Старажытны Лагойск

Лагойск упершыню ўпамінаецца ў аўтабіяграфічным творы «Павучанне», напісаным вядомым старажытна-рускім князем Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам (1053–1125 гг.). Дадзены твор створаны каля 1117 года як запавет, урок жыццёвай і дзяржаўнай мудрасці сваім дзецям і іншым князям. Манамах успамінае пра свае шматлікія паходы па Русі, па стэпах і Еўропе. Але ў творы не названа ніводная дата.

Арыгінал «Павучання» не захаваўся, яго змест быў уключаны ў Лаўрэнцьеўскі летапіс пад 1096 годам пасля апавядання пра княжацкія сваркі. «Павучанне» дае шмат гістарычных звестак, якія адсутнічаюць у летапісе. Яно з’яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай. Вучоным удалося «расшыфраваць» «Павучанне» і ўстанавіць даты паходаў, якія здзейсніў Манамах.

Калі Уладзімір Манамах быў князем у Чарнігаве, ён зрабіў паход на Полацкую зямлю ў 1078 г. Пра гэта Манамах піша:

Усяслаў (князь полацкі) Смаленск спаліў, і я з чарнігаўцамі сеўшы на коней (рушыў на яго), ды не засталі мы (яго) у Смаленску. У тым паходзе ўслед за Усяславам спаліў я зямлю (Полацкую), спустошыў яе да Лукомля і Лагожска ды, супраць Друцка ваюючы, (вярнуўся) у Чарнігаў.

Адсюль вынікае, што Лагойск у 1078 г. быў горадам-крэпасцю Полацкай зямлі, бо праз шмат гадоў Манамах прыгадваў, як «ваяваў» яго. Лагойск-Плешчаніцы-Лепель — бліжэйшы шлях да Полацка даўжынёй каля 160 кіламетраў. Супраць такіх гарадоў, як Лагойск, у першую чаргу і быў скіраваны ў 1127 г. удар шматлікага войска кіеўскага вялікага князя Мсціслава. Што ж сталася тады з Лагойскам? Звернемся да летапісу: «Послал князь Мстіславъ… сына своего Изяслава по Курьска с своімъ полком на Логожескь». На Лагойск ішоў з Курска вялікакняжацкі полк на чале з старэйшым сынам Мсціслава — Ізяславам. Лагойску надавалася важнае значэнне, бо адсюль адкрываўся шлях на Полацк. Ізяслаў захапіў горад, прабыў тут два дні, а затым паспяшаўся на дапамогу іншым князям, якія асаджвалі Заслаўе.

3 другой паловы XII ст. Лагойск становіцца цэнтрам удзельнага Лагойскага княства. У 1181 г. тут княжыў Усяслаў Мікуліч, саюзнік полацкіх і чарнігаўскіх князёў.

У летапісах пад 1186 годам упамінаецца ўжо іншы лагойскі князь Васілька Валадаравіч. Ён разам з наўгародцамі і смалянамі выступіў супраць палачан. Пазней Лагойск перайшоў да літоўскіх князёў Гедымінавічаў. Вось і ўся старажытная гісторыя Лагойска па крыніцах.

Археалагічнае мінулае Лагойска

Браты Тышкевічы раскапалі некалькі соцень старажытных курганоў ля Лагойска. Яны аднымі з першых звярнулі ўвагу на гарадзішчы як на важныя помнікі далёкага мінулага.

Да нашага часу ў Лагойску і яго наваколлі захавалася тры гарадзішчы, што знаходзяцца адно ад аднаго на адлегласці 1–2 кіламетраў.

Адно гарадзішча ў Лагойску мае не зусім звычайную назву — Паненская гара. Тут культурны пласт амаль адсутнічае. На схілах дзе-нідзе сустракаецца ляпная кераміка, пакрытая зверху штрыхамі. Гарадзішча адносіцца да часоў родаплемяннога ладу. Каля дзвюх тысяч гадоў таму назад тут жыло насельніцтва так званай культуры штрыхаванай керамікі. Другое гарадзішча размешчана за кіламетр ад Лагойска, у лесе, на доўгай прыроднай выспе. Яго пляцоўка амаль круглая, плошчай не больш чым 0,3 гектара. На ёй захаваўся культурны пласт таўшчынёй звыш паўметра. Ён бедны на знаходкі. Гэта рэшткі ўмацаванага паселішча першабытнаабшчыннага часу. Як і Паненская гара, яно не мае адносін да гісторыі горада, які ўзнік значна пазней, у іншую, сярэднявечную эпоху.

