Іх прозвішчы ў назвах вуліц Лагойска

Лагойск — адзін з найстаражытных гарадоў Беларусі, ён у розныя гістарычныя перыяды меў своеасаблівае, непаўторнае вонкавае аблічча. З кожным годам горад квітнее і разрастаецца. Будуюцца новыя дамы, з’яўляюцца новыя вуліцы, якіх на сенняшні дзень у Лагойску налічваецца 87.

Кожная з вуліц мае сваю назву. Асноўнае прызначэнне назвы — у адрозненні, вылучэнні прадметаў, аб’ектаў, з’яў аднолькавых або да сябе падобных. Назва вуліцы выклікае асацыяцыі з месцам жыхарства нас, нашых сваякоў, месцам вучобы, працы. Вяселая, Бярозавая, Зорная, Зімовая, Ціхая, Шырокая — гэта некаторыя з назваў вуліц Лагойска. Пажадана, каб назвы даваліся не спантана, а матывавана. Як, напрыклад, Усходняя (знаходзіцца ва ўсходняй частцы горада), Лясная (каля лесу), Рачная (уздоўж ракі Гайна), Мінская (у напрамку да г. Мінска). Шэраг вуліц нашага горада ў сваіх назвах маюць імёны і прозвішчы людзей. Напрыклад, вуліца Янкі Купалы — у гонар класіка беларускай літаратуры, жыцце і творчасць якога звязана з Лагойшчынай.

Старая вуліца Лагойска

Старая вуліца Лагойска

Напачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Лагойска, у канцы чэрвеня 1941 года загінула шмат воінаў. Мясцовыя жыхары ўпотай, пад пагрозай смерці хавалі іх на месцы бою. У некаторых баявых злучэннях знаходзілася па некалькі чалавек з аднолькавымі прозвішчамі: браты ці проста аднафамільцы, цяжка ўжо зараз сказаць. Тыя, хто прымаў удзел у пахаванні, па знойдзеных медальёнах назвалі іх братамі. Адной з вуліц Лагойска таму і нададзена імя братоў Захаравых.

Надзея Якаўлеўна Харчанка (дзявочае прозвішча Худаяр) нарадзілася ў 1921 годзе ў сяле Карсунаўка на Палтаўшчыне, там вучылася ў школе, пасля скончыла медвучылішча, працавала на Палтаўшчыне. У 1940 г. выйшла замуж за ваеннага — Харчанка Аляксея Рыгоравіча і разам з ім прыехала ў Беларусь у веску Бяларучы, дзе працавала нейкі час ў бальніцы.

Надзея Харчанка

Партызанка-разведчыца Надзея Харчанка

Затым мужа перавялі пад Баранавічы. Там Надзея працавала ў ваенным шпіталі. Калі пачалася вайна, шпіталь трэба было эвакуяваць у тыл. Суправаджаць транспарт з параненымі даручылі Надзеі Харчанка. На дарозе Брэст-Мінск аўтамашыну, у якой ехалі параненыя байцы разбамбавалі фашысцкія самалеты. Дабіраючыся пешшу да Мінска, Харчанка знайшла прытулак у жыхароў в. Бяларучы. Вясной 1942 г., калі ў Бяларучах стала жыць небяспечна, Надзея перайшла ў партызанскі атрад «За Айчыну», дзе не толькі выконвала абавязкі медсястры, але і прымала ўдзел у падрыўных аперацыях.

У снежні 1942 г. партызанскімі атрадамі «За Айчыну» і «Штурмавая» рыхтаваўся разгром варожага гарнізона ў Лагойску, дзе яна і была смяротна паранена. Перад смерцю яна папрасіла, каб яе пахавалі ў Бяларучах. Імя Надзеі Харчанка ўвекавечана ў Лагойску ў назве вуліцы, а таксама ўстаноўлены бюст адважнай партызанкі (дэмантаваны ў 2009 годзе. Рэд.).

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Галоўная старонка - Гісторыя горада - Вуліцы - Іх прозвішчы ў назвах вуліц Лагойска