Вуліца Крылова

Непадалёк ад Лагойскай сярэдняй школы №1, побач з невялікім возерам, знаходзіцца вуліца Крылова. Год дзесяць таму яна складалася з некалькіх прыватных хат, а зараз гэта вуліца з сучаснымі чатырохпавярховымі дамамі. А ці ведаеце вы, чаму яе так назвалі, чыё імя яна нясе?

Усе вуліцы маюць сваю назву і сваю гісторыю. У Лагойску шмат вуліц добрых і розных, але ў цэнтры і ў новабудоўлях назвы адрозніваюцца ў залежнасці ад тых часоў, калі ім давалі назвы альбо пераназывалі. Усе цэнтральныя, старыя вуліцы горада згубілі свае гістарычныя назвы і былі пераназваныя ў савецкія часы. Ёсць у Лагойску вуліца Максіма Горкага, вуліца Пушкіна, вуліца Крылова. Не, не таго баснапісца Крылова, пра якога вы падумалі.

Фёдар Гаўрылавіч Крылоў (1922-1944 гг.), у гонар якога была названая вуліца, служыў у войсках НКУС. У 1944 годзе ў вёсцы Рэпіцы Лагойскага раёна атрымаў заданне знішчыць станкавы кулямёт. Баявую задачу выканаў, але загінуў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоены 3 сакавіка 45-га пасмяротна.

Фёдор Гаврилович Крылов

Фёдар Гаўрылавіч Крылоў

Ён нарадзіўся ў вёсцы Пушкіна Омскай вобласці, сяржант 217-га памежнага палка. Пахаваны ў вёсцы Косіна.

Могила Крылова

Месца пахавання Фёдара Крылова

Ужо даўно няма вуліцаў Касцёльнай і Замкавай, замест іх стандартныя савецкія і камсамольскія назвы, такія як Пралетарская, Чырвонаармейская. Вуліцы таксама называюцца па  прозвішчах вядомых камуністычных дзеячоў: Карла Маркса, Лібкнехта. У гонар святаў: Першамайская, Кастрычніцкая. І нават маюць назвы нейтральнага характара: Працоўная. Усё гэта нясе ў сабе розгаласы мінулай эпохі.

Улица Логойска

Старажытная вуліца Лагойска

Напэўна, адзіным пераназваннем, якое сапраўды ўпісваецца ў гісторыю горада, стала пераназванне ў савецкія яшчэ часы вуліцы Барысаўскай, якая пачала насіць імя Янкі Купалы.

А вось тыя людзі, якім жыхары горада абавязаны ўсім тым, што зараз з'яўляецца гістарычнай спадчынай, так і не атрымалі заслужанага. Браты Тышкевічы вартыя таго, каб адна з галоўных вуліц горада насіла іх ганаровае імя. Калісьці так і будзе...

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць