Лагойск вачыма Паўла Шпілеўскага

Выдавецтва «Полымя» перавыдала буйную работу аднаго з вядомых навукоўцаў XIX стагоддзя Паўла Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі». П. Шпілеўскі родам з Беларусі, закончыў Менскую гімназію, затым Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў славеснасць у Варшаве, а пазней стаў пастаянным супрацоўнікам шэрагу пецярбургскіх перыядычных выданняў. Вядомы ён і як пісьменнік, з’яўляецца аўтарам шэрагу апавяданняў, аповесці «Цыганёнак», п’есы «Дажынкі». Шмат увагі надаваў П. Шпілеўскі вывучэнню народнага быту, апублікаваў нямала буйных нарысаў, этнаграфічных артыкулаў, гістарычных і філасофскіх прац. Вучоны аб’ездзіў шмат якія раёны роднага краю, наведаў шмат гарадоў, іншых населеных пунктаў і даў іх апісанне.

П. Шпілеўскі адзначае, што Лагойск належыць да ліку самых старажытных славянскіх паселішчаў. Калісьці ён займаў вялікую прастору, быў добра ўмацаваны, абнесены высокімі валамі, меў цудоўны мураваны замак, вакол якога было некалькі малых замкаў, або «адрогаў». Пра тое, што піша аўтар, красамоўна сведчаць рэшткі даўніны, што захаваліся тут, а таксама назвы ўрочышчаў, знойдзеныя падчас раскопкаў рэчы.

На тым месцы замчышча, — адзначае П. Шпілеўскі, — дзе цяпер знаходзіцца Багаяўленская царква, яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя, менавіта да нашэсця шведаў у 1708 годзе, красаваўся багацейшы каменны замак. У сучасны момант яго не існуе, а захаваліся толькі каменныя падмуркі яго.

Дайшлі да нас назвы ўрочышчаў, замчышчаў і гор. Так, ёсць у ваколіцах Лагойска Казіная гара. У гэтым месцы вёўся некалі гандаль жывёлай. Яўна гістарычнае паходжанне мае назва гары Княгінька.

Вучоны дае кароткую гістарычную характарыстыку Лагойска. Пра існаванне Лагойска гаворыцца ў летапісу XII стагоддзя:

У 1127 годзе Мсціслаў, сын Манамаха, жадаючы авалодаць зямлёй крывічоў, выслаў супраць іх войска на чале са сваімі братамі; умацаваныя Лагойскі і Барысаўскі замкі былі ім перашкодай для ўступлення ў глыбіню крывіцкага края. Усевалад Ольгавіч напаў на Барысаў і разбурыў замак Барысаўскі; Ізяслаў жа ўварваўся ў Логожеск і авалодаў лагойскім замкам.

Наступнае ўпамінанне аб Лагойску адносіцца да 1186 года. У адным з летапісаў гаворыцца: «На зиму иде Давид из Смоленска, а сын его из Новгорода, из Логожеска Василько Володарович».

Захавалася імя іншага лагойскага ўдзельнага князя — Усяслава Мікуліча.

Далей гісторыя Лагойска звязана з уваходжаннем Вялікага княства Літоўскага ў склад польскай дзяржавы Рэчы Паспалітай. У пачатку XVI ст. горадам валодалі князі Чартарыйскія, а пасля спалення яго крымскімі татарамі адна частка яго перайшла да Барыса Ігнатавіча Абразцова, які ажаніўся на малодшай дачцы памёрлага ў 1514 годзе князя Сямёна Чартарыйскага, другая — да Гнашэўскага, які ўступіў у шлюб са старэйшай дачкой. У 1516 годзе Абразцоў памёр, аўдавелая яго жонка выйшла замуж за падляшскага ваяводу Васіля Тышкевіча, які адкупіў ў Гнашэўскага другую частку Лагойска.

У 1513 годзе польскі кароль Сігізмунд I права на валоданне ўсім Лагойскам перадае Тышкевічам. З гэтага часу Лагойск і пераходзіць з рода ў род гэтай знатнай лініі, і Тышкевічы жывуць тут аж да прыходу савецкай улады.

У Лагойску існавала пяць цэркваў: Багаяўленская і пры ёй манастыр з вучылішчам; Прачысценская, малая, паблізу ракі Гайны; Мікалаеўская, пабудаваная графам П. Тышкевічам у 1824 годзе для ўніятяў; Прэабражэнская, драўляная, пабудаваная ў 1795 годзе, і Юр’еўская 1773 года.

На канец XIX ст. у Лагойску налічвалася 1532 жыхары.

Дамы мястэчка ўтрымліваюцца ў чысціні, некаторыя з іх вельмі прыгожай архітэктуры і абнесены садамі.

Лагойск славіўся фабрыкай ільняных вырабаў, а таксама сваім музеем і бібліятэкай, у якой знаходзілася буйная калекцыя розных рэчаў і кніг. Вядомы ён быў і вадалячэбніцай, куды прыязджалі паправіць здароўе хворыя на рэўматызм.

Б. Ніўскі

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Гісторыя горада - Хроніка - Лагойск вачыма Паўла Шпілеўскага