Свята-Мікольская царква ў Лагойску

У канцы ХIV ст. у Лагойску дзейнічаў ужо праваслаўны кляштар, асвечаны ў спрадвечныя часы ў ямя Св. Іаана Прадцечы. Калі ў 1387 г. польскі кароль і вялікі князь літоўскі Ягайла надзяляў свайго брата Скіргайлу зямельнымі валадараннямі, каб заручыцца яго падтрымкай у барацьбе з Вітаўтам, то сярод іншых паселішчаў, аддаў яму і Лагойск. Менавіта ў сувязі з гэтым дараваннем ў даравальнай грамаце згадваецца кляштар Св. Іаана Хрысціцеля. З боку Ягайлы ён забяспечваўся дастатковым утрыманнем.

У грамаце гаворыцца:

Што отлучили есва св. церкви дань с людьми со всяким доходом. Того нам нипорушити ни которым делом, ни приобщити от них князем, а кто приобщит или отъимет от святого Ивана тую истину церковь, и той будет проклят и в сей век и в будущий.

Невядома як доўга праіснаваў у Лагойску кляштар Св. Іаана Прадцечы. У другой палове ХV ст. польскі кароль Казімір Ягелончык аддаў горад князям Чартарыйскім. У 1505 г. у выніку нападу перакопскіх татараў Лагойск быў разбураны; разам з ім вораг разрабаваў замкавую Багаяўленскую царкву. Кляштар у той час ужо не ўзгадваецца. Пра царкву ж Багаяўленьня ў Лагойску ўзгадваецца ўпершыню. Акрамя яе, у мястэчку да пачатку XVI ст. існавала яшчэ Прэчысценская царква, якая стаяла на ўзвышшы над речкай і з'яўлялася прыпіснай да замкавай. З найстаражытных часоў вакол гэтай царквы месціліся могілкі. У адрозненне ад Багаяўленскай, яна не пацярпела ад татараў. Таму пасля разбурэння замкавага храма багаслужэнні працягнуліся ў ёй.

З 1532 г. уладальнікам Лагойска стаў ваевода падляскі Васіль Тышкевіч. Яго намаганнямі былая Багаяўленская царква была адноўленая. Ён таксама заснаваў пры ёй аднаіменны кляштар, які дзейнічаў у Лагойску каля ста гадоў.

Недзе ў канцы 20-х гг. ХVII ст. у Лагойску здарыўся пажар і замкавая Багаяўленская царква, а разам з ёй і кляштар, згарэлі. Іх не сталі аднаўляць на ранейшым месцы, а ў 1631 г. перанеслі ў фальварак Сялец, які месціўся ў 9-ці вёрстах ад Лагойска. Фундатарам новага кляштару быў Юрый Тышкевіч са сваёю жонкай Марыяй Уняхоўскай. Кляштар назвалі ў імя Ўскрашэння Гасподня.

Толькі пасля смерці Юрыя Тышкевіча, унія атрымала распаўсюджанне ў Лагойску. У 1653 г. польскі кароль Ян Казімір перадаў у вядзенне уніяцкага архімандрыта Варлаама Кізінскага лагойскую царкву Св. Мікалая, якую пабудавалі ў мястэчку, верагодна, замест згареўшай Багаяўленскай у 30-40-я гг. ХVII ст.

Лагойская царква

Царква св. Мікалая ў Лагойску

Да 1751 г. Уваскрошанскі кляштар (пазней названы Свята Пятра-Паўлаўскім) з'яўляўся праваслаўным, пасля чаго быў аддадзены базіліянам біскупам Жмудскім Антоніям Тышкевічам, для якіх у 1752 г. у Лагойску той самы біскуп аднавіў былую Багаяўленскую царкву, і пры ёй заснаваў уніяцкі кляштар. Крыху пазней, у 1765 г., граф Станіслаў Тышкевіч адкупіў у праваслаўных манахаў маёнтак Сялец, заплаціўшы за яго 20.000 злотых, і перадаў яго ва ўласнасць базыліянам.

У другой палове ХVІІІ ст. акрамя кляштарнага храма ў Лагойску налічвалася яшчэ чатыры царквы: Прэчысценская, Свята-Юр'еўская, Спаса-Прэабражэнская і Свята-Мікольская. Час іх першапачатковага пабудавання невядомы. Акрамя Прэчысценскай, пад канец ХVIII ст. усе яны былі нанава адбудаваныя: Свята-Юр'еўская ў 1773 г., Прэабражэнская ў 1795 г., і Свята-Мікольская, таксама, у 1795 г.

Царква св. Мікалая

Адчынены ў 1752 г. Багаяўленскі базыліянскі кляштар ужо да пачатку XIX ст. прыйшоў да заняпаду. Згодна візіту за 1819 г., яго храм патрабаваў рамонта, паколькі падмурак царквы часткова разваліўся, а дах працякаў. На аднаўленне патрабавалася прыкладна 300 руб. ср. Кляштар вылучыць такія грошы быў не ў стане. В ім, дарэчы, жылі ўсяго чатыры манахі на чале з ігуменам Філіпам Аскеркам. На 1819 г. запазычанасць кляштара розным асобам раўнялася 429 руб. Усе будынкі мясціны з часу пабудавання заставаліся драўлянымі. Свайго прыходу Багаяўленская царква не мела.

