам налічвала ад 3 да 6 вуліц з назвамі і прыкладна столькі ж безназоўных завулкаў, часам параўнальных па даўжыні з вуліцамі. «Дымоў» у Лагойску ў канцы XVIII ст. налічвалася 140, аднак да сярэдзіны XIX ст. іх колькасць зменьшылася да 110–120.

Існаванне жылой забудовы XVIIXVIII ст. на поўнач ад тэрыторыі «Замка», г. з. на месцы палацава-паркавага комплекса, роўна як і ўзгадваемае некаторымі аўтарамі гвалтоўнае «перасяленне» з гэтай тэрыторыі жыхароў падчас закладкі палаца і парка у пачатку XIX ст., уяўляецца малаверагодным. Ускосным пацверджаннем легендарнага характара гэтых звестак служаць дадзеныя, атрыманыя пры супастаўленні «Інвентара» Лагойска 1787 г. (г. з. да закладкі палацава-паркавага комплекса) і планаў мястэчка першай паловы XIX ст.

Так, на плане 1840 г. нанесена агульная трасіроўка паўднёвага ўчастка сучаснай вул. Камсамольскай — ад вул. Савецкай прыблізна да сучаснага дома № 21. Гэты ўчастак сучаснай вул. Камсамольскай у першай палове XIX ст. называўся вул. Замкавай (надпіс на плане 1840 г.) і ўжо меў жылую забудову — чатыры хаты па левым (заходнім) баку вуліцы.

Аднак з пункту глэджання агульнай планавальнай структуры мястэчка гэта вуліца з'яўлялася тупіком, т. ш. заканчвалася ля шырокай эспланады (пазней — партэра) перад галоўным фасадам палаца, г. з. фактычна адыгрывала ролю пад'яздной алеі, забяспечваючы таксама асобны ўезд у паўднёва-усходнюю частку парка, дзе на плане 1830-х гг. пазначаны два невялікіх мураваных і два драўляных будынка (магчыма, гаспадарчыя пабудовы альбо шкляны завод).

Больш за тое, вул. Замкавая адсутнічае ва ўсіх інвентарах Лагойска 1780–1790-х гг., якія былі складзены да пабудовы палацава-паркавага комплекса, што дакладна сведчыць пра адсутнасць забудовы XVIIXVIII вв. на поўнач ад Замкавай гары. Тым не меньш нельга выключыць магчымасць існавання тут разрозненай (сядзібнай) забудовы ранейшага перыяда — XIV–XV альбо нават XIIXIII ст. — высветліць гэтае пытанне могуць толькі археалагічныя раскопкі.

Тэрыторыя на паўночным захадзе ад замка (раён сучасных Камсамольскага завулка — вул. Харчанка, центрам якога з'яўляецца ўзгорак, дзе ў цяперашні час знаходзіцца ваданапорная вежа), пазначаная на плане 1840 г. як «Царковішча», магчыма, звязана з найстаражытным кляштарам Лагойска, які ўзгадваецца ў грамаце 1387 г., — Іаана-Прадцечанскім. З гэтым самым кляштарам, верагодна, звязаныя і старажытныя могілкі, нанесеныя на плане 1840 г. прыкладна ў раёне ўзгаданай вышэй ваданапорнай вежы, г. з. дадзеная тэрыторыя таксама патрабуе даследвання (археалагічнага) і, магчыма, дзяржаўнай аховы, як частка гістарычнага цэнтра Лагойска.

Палац Тышкевічаў меў складаную франтальную структуру. Цэнтральны двухпавярховы аб'ём з шасцікалонным порцікам фланкіраваўся двума аднапавярховымі крыламі, якія заканчваліся вузкімі двухпавярховымі аб'ёмамі. На плане гэтыя бакавыя аб'ёмы ўяўлялі сабой слаба выступаючыя за лінію фасада рызаліты, а завершаннем для іх служылі высокія трохкутныя франтоны, што надавала гэтым аб'ёмам з боку галоўнага і паркавага фасадаў вежападобнае аблічча. Высокі цокальны паверх цэнтральнага аб'ёму пераходзіў на паркавым фасадзе ў шырокую паўкруглую тэрасу з спускам у парк.

Аналагамі такой складанай франтальнай кампазіцыі, калі на адной папярэчнай восі месціцца некалькі сіметрычна размешчаных, але розных па вышыні і прасторнай канфігурацыі аб'ёмаў, якія ўтвараюць адзіны архітэктурны ансамбль, могуць служыць маёнткі ў Паланечцы, Снове, Дзярэчыне, Дукорі і некаторыя іншыя, якія датуюцца, як і палац у Лагойску, першым трэцім дзесяцігоддзямі XIX ст.