Знаходкі

Бронзавыя спражкі і «конік» XI–XII стст. з раскопак Лагойскага замчышча

Гістарычны цэнтр старажытнага Лагойска — замкавая гара на правым беразе Гайны, амаль у цэнтры сучаснага гарадскога пасёлка, там, дзе знаходзіцца парк культуры і адпачынку. Велізарныя земляныя валы вышынёй да 8 метраў і шырокія равы глыбінёй да 5 метраў з трох бакоў абкружаюць пляцоўку плошчай у 1,5 гектара. З чацвёртага, усходняга, боку знаходзіцца стромы бераг Гайны з забалочаным поплавам ракі.

У старажытныя часы равы запаўнялі вадой. З паўднёвага боку, дзе цяпер уваход на пляцоўку, быў пад’ёмны мост на жалезных ланцугах. Тут размяшчалася і брама. А па грабянях валоў узвышаліся непрыступныя драўляныя сцены з дазорнымі вежамі.

Аднак пачатковы дзяцінец Лагойска быў, мусіць, удвая меньшы, чым плошча сучаснай замкавай гары. Паводле звестак пісьмовых крыніц, у канцы XIV ст. замак пашыраўся князем Вітаўтам, а пазней ён перабудоўваўся некалькі разоў.

Раскопкі Лагойскага замчышча

Археалагічныя раскопкі Лагойскага замчышча пачаліся ў 1966 г. Памочнікамі вучоных у працы былі вучні Лагойскай сярэдняй школы № 2. У адным месцы зрабілі зачыстку вала. У самай верхняй яго частцы ўдалося знайсці абломак кафлі XVII–XVIII стст. Значыць, апошні раз ён падсыпаўся ў гэты час. Ніжэй у вале была знойдзена кераміка XII–XIII стст. Адсюль няцяжка здагадацца, што для падсыпкі вала неаднаразова выкарыстоўваўся культурны пласт часоў Полацкага княства з пляцоўкі гарадзішча.

Цяпер замкавая гара свабодная ад забудовы. Пачынаючы археалагічныя работы ў 1966 г., азначылі асноўны раскоп на пляцоўцы недалёка ад абрыву, бо напярэдадні вызначылі, што культурны пласт тут значна лепш захаваўся. Пачалі здымаць верхні, «нецікавы», пласт зямлі. Гэта была шэрая глеба, якую людзі доўгія гады пералапачвалі, пераворвалі, выбіраючы з яе ўсё цвёрдае, што перашкаджала ўзыходзіць раслінам.

Жалезныя знаходкі

Жалезныя вырабы з раскопак у Лагойску

На глыбіні 30–40 сантыметраў зрэдку сустракаліся жалезныя, шкляныя і керамічныя вырабы XVI–XVIII стст. У адным месцы было шмат кафлі з зялёнай палівай, якая была старанна выбрана з кучы гліны і бітай цэглы. На кафлі віднеліся выпуклыя малюнкі: выява чалавека, расліны і геаметрычныя арнаменты. У XVI ст. такой кафляй упрыгожвалася багатае жыллё феадалаў. Ніжэй пласт ішоў чарнейшы. У ім менш сустракалася перакопаў. Таўшчыня яго была параўнаўча невялікая — 0,5 метра. Пад ім на глыбіні 1 метра залягаў жоўты грунт — «мацярык».

За чатыры сезоны ў 1966, 1968, 1971, 1980 гг. на Лагойскім замчышчы была даследавана плошча ў 440 квадратных метраў. Рэшткаў старажытных драўляных пабудоў тут зусім не захавалася. Яны поўнасцю згнілі, бо знаходзіліся на невялікай глыбіні. Дрэва, тканіна, скура і іншыя арганічныя рэчывы, выключаючы косць, у такіх умовах хутка парахнеюць.