У 1834 г. улады зачынілі лагойскі базыліянскі кляштар, а Багаяўленскую царкву зрабілі прыхадскою. Яна дзейнічала як самастойная да 1841 г., а затым на непрацяглы час была прыпісаная да Свята-Мікольскай царквы.

Упершыню ўзгадваемая ў гістарычных крыніцах каля 1653 г., Свята-Мікольская царква тройчы цалкам аднаўлялася: у 1734, 1795 и 1824 гг. Да сярэдзіны XIX ст., разам з Прэчысценскай і Спаса-Прэабражэнскай царквамі, яна моцна струхнела. Каб не выдаткоўваць на іх рамонт неадпаведна вялікіх сродкаў, замест іх вырашылі збудаваць у Лагойску адну мураваную царкву.

Гэтую царкву пабудавалі ў 1866 г., асвяціўшы ў імя Св. Мікалая. У адрозненне ад старой аднаіменнай царквы, якая месцілася ў нізінным месцы за межамі Лагойска, новы храм збудавалі непасрэдна ў паселішчы на ўзвышаным месцы, дзе калісьці стаяла Прэчысценская царква. Прыблізна ў той самычас разабралі былы кляштарны храм, які прыйшоў у заняпад.

У «Апісаннях цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» даецца наступная характарыстыка царквы:

Зданием каменная, устроена продолговатым прямоугольником с одним открытым куполом на середине здания и колокольнею во фронтонной части… Внутренняя вместительность приспособлена на 700 человек… Иконостас покрашен в светло-голубой цвет с золочеными карнизами и рамами, состоит из 20 икон, расположенных в два ряда. Кроме сего имеется местночтимая икона Божьей Матери, величиною в полтора аршина, украшенная серебряным окладом… К ценным утварным вещам относятся два серебряных прибора литургийных сосудов… В колокольне помещается пять колоколов: один в 10 пудов, другой в 6 пудов и три колокола весом каждый около З6 фунтов.

У канцы XIX пачатку XX ст. за царквою Св. Мікалая лічылася сем прыпісных цэркваў на могілках: Св. Васіля Вялікага ў в. Чудзенічы; Св. апосталаў Пятра і Паўла ў в. Сялец; Нараджэння Прэсвятой Багародзіцы ў в. Хатыні; Св. Георгія ў в. Рудні; Св. Міхаіла Архангела, у в. Панізоўе; Св. Аляксандра Неўскага ў в. Падонкі; Св. Ганны ў в. Гарадзішча; а таксама капліцы: у самым Лагойску (блізу прыхадской царквы, на крыніцы) і ў в. Пархава.

Церковь святого Николая

Свята-Мікольская царква ў 80-я гг. XX ст.

У 1907 г. у царкву быў вернуты старажытны абраз Лагойскай Божай Маці. Да гэтага ён знаходзіўся ў калекцыі вядомага збіральніка старажытнасцяў Г. Х. Татура. 8 верасня 1907 г. адбыўся шматтысячны хросны ход, і абраз быў ўрачыста перанесены з Мінска ў Лагойск. У брашуры, выдадзенай брацтвам Віленскага Свята-Духавага кляштара, пра абраз гаворыцца:

Писана по доске, на золотом фоне, с древним растительным орнаментом чеканной работы. По типу более всего приближается к Знаменской Курской иконе и отличается от нее только тем, что Богомладенец благословляет не одною рукою, как на Курской, а обеими. Живопись иконы несомненно местная западнорусская. Спаситель изображен не в хитоне, как это принято, а в белой младенческой рубашке, с застежкой — ленточкой на вороту. В облачении Пресвятой Девы нет обычных нарукавников. На илитоне спереди звезда из мелких кружков, такая же звезда и на фелони, что встречается очень редко… Солнце, среди которого обыкновенно изображается Спаситель на иконах этого тина, на логойской иконе изображено в виде белого круга с 26 лучами. Лучами же вместо нимба окружена и глава Богородицы. На главе Богородицы корона. Надписи на иконе обычные, греческие. Икона подверглась довольно грубой реставрации, причем нарушено изящество древней живописи. Судя по краскам и технике реставрация произведена, вероятно, в XVII в.

Лічылася, што гэты абраз з'яўляўся аскепкам старажытнага праваслаўя на лагойшчыне. З распаўсюджваннем уніяцтва, ён перайшоў да новых уладальнікаў, і яшчэ ў пачатку XIX ст. захоўваўся ў Багаяўленскім базыліянскім кляштары. Потым апынулася ў калекцыі мясцовых аматараў даўніны графоў Тышкевічаў, і ад іх ужо была набытая вышэйузгаданым Г. Татурам.

Пасля кастрычніцкай ревалюцыі яшчэ каля дзесяцігоддзя царква дзейнічала, але ў канцы 20-х гг. святара, а. Васілія, арыштавалі. У зачыненай царкве зладзілі зернесховішча. У 1941 г. у час вайны храм был адчынены ізноў.

Пасля сканчэння вайны, у 1947 г. да Свята-Мікольскага храма прыпісалі царкву Успення Божай Маці ў в. Косіна, якая да гэтага была прыхадскою. У 1952 г. памёр а. Васілій. У 80-я гг. сцены царквы былі размаляваныя майстрамі-іканапісцамі з Сергіева Пасада.

Па матэрыялах

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Гісторыя горада - Рэлігія - Свята-Мікольская царква ў Лагойску