Агульнае аблічча палаца ў Лагойску другой паловы XIX пачатку XX ст., прычым як з боку галоўнага, так і з боку паркавага фасада, досыць дакладна перадаюць два малюнка Напалеона Орды, якія датуюцца 18641874 гг., а таксама гравюры Я. Тышкевіча, І. Краеўскага (1880-я гг.) і фатаздымак, які датуецца Р. Афтаназі перыядам «да 1914 года».

Апісанняў інтэр'ераў палаца практычна не захавалася. Р. Афтаназі звязвае гэта з тымі абставінамі, што ўвага мемуарыстаў XIX ст., якія наведвалі і апісвалі Лагойскі палац, была цалкам накіраваная на унікальныя экспанаты багацейшага музея братоў Тышкевічаў, яго шматлікія археалагічныя, гісторыка-этнаграфічныя і мастацкія калекцыі.

Адзінай часткай палацава-паркавага комплекса ў Лагойску, якая больш ці меньш захавалася, з'яўляецца шырокі парк, які займае блізу 17 га.

Калі захаваўшыся да цяперашняга часу фрагмент сцяны паўднёвага крыла палаца — хутчэй сымбаль, чым сапраўдны помнік і, зыходзячы з гэтага, ці наўрад патрабуе «аховы» як такой (мусім казаць альбо пра «кансервацыю», альбо пра «частковае абраджэнне»), то парк, усё яшчэ з'яўляецца, нягледзячы на шматлікія страты, апошнім аутэнтычным элементам гісторыка-культурнага комплекса пачатку XIX ст., патрабуе перад усім менавіта актыўнай аховы, асабліва улічваючы рекрэацыйнае прызначэнне Лагойскага раёна (такім чынам, у першую чаргу самаго Лагойска), вызначанае Ўказам Презідэнта Рэспублікі Беларусь.

Апісанні парка другой паловы ХХ ст. выкладзены ў працах У. Т. Анціпава і А. Т. Федарука. Апошні апублікаваў таксама схематычны план парка і графічную рэканструкцыю («выгляд з вышыні птушынага палету»).

Параўнанне сучасных тапаздымкаў са схематычным планам, які выкладзены ў працы А. Т. Федарука, паказвае, што гэты план, роўна як і абодва апісанні, адлюстроўвае існуючы стан планавальнай структуры парка (на 1970–1990-я гг.).

Такім чынам, апісанне парка, дадзенае ў гэтых працах, можа лічыцца «аналітычным» толькі з пункту гледжання «ландшафтнай таксацыі». Да «ландшафтнай архітэктуры» маюць некаторыя адносіны толькі тыя фрагменты гэтага апісання, якія базуюцца на графічных крыніцах канца XIX ст. — малюнках Н. Орды і інш.

Выгляд на палацавы сад з боку ракі Гайны. Напалеон Орда

Выгляд палацавага саду з боку ракі Гайны. Напалеон Орда

На жаль, нават самае дасканалае візуальнае даследванне, не падмацаванае гістарычнай графікай альбо дадзенымі натурных даследванняў (шурфы на алеях і т. п.), не можа служыць дастатковым падмуркам для реканструкцыі архітэктурна-планавальнай арганізацыі гістарычнага парка двухсотгадовай даўніны.

У нас атрымалася знайсці графічную крыніцу, якая досыць дэталёва фіксуе планавальную структуру Лагойскага парка па стане на 30-50-я гг. XIX ст., г. з. у пачатковы перыяд яго існавання. Планавальная структура парка гэтага перыяду толькі ў самых агульных рысах суадносіцца з планамі і апісаннямі канца ХХ ст.

Разам з тым застаецца адчыненым пытанне, у якой ступені існуючы стан парка (пасля страт і перапланіровак сярэдзіны — другой паловы ХХ ст.) адпавядае яго планавальнай структуры мяжы XIXXX ст., г. з. апошняму перыяду існавання Лагойскага парка, як аутэнтычнага элемента палацава-паркавага комплекса.

Што-небудзь высветліць у дадзеным пытанні могуць толькі матэрыялы навуковых даследванняў у межах праекта рэстаўрацыі парка — шурфы на існуючых алеях; візуальнае даследванне і шурфоўка на месцах меркаваных алеяў і палянаў першай паловы XIX ст. і г. д.

Крыніца

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Гісторыя горада - Хроніка - Гістарычны цэнтр Лагойска: храналогія, планавальная структура і праблемы аховы