Нямала было знойдзена і іншых рэчаў XI–XIII стст. Яны захаваліся параўнаўча добра. Па колькасці пераважалі керамічныя вырабы — разбіты гліняны посуд, тыповы для часоў Полацкага княства. У самым нізе культурнага пласта знойдзены невялікі гаршчок канца Xпачатку XI ст., які цалкам збярогся.

Сярод соцень чарапкоў ад посуду, зробленага на ганчарным крузе, трапляліся кавалкі ад гаршкоў, вылепленых уручную. Гэта акалічнасць дазваляе меркаваць, што пачатковае паселішча ўзнікла на месцы Лагойска, верагодна, у канцы X ст., інакш кажучы, амаль на стагоддзе раней, чым першыя звесткі аб горадзе трапілі ў пісьмовыя крыніцы.

Шмат было знойдзена вырабаў з жалеза. Неабходна адзначыць знаходкі жалезных ключоў для адмыкання найбольш старажытных вісячых замкоў. Яны ўяўляюць з сябе маленькія лапатачкі з прамавугольнымі ці круглымі лопасцямі. Такія ключы добра вядомы па археалагічных раскопках многіх гарадоў Усходняй Еўропы. Імі карысталіся ў X–XI стст. Пасля яны хутка выйшлі з ужытку. Было таксама адкапана 17 наканечнікаў стрэл. Сярод іх меліся тонкія, падобныя на шылы. Такія наканечнікі ўжываліся для паражэння воінаў у кальчугах, якія ў тыя часы спляталіся з драцяных кольцаў. Праз такое кальцо вольна праходзіў тонкі наканечнік.

Старажытныя лагажане займаліся гаспадаркай. Добра захаваліся ў зямлі жалезныя нарогі ад сахі ды вялікі нож-«касар» — прылада падсечнага земляробства для высякання кустоў. Рыбу білі жалезнымі восцямі з адным зубам. Самая цікавая жалезная знаходка — гіра ад бязмена. Яе вага — 2250 грамаў. Яна ў Беларусі была знойдзена ўпершыню. Дагэтуль такія гіры знаходзілі ў Ноўгарадзе, на тэрыторыі Латвіі ў Кукенойсе. Лагойская знаходка — важная крыніца для вывучэння вагавай сістэмы Полацкага княства XI–XII стст.

Знаходкі 2

Жалезныя сашнік і гіра для бязмена з Лагойска

Як вядома, вырабы з каляровых металаў зберагаюцца горш. Але ўсё ж і з гэтых металаў пашанцавала знайсці некалькі рэчаў, якія добра захаваліся (бронзавы конік, круглая фібула і іншыя ўпрыгожанні XI–XII стст.).

Звяртае на сябе ўвагу невялікая квадратная гліняная плітка, пакрытая жоўтай палівай. Плошча пліткі — 64 квадратныя сантыметры, таўшчыня яе — 2 сантыметры. Такія пліткі ўжываліся ў XII ст. у Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку для ўпрыгожвання царкоўных пабудоў. Гэта першая прыкмета таго, што, напэўна, у замку існавала вельмі старажытная царква. Магчыма, яна была драўляная.

Раскопкі Лагойскага замчышча ўзбагацілі гістарычную навуку каштоўнымі звесткамі аб матэрыяльнай культуры старажытнага горада на Гайне. Пры новых археалагічных даследаваннях у 20042007 гг. высветлілася, што ў IX–XI стст. за 7 кіламетраў ад сучаснага горада, каля вёскі Старое Гарадзішча на рацэ Лагазінка (Лагаза) існаваў старажытны населены пункт, які меў гарадзішча, тры селішчы і курганны могільнік.

Паселішчы на Лагазе і Гайне ў XI ст. суіснавалі разам, але потым адно паселішча прыйшло канчаткова ў заняпад, а горад на беразе Гайны стаў Лагожскам — цэнтрам воласці, а затым сталіцай асобнага ўдзельнага княства ПолацкаМенскай зямлі.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць