Палац Тышкевічаў

Архіўныя дакументы канца XVIII ст. сведчаць пра тое, што ў Лагойску існаваў рынак, вуліцы Віленская, Мікольская, Спаская і прадмесце. Налічвалася 22-24 рамеснікаў. Швівом займаліся 5 чалавек, 4 млынара, 3 каваля, адзін пекар, меднік, цясляр, бляхар, слесар гарбар і іншыя. Налічвалася блізу 120 драўляных хат, стаяў базіліянскі кляштар, на левым беразе ракі Гайна знаходзіўся касцёл Cв. Казіміра, былі драўляныя цэрквы, сінагога, 3 разы на год праводзіліся кірмашы.

Асаблівага росквіту Лагойск дасягнуў у XIX ст. У 1801 г. граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч стаў адзіным паўнаўладным уладальнікам лагойскага маёнтка. У 1815 г. ён пабудаваў двухпавярховы мураваны палац у стылі класіцызма. Уяўленне пра палац даюць акварэль Н. Орды (1864-1876 г.), літаграфія 1883 г. і фатаздымак 20-х гадоў ХХ ст.

Лагойск. Малюнак Напалеона Орды

Лагойскі палац Тышкевічаў. Малюнак Напалеона Орды

Манументальны будынак быў узняты на высокі цокаль прастакутнай формы (70×20 м). На сядзібным двары знаходзіліся «кухарня», лядоўня, стайня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каля палаца быў закладзены парк. Аб'ёмную кампазіцыю палаца фармавалі тры злучаныя паміж сабою часткі: сярэдняя 2-павярховая і дзве бакавыя аднапавярховыя. Сяредні корпус палаца на фасадзе вылучаўся глыбокім шасцікалонавым порцікам. Яго рассунутыя калоны ў цэнтры фланкіравалі шырокі цэнтральны праезд і бакавыя пандусныя праезды. Калоны неслі гладкі антаблемент з карнізам і 2-ярусны прастакутны ацік з трохкутным франтонам у завяршэнні — тыповая ампірная форма.

Выгляд спераду

З боку парка ў палаца вельмі добра праглядаўся паўкруглы эркер з шасцю прысценнымі калонамі і закругленым ацікам у завяршэнні. Вакол эркера, узнятага на высокі, цокальны паўпаверх, праходзіла аглядальная тэраса з спускамі, з якой адчыняліся паркавыя краявіды.

Фатаздымак Льва Дашкевіча 1923

Фатаздымак Ільва Дашкевіча 1923 год

Усе часткі палаца былі накрытыя двухскатнымі стрэхамі. Парадныя апартаменты палаца нагадвалі музейную анфіладу. Тут у 2-х вялізных доўгіх залах былі прадстаўлены рэчы з багатага музейнага збору. Мастацкае афармленне інтэр'ераў было выканана ў стылі ампір. Мяркуецца, што гэтыя залы знаходзіліся на 1-м паверсе бакавых крылаў палаца.

Від на палацавы сад з боку ракі Гайна

Від на палацавы сад з боку ракі Гайна

Пад музейную экспазіцыю былі адведзеныя залы-ратонды абодвух паверхаў цэнтральнага паўкруглага эркера. Яшчэ і зараз пад руінамі палаца праглядаюцца вялікія склепы.

Выгляд збоку

Літаграфія 1883 года

Аўтарам апошняга, больш дакладнага спісу экспанатаў музея быў Юзеф Тышкевіч. Ён паведамляе, што калекцыя складалася з 2 залаў, адна з іх была вялікая, другая крыху меньш. Акрамя таго, у зале-сталовай знаходзілася некалькі дзясяткаў радавых партрэтаў гетманаў, біскупаў і архімандрытаў.

Palace Lahojsk

Выява, грунтуючыся на якой і была зроблена літаграфія 1883 года

У 1826-1827 гг. Пій Тышкевіч пабудаваў новую уніяцкую драўляную Мікалаеўскую царкву.

Алоўкавы малюнак палаца

Алоўкавы малюнак палаца

У 1840 г. Лагойск быў невялікім мястэчкам, у цэнтры якога знаходзіўся рынак, які ўзнік на скрыжаванні галоўнай артэрыі руху і меньшай вуліцы. З трох бакоў рынак быў забудаваны хатамі рамеснікаў. Асноўнай вуліцай мястэчка была Віленская, якая вяла да рынка. З супрацьлеглага боку да рынка падыходзіла вуліца Плешчаніцкая. На палац ад рынка вяла вуліца Замкавая. У супрацьлеглым накірунку вуліцы Замкавай ад рынка пачыналася вуліца Спаская. Ад вуліцы Плешчаніцкай амаль паралельна Гайне ішла вуліца Мікольская.

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць